Фільм пра фанатаў Макса Каржа «Дзвіж» атрымаў узнагароду на фестывалі ў Лодзі
Reform.news · 18 октября 2026, 12:47
https://reform.news/film-pra-fanata-maksa-karzha-dzvizh-atryma-uznagarodu-na-festyvali-lodzi/Дакументальная стужка рэжысёра Аляксандра Гарадка «Дзвіж», знятая для тэлеканала «Белсат», здабыла прыз імя Аляксандра Камінскага на 36-м Фестывалі медыяў «Чалавек у небяспецы» (Festiwal Mediów «Człowiek w Zagrożeniu») у польскай Лодзі. Першым пра ўзнагароду паведаміў «Белсат».
У афіцыйным абгрунтаванні журы адзначыла фільм «за глыбокі партрэт маладых людзей з Украіны, Беларусі і Расіі, якія, нягледзячы на досвед вайны і дыктатуры, знаходзяць у мастацтве і музыцы прастору для дыялогу і ўзаемаразумення». Эксперты падкрэслілі сілу супольнасці, якая нараджаецца па-над палітычнымі падзеламі.
Пра што карціна
Паводле апісання праекта «Белсат Doc», у цэнтры сюжэта — 70 тысячаў украінскіх, беларускіх і расійскіх фанатаў, якія едуць на канцэрт беларускага рэпера Макса Каржа.
Яны належаць да створанай ім субкультуры «Двіж», асновамі якой з’яўляюцца дыстанцыя ад палітыкі, адмаўленне нацыянальных падзелаў і жаданне жыць тут і цяпер. А ці можна жыць у адрыве ад рэальнасці, калі свет гарыць? У выніку фільм атрымаўся эмацыйнай, шматгалоснай аповесцю пра музыку, якая павінна была аб’ядноўваць, і пра свет, які становіцца ўсё больш падзеленым.
Сам рэжысёр Аляксандр Гарадко ў размове з журналістамі падкрэсліў, што свядома імкнуўся да максімальнай нейтральнасці і абышоўся без аўтарскай ацэнкі:
«Гэта хлусня, што дакументалістыка можа быць бесстаронняй і што гэта чыстая фіксацыя рэальнасці. Рэжысёр усё адно выбірае, што ён здымае і што пакідае падчас мантажу — дае сваю аўтарскую пазіцыю. І ў гэтым сэнсе “Дзвіж” быў для мяне выключэннем — я імкнуўся да максімальнай нейтральнасці. Менавіта таму ў фільме некалькі розных герояў, непадобных адно да аднаго, розныя галасы пакалення. Мне важна было стварыць шматгалоссе і размаўляць з гледачом галасамі герояў… Паказаць з’яву і не даваць уласнай ацэнкі», — адзначыў аўтар.
Адзначыла поспех стужкі і галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык:
«На першы погляд фільм пра канцэрт Макса Каржа, а насамрэч — пра цэлае пакаленне, ягоныя супярэчнасці, пошукі свабоды і свайго месца ў свеце», — павіншавала яна творчую каманду.

Даведка
Аляксандр Гарадко — беларускі прадзюсар, рэжысёр дакументальных і ігравых праектаў. У прыватнасці, беларускаму гледачу добра вядомы праект Аляксандра — рэаліці-шоу «Без рэтушы» на Malanka Action.
Стужка «Дзвіж» працягвае сваё фестывальнае жыццё — ужо анансаваны яе ўдзел у конкурсе кінафестывалю ў Шчэціне (Szczecin Film Festival). Пасля завяршэння фестывальнага пракату фільм змогуць пабачыць гледачы «Белсату».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
