Фільм Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» — на фестывалі «Новыя гарызонты» ва Уроцлаве. Будуць зладжаны як афлайн, так і анлайн-паказы стужкі

Удзельнік Берлінале-2025, фільм «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» трапіў у праграму польскага міжнароднага фестывалю «Новыя гарызонты», які пройдзе ў ліпені ва Уроцлаве. Нашумелую карціну Юрыя Сямашкі можна будзе паглядзець на вялікім экране ў горадзе над Одрай, а таксама анлайн.

Фэст «Новыя гарызонты», заснаваны ў 2001 годзе, пазіцыянуе сябе пляцоўка для прэзентацыі смелага мастацкага кіно. Ён прадугледжвае як традыцыйныя афлайн-паказы і сустрэчы творцаў з гледачамі, так і анлайн-прагляды стужак.

Карціна з музыкай Вячаславам Кмітам у галоўнай ролі будзе дэманстравацца на кінафоруме ў межах секцыі «Адкрыцці».

20, 24 і 25 ліпеня можна будзе трапіць на дэбютны поўны метр стваральніка «Кроў і караоке» ва ўроцлаўскі кінатэатр Kino Nowe Horyzonty. З 17 ліпеня па 3 жніўня фестываль дае магчымасць паглядзець «Лебядзіную песню Фёдара Озерава» анлайн.

Драмедзі пра музыку ў пошуках «шчаслівага» швэдра, які дапаможа напісаць хіт, каманда «Новых гарызонтаў» прэзентуе наступным чынам:

«У сваім мікрабюджэтным фільме, паказаным на Берлінскім кінафестывалі, дэбютант з Беларусі свабодна змешвае рэгістры, супастаўляючы міф пра Арфея і Эўрыдыку з фрагментамі паэзіі і анімацыі. І хоць яго творчасць дыхае самаіроніяй, «Лебядзіная песня Фёдара Азёрава» — гэта найперш гісторыя пра параною. Пазіцыя маладога героя Сямашкі адлюстроўвае трывогу эпохі фэйкавых навін і тэорый змовы, калі індывідуалізм і замкнёнасць выступаюць у якасці стратэгіі выжывання пакалення перад тварам нарастаючага інфармацыйнага хаосу».

Нагадаем, што стужка беларускага рэжысёра на Берлінале атрымала ўзнагароду ад чытачоў нямецкай газеты «Tagesspiegel».

Міжнародны кінафестываль BNP Paribas New Horizons, які сёлета святкуе 25-годдзе, ладзіцца сёлета з вялікімі размахам. На кінафоруме пакажуць 272 фільмы, будуць задзейнічаны розныя лакацыі, ва Уроцлаў прыедуць больш за 500 гасцей з усяго свету, у тым ліку, такія кінематаграфісты як: Клебер Мендонса Філья, Анка і Вільгельм Сасналь, Сяргей Лазніца, Марцін Масецкі, Раду Жуде, Габрыэль Маскара ды іншыя творцы.

Квіткі на фестываль будуць даступныя з 3 ліпеня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!