Фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» узяў узнагароду за найлепшы дэбют на Фестывалі польскіх ігравых фільмаў у Гдыні

Главное
Рэжысёрка стужкі "Пад шэрым небам" Мара Тамковіч (у цэнтры) і выканаўцы галоўных роляў - Аляксандра Вайцяховіч (злева) і Валянцін Навапольскі (справа) на прэс-канферэнцыі на 49-м фестывалі польскіх ігравых фільмаў у Гдыні. Фота: Anna Bobrowska / KFP.

Ігравая стужка «Пад шэрым небам», натхнёная гісторыяй беларускіх журналістаў Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай, была адзначана на адным з найважнейшых кінааглядаў Польшчы — 49-м фестывалі польскіх ігравых фільмаў у Гдыні. Карціна беларуска-польскай рэжысёркі Мары Тамковіч з’яўлялася адным з фаварытаў кінаагляду — і была ўганаравана ў намінацыі «Найлепшы дэбют».

Як адзначыла Мара Тамковіч перад прэм’ерай у Гдыні, яе фільм — то праўда, вера і надзея. «Я чакаю той прэм’еры стужкі, на якую магла бы прыйсці Кацярына Андрэева», — сказала яна.

Фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» узяў узнагароду за найлепшы дэбют на Фестывалі польскіх ігравых фільмаў у Гдыні
Падчас прэм’еры стужкі на фестывалі ў Гдыні. Фота:Tadeusz Aziewicz.
Фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» узяў узнагароду за найлепшы дэбют на Фестывалі польскіх ігравых фільмаў у Гдыні
Прэс-канферэнцыя падчас 49-га фестывалю польскіх ігравых фільмаў у Гдыні. Фота: Anna Bobrowska / KFP.

Нагадаем, што поўны ігравы метр Мары Тамковіч «вырас» з кароткаметражнага фільма рэжысёркі «У жывым эфіры», які ўвасабляе на экране драматычны момант затрымання журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай падчас стрыму з Плошчы Пераменаў у 2020 годзе. Але «Пад шэрым небам» — гэта ўжо гісторыя шырэйшага плану. І хоць яна ўтрымлівае, як і належна ігравой стужцы, пэўны вымысел, у ёй схопліваюцца тыя рэчы, якія трапляюць у сэрца  — бо ўсё гэта пра Беларусь, пры выбар і тую цану, якую беларусы плоцяць за свабоду. На мяжы магчымасцей.

«Пад шэрым небам» расказвае інтымную, камерную гісторыю журналістаў Лены і Ільі, бліскуча разыграную акторамі Аляксандрай Вайцяхоўскай і Валянцінам Новапольскім, ужо пасля затрымання гераіні сілавікамі. Дзеянне адбываецца ў шэрай, нават «свінцовай» прасторы гвалту і ціску лукашэнкаўскага рэжыму 2020-2023 гадоў, які ўзмацяняецца ад месяца да месяцу. І пры тым, што ў гэтай прасторы немагчыма дыхаць і трываць, вера герояў адно ў аднаго, у справядлівасць, дорыць адчуванне надзеі. Фільм, створаны амаль без пафасу, без эксплуатацыі, кажа пра тое, што калі за што і можна трымацца ў цёмныя часы — то за годнасць і любоў.

Фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» узяў узнагароду за найлепшы дэбют на Фестывалі польскіх ігравых фільмаў у Гдыні
Фота: сацсеткі фестывалю.

Акторка Аляксандра Вайцяхоўская прызналася, што для яе самы складаным падчас працы над роляй было суцішыць свой боль за тых людзей, які знаходзяцца з кратамі, за іх родных, увогуле, за тое, што зараз адбываецца ў Беларусі. Суцішыць боль і стварыць пераканаўчы вобраз. Валянцін Навапольскі, ігра якога была надзвычай далікатнай і, паміж тым, трапнай, лічыць, што ў фільме сцэны без словаў — і ёсць наймацнейшыя.

«Пасля паказу стужкі я нават сказаў Мары, што ў маёй ролі мусіць было яшчэ меней словаў, — сказаў ён падчас QA-сесіі. — Бо гэта самыя моцныя месцы. І не ад маёй ігры, а ад самой гісторыі, ад адчування, што словы ўжо нічога не могуць змяніць, ты нічога не можаш змяніць».

