З 12 мая ў Палацы мастацтва ў Мінску праходзіць адзін з самых яркіх і значных фестываляў мастацтва ў краіне — «Арт-Мінск 2023», — так паведамляе анатацыя да выставы.
Фэстывалі «Арт-Мінск» праводзяцца, пачынаючы з 2018-га. Ініцыятарам быў Віктар Бабарыка. «Арт-Мінск» дапаўняў «Восеньскі салон», штогадовы праект, пачаты ў 2015 годзе, дзе прадстаўляецца і прадаецца толькі маладзёжнае мастацтва.
Мэтай абодвух праектаў было стымуляванне і развіццё арт-рынку. І абодва праекты прэтэндавалі на мастацкую значнасць. Але калі «Восеньскі салон» пазіцыянаваўся як выстава-продаж, то «Арт-Мінск» — як фестываль мастацтва, ён займаў буйныя пляцоўкі, у асноўным Палац мастацтва і Нацыянальную бібліятэку.
Працавала журы, адсейваліся непрафесійныя працы, запрашаліся замежныя куратары, якія займаліся асэнсаванай развескай работ, што прайшлі адбор.
Адбор работ на выставу ажыццяўляўся прафесійным журы згодна з мастацкіямі крытэрыямі, аднак у 2022 здарыўся скандал: адбор журы перагледзелі, у выніку каля сарака работ было знята з экспазіцыі. Працы прасеялі па палітычных «чорных спісах» непажаданых аўтараў.
А ў пачатку сакавіка гэтага года Саюз мастакоў паведаміў, што ў адпаведнасці з Кодэксам аб культуры ўсе арганізатары выстаў, незалежна ад форм уласнасці, павінны падаваць ва ўладныя структуры спісы ўдзельнікаў, а таксама — пералік твораў з іх фотаздымкамі.
Той факт, што спіс аўтараў любых выстаў сёння ў Беларусі ўзгадняецца, вельмі выразна адбіўся на колькасці ўдзельнікаў і на якасці экспазіцыі сёлетняга «Арт-Мінска».
Параўнаем дзве афішы. Калі ў 2020-м на «Арт-Мінск» было адабрана больш за 400 аўтараў, то цяпер іх колькасць зменшылася ў два разы. У спісе каля 200 прозвішчаў. Большасць з іх не на слыху ў прафесійных колах. Такое ўражанне, што вядомых творцаў замянілі студэнты Акадэміі мастацтваў і самадзейныя аўтары.
Экспазіцыя ў Палацы мастацтва выглядала разнароднай і няроўнай па ўзроўні — ад гіперрэалізму да дэкаратывізму і кічу. Як кажуць у такіх выпадках куратарскага правалу: кожны мог знайсці твор паводле свайго густу.
Аднак, як паказвае практыка, «чорныя спісы» — ужо не з’яўляюцца ісцінай у апошняй інстанцыі. Праверачная камісія можа завітаць на любую выставу, каб прасачыць адсутнасць непажаданых аўтараў, але яна ж можа і зняць творы, што не падабаюцца чынавенству. Напрыклад, занадта драматычна пададзена чалавечая фігура… Верагодна, хутка можна чакаць абвінавачанняў у «дэгенератыўным мастацтве» ад спецыялістаў у штацкім?
Нагадаем, што творы на выставе прадаюцца. Па QR-коду на этыкетцы можна прачытаць інфармацыю аб кожнай працы і яе аўтары, а таксама паглядзець увесь каталог на анлайн-платформе па продажы мастацтва Artcenter.by, каб выбраць і прагаласаваць за ўпадабаны твор на выставе.
Міжнародны фестываль мастацтва «Арт-Мінск» будзе працаваць па 18 чэрвеня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: