Стужка беларускага рэжысёра Антона Жука «Усё ў парадку» ўзяла ўзнагароду ў конкурсе кароткаметражных фільмаў Котбускага міжнароднага кінафестывалю ў Германіі.
У конкурсе кароткаметражных фільмаў прымалі ўдзел 12 карцін, у тым ліку ўганараваная карціна беларускай рэжысёркі Мары Тамковіч «У жывым эфіры».
Але журы ў складзе казахскай прадзюсеркі Юліі Кім, прадзюсаркі з Берліна Францыскі Гартнер, патсдамскага акцёра Томаса Дрэхселя выбрала «трылер пра сталенне» Антона Жука.
Журы так абгрунтавала свой выбар: «Гэты фільм добра прадуманы ва ўсіх адносінах. Ён паказвае толькі невялікі момант жыцця, але з такой колькасцю слаёў, якія адкрываюць поле бою чалавечай душы».
«Хутар у правінцыі Беларусі. Узброены самаробнай зброяй хлопчык рэпеціруе воінскія позы. Ці заб’е ён велічную хатнюю свінню? Напружаны трылер, які распавядае ні больш ні менш як аб каранях гвалту», — так гучыць анатацыя да стужкі беларускага кінематаграфіста.
Антон Жук нарадзіўся ў 1999 годзе ў Мінску. У 2020 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысёр кіно і тэлебачання». У цяперашні час з’яўляецца рэжысёрам-фрылансерам, працуе пераважна над рэкламнымі праектамі.
Раней стужка Антона ўдзельнічала ў фестывалі «Бульбамуві».
Гэтаксама ў Котбускім фэсце былі паказаныя працы беларускага аўтара Арцёма Лобача.
МКФ у Котбусе – фестываль усходнееўрапейскага кіно, які дае магчымасць пазнаёміцца з сучаснымі фільмамі кінематаграфій розных рэгіёнаў. У ім у папярэднія гады прымалі ўдзел працы: Улады Сяньковай, Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, Андрэя Кудзіненкі, Дар’і Юркевіч, Мікіты Лаўрэцкага, Дзмітрыя Махамета, Максіма Шведа ды іншых беларускіх аўтараў. Сёлета фестываль ладзіцца з 7 па 12 лістапада.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: