Джым Джармуш атрымаў «Залатога льва» Венецыянскага кінафестываля. Гэта першая вышэйшая ўзнагарода сусветнавядомага рэжысёра

Класік сусветнага кіно Джым Джармуш атрымаў сваю першую вышэйшую ўзнагароду на Венецыянскім кінафестывалі — «Залатога льва». Учора на цырымоніі закрыцця кінафоруму журы назвала яго фільм «Бацька, маці, сястра, брат» («Father Mother Sister Brother») найлепшай стужкай Венецыянскай Мостры.

Новая карціна Джыма Джармуша распавядае пра адносіны паміж дарослымі дзецьмі, іх бацькамі, а таксама адзін з адным — брата з сястрой. Фільм пабудаваны ў форме трыпціха, дзеянне кожнай часткі адбываецца ў розных краінах: частка «Бацька» здымалася на паўночным усходзе ЗША, «Маці» — у Дубліне, «Сястра, брат» — у Парыжы. Фільм уяўляе сабой серыю даследаванняў персанажаў: ціхіх, назіральных і неасуджальных — камедыя, але пераплеценая з ніткамі меланхоліі.

«Гэта свайго роду антыэкшн-фільм, яго тонкі і спакойны стыль старанна выбудаваны так, каб дробныя дэталі назапашваліся, — амаль як кветкі, акуратна размешчаныя ў трох далікатна складзеных кампазіцыях», — распавядаў пра новую працу амерыканскі рэжысёр. У стужцы здымаліся вядомыя артысты: Том Уэйтс, Адам Драйвер, Маім Бялік, Шарлота Рэмплінг, Кейт Бланшэт, Вікі Крыпс, Сара Грын, Індыя Мур, Лука Сабат, Франсуаза Лебрун.

Кадр з фільма «Бацька, маці, сястра, брат».

Кінааналітык, адборшчык шматлікіх міжнародных кінафестываляў, экс-праграмны дырэктар фестываля «Лістапад» Ігар Сукманаў назваў новую стужку аўтара «Кавы і цыгарэтаў», «Мертвяка», «Выжывуць толькі каханкі», «Ночы на зямлі» «цудоўным псіхалагічным эцюдным трыпціхам у празрыстай, акварэльнай прастаце».

Іншыя галоўныя ўзнагароды Венецыянскай Мостры-2025 размеркаваліся наступным чынам:

  • «Сярэбраны леў» – вялікі прыз журы: «Голас Хінд Раджаб» («The Voice of Hind Rajab») Каўтэр Бэн Ханіі (Туніс, Францыя)
  • «Сярэбраны леў» – прыз за найлепшую рэжысуру: Бэні Сэфдзі за фільм «Машына, што разбівае» («The Smashing Machine» (ЗША)
  • «Кубак Волпі» за найлепшую жаночую ролю: Сінь Чжылей у фільме «Узыходзіць сонца над усімі намі» («Ri Gua Zhong Tian») Цай Шанцзюня (Кітай)
  • «Кубак Волпі» за найлепшую мужчынскую ролю: Тоні Сервіла ў фільме «Ласка» («La Grazia») Паола Сарэнціна (Італія)
  • Прыз за найлепшы сцэнарый: Валеры Данзэлі і Жыль Маршан за фільм «За працай» («À Pied D’Œuvre») Валеры Данзэлі (Францыя)
  • Спецыяльны прыз журы: «Пад хмарамі» («Sotto Le Nuvole») Джанфранка Розі (Італія)
  • Прыз Марчэла Мастраяні найлепшаму маладому акцёру ці актрысе: Луна Ведлер у фільме «Ціхі сябар» («Silent Friend») Ільдзіко Эньедзі (Германія, Венгрыя, Францыя)

Журы 82-й Венецыянскай Мостры ў складзе Стэфана Брызе, Мауры Дэльпера, Крысціяна Мунджыу, Махамада Расулофа, Фернанда Торэс і Чжаа Тао ўзначальваў Аляксандр Пэйн.

Сёлета Венецыянскі кінафестываль праходзіў з 27 жніўня па 6 верасня.

Падрабязней пра ўсе ўзнагароды фэсту можна дазнацца тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!