Важна адзначыць, што Мара Тамковіч стварыла свой поўны метр, абапіраючыся на дапамогу, кансультацыі Ігар Ільяша, мужа Кацярыны Андрэевай. У кіно невялікую ролю сыграла Дар’я Чульцова — яна з’яўляецца ў кадры, фатаграфуючы гераіняў-журналістак у час суда.

Фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» узяў узнагароду за найлепшы дэбют на Фестывалі польскіх ігравых фільмаў у Гдыні
Падчас QA-сесіі. Фота: Reform.news.

Аўтарка «Дачкі», «У жывым эфіры» падкрэсліла, што для яе «Пад шэрым небам» сталася спробай зразумець, што адбываецца з Беларуссю пасля 2020 года.

«[Кіно сталася] спробай знайсці надзею, падавалася б, у безнадзейным. І гэтыя спробы завялі мяне да пошуку рэчаў, якія не даюць здавацца, нават калі ты змагаешся з праціўнікам, відавочна мацнейшым за цябе. Мне было важна пашукаць гэтыя рэчы не на ўзроўні вялікага палітычнага дзеяння, а на чалавечым узроўні, на ўзроўні вельмі няпростага, складанага, цяжкога, даўгога, асабістага перажывання гэтага працэсу».

Refom.news удалося паглядзець карціну ў Гдыні і занатаваць уражанні ад прагляду ў некалькіх гледачоў.

Яніна, украінская рэжысёрка, акторка

— Я сама з Украіны, і тэма, якая падымаецца ў стужцы, для мяне не новая. Мы ўсе сачылі за падзеямі 2020 года ў Беларусі, мне распавядалі пра затрыманні — хлопец маёй знаёмай правёў 21 дзень в беларускім СІЗО. Я глядзела шмат стрымаў, тым не менш, гісторыю Кацярыны Андрэевай я пачула ўпершыню. Ведаю, што ёсць шмат беларусаў за кратамі, за іх вызваленне змагаюцца адвакаты, актывісты, праваабаронцы, але, на жаль, пільна за гэтым не сачу. Таму тое, што ведала так, агулам, у гэтай стужцы для меня персанілізавалася ў жывую гісторыю жывых, канкрэтных людзей, пра якіх да таго, як прыйсці на карціну, нічога не ведала.

Тэма палітзняволеных, якія становяцца закладнікамі рэжыму ў турмах, нагадала мне і пра нашу сітуацыю ва Украіне — калі людзі трапляюць у расійскі палон. Актывісты, якія апынуліся на акупаваных тэрыторыях, або неактывісты, я ўжо маўчу пра вайскоўцаў. Я ведаю жанчыну, якая чакае свайго мужа з расійскага палону, і ўсё, што яна пра яго ведае — што ён жывы. І я мяркую, што людзі, якія катуюць палітвязняў — гэта людзі, напэўна, не з Беларусі, бо яны выхаваны так, каб здзекавацца з людзей. Ці можна ж так?! Спадзяюся, што Кацярына Андрэева, якой быў натхнёны галоўны жаночы вобраз, перажыве Лукашэнку, а з ім штосьці дрэннае здарыцца вельмі хутка.

Фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» узяў узнагароду за найлепшы дэбют на Фестывалі польскіх ігравых фільмаў у Гдыні
Фота: Reform.news.

Сяргей, беларускі музыкант

— Пра гэты фільм не скажаш у катэгорыі «спадабаўся/не спадабаўся». Ён зроблены рэалістычна, натуральна, і ад гэтага яго цяжка глядзець. Зроблены не фальшыва. Недзе нейкія моманты бачацца больш мастацкія, але мне падаецца, што ўсё знаходзіцца там, дзе трэба. Канцоўка дакументальная — і ад таго цяжкавата. Але я вельмі рады за Мару, што яна зрабіла такое кіно.

Міша, муж беларускай журналісткі

— Калі я глядзеў, то дзіву даваўся, як усё падобна на мае пачуцці. Мая жонка — журналістка, і я часта за яе перажываў, гэта вельмі трапна схоплена.

Роберт, польскі прадзюсар

— У карціне іграюць фантастычныя акторы. Гісторыя, расказаная ў гэтай стужцы, нагадвае палякам тыя цяжкія часы, што мы ўжо перажылі. І я веру, што для беларусаў яны таксама скончацца.

Галоўную ўзнагроду 49-га фестывалю польскіх ігравых фільмаў у Гдыні ўзяла стужка Агнешкі Холанд «Зялёная мяжа» — экранізаваная адысея пакут людзей на беларуска-польскай мяжы.

Чытаць рэцэнзію на фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: