Дзе здымаецца былы купалавец Павел Харланчук, які ў 2021 годзе пачаў працаваць у Расіі?

У 2020 годзе беларускі актор Павел Харланчук быў адным з купалаўцаў, які выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю тагачаснаму міністру культуры і быў звольнены з тэатра. У адрозненне ад большасці калег, Павел з пачаткам рэпрэсій вырашыў рушыць не на Захад, а на Усход.

У 2021 годзе артыст быў прыняты ў трупу Маскоўскага Губернскага тэатра пад кіраўніцтвам Сяргея Бязрукава. Прайшло чатыры гады. Reform.news пацікавіўся, у якіх праектах сёння іграе беларускі артыст.

Павел Харланчук вядомы не толькі сваімі прафесійнымі дасягненнямі, але і тым, што ён — бацька пецярых дзяцей. Яго жонка мае рускія карані. Магчыма, гэтым можна патлумачыць яго выбар шляху ў 2021 годзе?

На сёння творца задзейнічаны ў двух спектаклях у Маскоўскім губернскім тэатры — «Нашла коса на камень» і «Без вины виноватые», адзначаецца на сайце ўстановы. У прынцыпе, гэта тыя пастаноўкі, на якія быў запрошаны артыст яшчэ ў 2021-м, але актор таксама іграе ролю Пятра Трафімава ў «Вішнёвым садзе», быў заняты ў спектаклі «Сорак першы», яго ўдзел заўважаны і ў эскізе камедыі «Чайка» ў рэжысуры Бязрукава.

Але з 2021 года змянілася шмат. І ў прыватнасці, на сайце маскоўскага тэатра з’явілася ўкладка «Участникам СВО», дзе адзначаецца, што «Московский губернский театр предоставляет бесплатный вход по квоте на мероприятия участникам СВО и членам их семей».

Павел Харланчук у «Вішнёвым садзе». Фота: Германа Жыгунова.

Літаральна ўчора на расійскіх кінапарталах з’явіўся тызер серыяла «Вампіры сярэдняй паласы» — у гэтым слынным праекце таксама прымае ўдзел Павел. Былы купалавец іграе ў стужцы вампіра-паляўнічага Улада.

Варта адзначыць, што першы сезон серыяла, які распавядае пра жыццё клана крывапійцаў пад Смаленскам, выйшаў яшчэ ў 2021 годзе. Ён атрымаў добрыя водгукі крытыкаў і гледачоў і быў названы адным з найлепшых серыялаў за той перыяд.

Павел Харланчук пачаў здымацца ў праекце, пачынаючы з другога сезона. Яго персанаж з’яўляецца і ў апошнім, дзе супрацьстаянне паміж смаленскімі вампірамі і ўральскімі дасягае свайго апагею.

Павел Харланчук на постары да серыяла «Вампіры сярэдняй паласы».

У цэлым артыст здымаецца ў расійскім тэлекіно шмат, яго распаўсюджанае амплуа — гэта дэтэктыў-следчы ці герой-каханак. Аднак калі тых жа «Вампіраў сярэдняй паласы» можна назваць нейтральным з пункту гледжання ідэалогіі, то з’яўленне былога купалаўца ў серыялах так званай «патрыятычнай скіраванасці» выклікае шчырае непаразуменне.

Гаворка — пра расійскія ваенныя праекты з дэтэктыўнай інтрыгай, дзеянне якіх адбываецца падчас Вялікай Айчыннай вайны. Іх прэм’еры на тэлебачанні звычайна прымяркоўваюцца да 9 траўня.

Так, у 2025 годзе Павел Харланчук зняўся ў серыяле ў жанры шпіёнскага дэтэктыва «Па следзе звера»  — пра савецкіх разведчыкаў. Ён сыграў «Аўгуста» — смершаўца, які намагаецца дазнацца пра падрабязнасці аперацыі «Атлантыда», распрацаванай гітлераўцамі. Постаць яго героя раскрываецца цягам фільма.

Постар да серыялу «Па следзе звера». Фота: kinopoisk.ru.

