Кадр з карціны "Лебядзіная песня Фёдара Озерава".
Да 3 жніўня ў межах уроцлаўскага міжнароднагага фестывалю «Новыя гарызонты» нашумелая стужка беларускага рэжысёра Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» будзе дэманстравацца анлайн.
Ужо сёння на анлайн-паказ карціны можна набыць квіток за 22 злотых.
Таксама адбудуцца і афлайн-паказы з удзелам каманды фільма ва ўроцлаўскім кінатэатры Kino Nowe Horyzonty 24 і 25 ліпеня.
Дэбютная ігравая стужка Юрыя Сямашкі паўстала ў выніку праекта Інкубатар мікрабюджэтнага кіно, зладжанай Беларускай сеткай фільммейкераў (Belarusian Filmmakers’ Network) на чале з прадзюсарам Леанідам Каліценем. Карціну беларускага рэжысёра падтрымалі літоўскі і нямецкі прадзюсары і кампаніі, на пітчынгу Котбускага фестывалю яна звярнула на сябе ўвагу і ў выніку трапіла на Берлінскі кінафестываль — кіно дэманстравалася ў секцыі «Форум».
Драмедзі з удзелам музыкантаў Вячаслава Кміта, Паўла Гарадніцкага, Міхаіла Зуя распавядае пра музыку ў пошуках «шчаслівага» швэдра, які дапаможа яму напісаць хіт.
Каманда «Новых гарызонтаў» прэзентуе карціну наступным чынам:
«У сваім мікрабюджэтным фільме, паказаным на Берлінскім кінафестывалі, дэбютант з Беларусі свабодна змешвае рэгістры, супастаўляючы міф пра Арфея і Эўрыдыку з фрагментамі паэзіі і анімацыі. І хоць яго творчасць дыхае самаіроніяй, «Лебядзіная песня Фёдара Азёрава» — гэта найперш гісторыя пра параною. Пазіцыя маладога героя Сямашкі адлюстроўвае трывогу эпохі фэйкавых навін і тэорый змовы, калі індывідуалізм і замкнёнасць выступаюць у якасці стратэгіі выжывання пакалення перад тварам нарастаючага інфармацыйнага хаосу».
Юрый Сямашка — беларускі рэжысёр і сцэнарыст, аўтар анімацыйных і ігравых стужак «Як я быў генерал», «Кроў і караоке», «Смеццевая галава» ды іншых. Стужка беларускага рэжысёра «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» на Берлінале-2025 атрымала ўзнагароду ад чытачоў нямецкай газеты «Tagesspiegel».
Пачытаць пра берлінскую прэм’еру стужкі можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram