Фестываль мастацтва «Арт-Мінск» адкрыўся ў сталіцы

З 12 мая ў Палацы мастацтва ў Мінску праходзіць адзін з самых яркіх і значных фестываляў мастацтва ў краіне — «Арт-Мінск 2023», — так паведамляе анатацыя да выставы.

Фэстывалі «Арт-Мінск» праводзяцца, пачынаючы з 2018-га. Ініцыятарам быў Віктар Бабарыка. «Арт-Мінск» дапаўняў «Восеньскі салон», штогадовы праект, пачаты ў 2015 годзе, дзе прадстаўляецца і прадаецца толькі маладзёжнае мастацтва.

Фрагмент экспазіцыі выставы «Арт-Мінск». Фота: Reform.by.

Мэтай абодвух праектаў было стымуляванне і развіццё арт-рынку. І абодва праекты прэтэндавалі на мастацкую значнасць. Але калі «Восеньскі салон» пазіцыянаваўся як выстава-продаж, то «Арт-Мінск» — як фестываль мастацтва, ён займаў буйныя пляцоўкі, у асноўным Палац мастацтва і Нацыянальную бібліятэку.

Працавала журы, адсейваліся непрафесійныя працы, запрашаліся замежныя куратары, якія займаліся асэнсаванай развескай работ, што прайшлі адбор.

Фрагмент экспазіцыі выставы «Арт-Мінск». Фота: Reform.by.

Адбор работ на выставу ажыццяўляўся прафесійным журы згодна з мастацкіямі крытэрыямі, аднак у 2022 здарыўся скандал: адбор журы перагледзелі, у выніку каля сарака работ было знята з экспазіцыі. Працы прасеялі па палітычных «чорных спісах» непажаданых аўтараў.

Фрагмент экспазіцыі выставы «Арт-Мінск». Фота: Reform.by.

А ў пачатку сакавіка гэтага года Саюз мастакоў паведаміў, што ў адпаведнасці з Кодэксам аб культуры ўсе арганізатары выстаў, незалежна ад форм уласнасці, павінны падаваць ва ўладныя структуры спісы ўдзельнікаў, а таксама — пералік твораў з іх фотаздымкамі.

Людміла Землякова. Алесь у бярозавым гаі. 2023. Фота: Reform.by.

Той факт, што спіс аўтараў любых выстаў сёння ў Беларусі ўзгадняецца, вельмі выразна адбіўся на колькасці ўдзельнікаў і на якасці экспазіцыі сёлетняга «Арт-Мінска».

Алеся Скарабагатая. Позная вячэра. 2023. Фота: Reform.by.

Параўнаем дзве афішы. Калі ў 2020-м на «Арт-Мінск» было адабрана больш за 400 аўтараў, то цяпер іх колькасць зменшылася ў два разы. У спісе каля 200 прозвішчаў. Большасць з іх не на слыху ў прафесійных колах. Такое ўражанне, што вядомых творцаў замянілі студэнты Акадэміі мастацтваў і самадзейныя аўтары.

Усевалад Швайба. П’ета. З серыі «Хатынь». 2022. Фота: Reform.by.

Экспазіцыя ў Палацы мастацтва выглядала разнароднай і няроўнай па ўзроўні — ад гіперрэалізму да дэкаратывізму і кічу. Як кажуць у такіх выпадках куратарскага правалу: кожны мог знайсці твор паводле свайго густу.

Таццяна Маклянцова. З серыі «Сутнасць квадрата». 2022. Фота: Reform.by.

Аднак, як паказвае практыка, «чорныя спісы» — ужо не з’яўляюцца ісцінай у апошняй інстанцыі. Праверачная камісія можа завітаць на любую выставу, каб прасачыць адсутнасць непажаданых аўтараў, але яна ж можа і зняць творы, што не падабаюцца чынавенству. Напрыклад, занадта драматычна пададзена чалавечая фігура… Верагодна, хутка можна чакаць абвінавачанняў у «дэгенератыўным мастацтве» ад спецыялістаў у штацкім?

Анастасія Чадзій. Бабуля з Палесся. 2023. Фота: Reform.by.

Нагадаем, што творы на выставе прадаюцца. Па QR-коду на этыкетцы можна прачытаць інфармацыю аб кожнай працы і яе аўтары, а таксама паглядзець увесь каталог на анлайн-платформе па продажы мастацтва Artcenter.by, каб выбраць і прагаласаваць за ўпадабаны твор на выставе.

Міжнародны фестываль мастацтва «Арт-Мінск» будзе працаваць па 18 чэрвеня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.