Reform.news

Filamaty, Бенька, Знак і Левандоўская: чым здзівіць XXXI «Бардаўская восень» у Бельску-Падляшскім

Reform.news · 17 октября 2026, 14:45

https://reform.news/filamaty-benka-znak-i-levando-skaja-chym-zdzivic-xxxi-barda-skaja-vosen-u-belsku-padljashskim/

23–24 кастрычніка ў Бельску-Падляшскім адбудзецца XXXI Фестываль беларускай бардаўскай і аўтарскай песні «Бардаўская восень». Сёлетні фэст годна злучае генерацыі і фарматы: ад жывой сустрэчы з Максімам Знакам і тэатральнай пастаноўкі «Купалаўцаў» да рок-прэм’еры ад гурта Filamaty, выступу Светы Бень і .К з альбомам «Карова белая» ды канцэрта 15-гадовай пераможцы конкурсу Магдалены Левандоўскай.

Заснаваны ў 1994 годзе па ініцыятыве Звязу беларускай моладзі ў Польшчы, фестываль ужо тры дзесяцігоддзі застаецца месцам беларускай песеннай культуры. Ключавой асобай імпрэзы быў і ёсць паэт, мастак і дызайнер Міхал Анемпадыстаў, які шмат гадоў уваходзіў у журы і дапамагаў фармаваць эстэтыку «Бардаўскай восені». Сёння арганізатары з Фонду Tutaka працягваюць гэтую традыцыю, спалучаючы класічную бардаўскую акустыку з сучасным рокам, тэатрам і кіно.

Вынікі галасавання і новая пераможца

У межах традыцыйнага конкурсу маладых выканаўцаў арганізатары ладзяць адкрытае анлайн-галасаванне, каб слухачы маглі самі вызначыць свайго фаварыта. Сёлета ў гэтым конкурсе найбольшую колькасць галасоў набрала Магдалена Анастасія Левандоўская — за яе прагаласавалі 152 чалавекі.

Магдалене 15 гадоў, з якіх дзевяць яна займаецца фартэпіяна. Апошні год дзяўчына стварае ўласную музыку — спявае на вершы сваёй мамы і аўтарскія тэксты. Нягледзячы на юны ўзрост, яна ўжо здабыла першыя месцы на конкурсах «PikToGraMy», «Беларуская песня для дзяцей» і «Sing a Song», а таксама атрымала адзнакі на фестывалях «BigBeat» і «Wiosenny Powiew». Выступ Магдалены на «Бардаўскай восені» стане магчымасцю пачуць, якім бачыць беларускую песню новае пакаленне.

Праграм фэсту: уваход вольны

Двухдзённая праграма фестывалю прапануе наведвальнікам рэдкі баланс фарматаў: ад тэатральнай дакументалістыкі і літаратурных сустрэч да прэзентацыі музычных рэлізаў ды жывога рока.

23 кастрычніка, пятніца (пачатак а 17:00)

17:00 — Спектакль «Зекамерон» (тэатр «Вольныя Купалаўцы»)

Пастаноўка рэжысёра Войцеха Урбанскага паводле дакументальнай аповесці Максіма Знака, якую ён напісаў у лістах да сям’і з СІЗА. Гэта аповесць пра тое, што адбываецца за кратамі і як у цяжкіх умовах застацца чалавекам.
На сцэне: Алег Гарбуз, Сяргей Чуб, Уладзімір Пугач. (Спектакль ідзе па-беларуску з польскімі субцітрамі).

Сустрэча і песні пад гітару з Максімам Знакам

Адвакат, паэт і аўтар «Зекамерона», які напрыканцы 2025 года выйшаў на волю, завітае на «Бардаўскую восень» у суцэльна олдскульным фармаце — з гітарай, аўтарскімі песнямі і шчырай размовай пра творчасць ды свой шлях да беларускага слова. Мадэратарка: Таццяна Нядбай.

Прэзентацыя альбома гурта Filamaty

Спецыяльны музычны акцэнт вечара — выступ новага гурта Filamaty, заснаванага музыкамі Relikt (Алесь Дземідзенка, Віталь Макшун, Зміцер Наркевіч) і паэтам ды музыкай Уладзем Лянкевічам (Syndrom Samazvanca, SnopSnoŭ, ex-TonqiXod). Літаральна напярэдадні фестывалю, 21 кастрычніка, у гурта выходзіць дэбютны альбом, таму канцэрт у Бельску-Падляшскім стане яго першай афіцыйнай сцэнічнай прэзентацыяй. Праграма — гэта спроба пераасэнсаваць гісторыю філаматаў XIX стагоддзя праз сучасны гітарны рок, гранж і сёрф.

24 кастрычніка, субота (пачатак а 17:00)

17:00 — Фільм «Sokrat» і дыскусія

Дакументальны кінапартрэт рэжысёра Мікалая Ваўранюка пра Сакрата Яновіча — выдатнага пісьменніка і грамадскага дзеяча з Беласточчыны, якога звалі «Пісьменнікам Абодвух Народаў».Пасля паказу: дыскусія пра памяць  і шматкультурную тоеснасць з мадэратаркай Алінай Ваўранюк.

Выступы пераможцаў конкурсу «Бардаўская восень»

  • Магдалена Анастасія Левандоўская — 15-гадовая выканаўца, пераможца глядацкага галасавання 2026 года.
  • Юстына Карпіловіч — лаўрэатка конкурсу 2025 года, якая ўжо паспела выдаць два аўтарскія альбомы і вяртаецца на фестывальную сцэну з паўнавартасным сольным канцэртам.

Света Бень і .К: прэзентацыя альбома «Карова белая»

Кульмінацыяй фестывалю стане выступ тандэма Светы Бень і Яўгена Кучмейны (.К). Музыкі прывозяць у Бельск Падляшскі сумесны альбом «Карова белая», запісаны ў мабільнай студыі на Беласточчыне. На сцэне прагучаць усе 14 песень з гэтага рэліза, а таксама знаёмыя кампазіцыі Светы ў новых аранжыроўках.

Час і месца падзеі: 23–24 кастрычніка, пачатак а 17:00, Бельскі дом культуры (Bielsk Podlaski, ul. 3 Maja 2). Уваход: свабодны на ўсе падзеі абедзвюх дзён.

«Бярыце з сабой усіх, каго любіце, і прыходзьце ў Бельскі дом культуры — там будзе на што паглядзець і каго паслухаць», — запрашаюць арганізатары.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий