Фестываль «Блізкі Усход» пройдзе ў Любліне ў другі раз.
Ідэя яго нарадзілася пасля пратэстаў і рэпрэсій у Беларусі, у выніку якіх у краіне ўзніклі складанасці з рэалізацыяй творчых праектаў. Тады ў Польшчы і задумалі фестываль, каб стварыць прастору для артыстаў з Беларусі.
У 2022-м у праграме былі таксама імпрэзы з удзелам украінскіх і літоўскіх артыстаў. Тады фестываль адкрыў украінскі спектакль для дзяцей «Звяры — маленькія споведзі». Адбылася прэм’ера спектакля «Гусі-людзі-лебедзі» паводле рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы».
Сёлета фестываль распачынаецца 11 снежня.
Слоганам другога фестывалю з’яўляецца «Запрашэнне ў пекла», гэта назва адной з песень Яцэка Качмарскага, — паведамляе Беларуская Служба Polskie Radio ў справаздачы з прэс-канферэнцыі.
Дырэктар фестывалю рэжысёр Павал Пасіні анансаваў канцэрт песень барда «Салідарнасці», якія праспяваюць незалежны тэатральны калектыў «Купалаўцы». Мерапрыемства адбудзецца ў рамках святкавання ў Любліне гадавіны ўвядзення ў Польшчы ваеннага становішча.
«Думаю, што гэта будзе цікавае мерапрыемства, таму што людзі, якія яшчэ памятаюць ваеннае становішча, будуць слухаць песні ў выкананні людзей, якія цяпер знаходзяцца ў такой сітуацыі», – сказаў Пасіні.
Таксама рэжысёр патлумачыў, што ў Любліне ўдалося стварыць важнае месца для беларускага незалежнага тэатра, якое б хацелася захаваць.
Падчас фестывалю, які будзе праходзіць цэлы тыдзень, свае праекты пакажуць незалежныя артысты з Беларусі і Украіны.
Напрыклад, будуць паказаны спектакль «Z@klęcie», заснаваны на архаічных песнях і рытуалах, ад 2.0 Theatre; «Clausa fores («Доўгачаканая вечарына») у пастаноўцы Юры Дзівакова, дзве манадрамы — «У пошуках дыктатара» беларускага фатографа Змітра Вайноўскага і Зоі Белахвосцік «Mоj Hleb», спектакль «Час сэканд-хэнд» у пастаноўцы Уладзіміра Пятровіча паводле апошняй кнігі Святланы Алексіевіч і «Камедыю Юдзіф» у пастаноўцы Паўла Пасіні.
Пазнаёміцца з усёй праграмай можна на сайце мерапрыемства.
Фестываль «Блізкі Усход» сёлета пройдзе 11-17 снежня ў Культурным цэнтры ў Любліне. Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны. На драматычныя лабараторыі — папярэдні запіс.