У 2024 годзе беларускі артыст з’яўляецца ў абліччы пілота Лабанава ў ваеннай драме «Знішчальнікі. Бітва за Крым» — дзе гаворка ідзе пра вызваленне ад фашыстаў неба Крыма падчас Вялікай Айчыннай вайны. (У гэтым жа серыяле іграе і беларускі актор Анатоль Кот — у які раз у ролі нягодніка-НКВД-ніка).

У ваенным дэтэктыве «Кацюша» (2022) творца сыграў камандзіра інжынерна-сапёрнай роты. Прэм’ера серыяла была таксама прымеркавана да 9 мая.

Постар да серыялу «Кацюша». Фота: kinopoisk.ru.

Свежы праект у фільмаграфіі Паўла — ужо «звычайны», а не ваенны дэтэктыў — серыял «Таксапарк № 13» (2025). Тут герой, якога ўвасабляе артыст, — інспектар ДАІ, які ўладкоўваецца ў таксапарк, каб расследаваць забойства сваёй жонкі.

Заўважна, што Павел трымае планку акторскай ігры нават і ў «другасортных» праектах. Але пытанне ў іншым — у тым, што выкананыя ім ролі аказваюцца ўпісанымі ў кантэкст расійскай прапаганды. Асабліва гэта датычыцца ваенных стужак, якія ў жанравым фармаце эксплуатуюць мілітарысцкі дыскурс. У некаторых серыялах з’яўляецца згадка пра сталінскія рэпрэсіі, але нікуды не знікае наратыў пра «вялікі СССР», спадкаемцай якога па змоўчванні з’яўляецца Расія пад кіраўніцтвам моцнага лідара.

Постар да серыялу «Таксапарк». Фота: kinopoisk.ru.

Reform.news звярнуўся да калег Паўла Харланчука з просьбай распавесці пра магчымыя прычыны, праз якія творца знаходзіцца ў цяперашняй сітуацыі.

Большасць артыстаў адказала, што ўжо некалькі гадоў не мае сувязі з Паўлам. Бачна, што купалаўцам цяжка было каментаваць дзеянні калегі.

«Гэта яго жыццё, яго выбар», — коратка выказаў свае меркаванне Ігар Сігоў. Артыст дадаў, што не зразумеў рашэнне Паўла паехаць у Расію яшчэ ў 2021 годзе.

«Але кожны можа рабіць крокі, якія лічыць вартымі», — дадаў ён.

Адна з каляжанак усё ж пагадзілася паразважаць на гэты конт, адзначыўшы, што ў 2023 годзе Паўлу Харланчуку давялося прайсці праз цяжкі развод.

«Вядома, мне цяжка зразумець, як так выйшла, [што Павел здымаецца ў падобных праектах], — сказала яна. — У чалавека з ягонай біяграфіяй. Я заўсёды цёпла ставілася да Пашы, ён быў для мяне чалавекам з пазіцыяй. Таму я шчыра веру, што ў Пашы на ўсё гэтае *аўно маецца нейкая вагомая прычына, якую я проста не ведаю. Альбо я проста хачу так думаць», — падсумала творца.

Павел Харланчук — беларускі тэатральны і кінаактор, рэжысёр. Працаваў у 2000-х у Горкаўскім тэатры, з якога быў звольнены ў 2006 годзе за палітычныя перакананні. З 2010 года — у Купалаўскім. Адтуль быў звольнены ў 2020 годзе за выказаны разам з калегамі пратэст супраць гвалту. З лета 2021-га працуе ў Маскоўскім губернскім тэатры.

Добра вядомы па ролях у фільмах і серыялах: «Участак лейтэнанта Качуры», «Тум-Пабі-Дум», «Лекі для Веры», «Дзяржаўная мяжа», «Талаш», «Рыжык у Залюстрэччы», «Сляды апосталаў», «Белыя Росы. Вяртанне», ды іншыя. Выхоўвае пецярых дзяцей, двое з іх — прыёмныя.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!