У 2020 годзе беларускі актор Павел Харланчук быў адным з купалаўцаў, які выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю тагачаснаму міністру культуры і быў звольнены з тэатра. У адрозненне ад большасці калег, Павел з пачаткам рэпрэсій вырашыў рушыць не на Захад, а на Усход.
У 2021 годзе артыст быў прыняты ў трупу Маскоўскага Губернскага тэатра пад кіраўніцтвам Сяргея Бязрукава. Прайшло чатыры гады. Reform.news пацікавіўся, у якіх праектах сёння іграе беларускі артыст.
Павел Харланчук вядомы не толькі сваімі прафесійнымі дасягненнямі, але і тым, што ён — бацька пецярых дзяцей. Яго жонка мае рускія карані. Магчыма, гэтым можна патлумачыць яго выбар шляху ў 2021 годзе?
На сёння творца задзейнічаны ў двух спектаклях у Маскоўскім губернскім тэатры — «Нашла коса на камень» і «Без вины виноватые», адзначаецца на сайце ўстановы. У прынцыпе, гэта тыя пастаноўкі, на якія быў запрошаны артыст яшчэ ў 2021-м, але актор таксама іграе ролю Пятра Трафімава ў «Вішнёвым садзе», быў заняты ў спектаклі «Сорак першы», яго ўдзел заўважаны і ў эскізе камедыі «Чайка» ў рэжысуры Бязрукава.
Але з 2021 года змянілася шмат. І ў прыватнасці, на сайце маскоўскага тэатра з’явілася ўкладка «Участникам СВО», дзе адзначаецца, што «Московский губернский театр предоставляет бесплатный вход по квоте на мероприятия участникам СВО и членам их семей».

Літаральна ўчора на расійскіх кінапарталах з’явіўся тызер серыяла «Вампіры сярэдняй паласы» — у гэтым слынным праекце таксама прымае ўдзел Павел. Былы купалавец іграе ў стужцы вампіра-паляўнічага Улада.
Варта адзначыць, што першы сезон серыяла, які распавядае пра жыццё клана крывапійцаў пад Смаленскам, выйшаў яшчэ ў 2021 годзе. Ён атрымаў добрыя водгукі крытыкаў і гледачоў і быў названы адным з найлепшых серыялаў за той перыяд.
Павел Харланчук пачаў здымацца ў праекце, пачынаючы з другога сезона. Яго персанаж з’яўляецца і ў апошнім, дзе супрацьстаянне паміж смаленскімі вампірамі і ўральскімі дасягае свайго апагею.

У цэлым артыст здымаецца ў расійскім тэлекіно шмат, яго распаўсюджанае амплуа — гэта дэтэктыў-следчы ці герой-каханак. Аднак калі тых жа «Вампіраў сярэдняй паласы» можна назваць нейтральным з пункту гледжання ідэалогіі, то з’яўленне былога купалаўца ў серыялах так званай «патрыятычнай скіраванасці» выклікае шчырае непаразуменне.
Гаворка — пра расійскія ваенныя праекты з дэтэктыўнай інтрыгай, дзеянне якіх адбываецца падчас Вялікай Айчыннай вайны. Іх прэм’еры на тэлебачанні звычайна прымяркоўваюцца да 9 траўня.
Так, у 2025 годзе Павел Харланчук зняўся ў серыяле ў жанры шпіёнскага дэтэктыва «Па следзе звера» — пра савецкіх разведчыкаў. Ён сыграў «Аўгуста» — смершаўца, які намагаецца дазнацца пра падрабязнасці аперацыі «Атлантыда», распрацаванай гітлераўцамі. Постаць яго героя раскрываецца цягам фільма.

У 2024 годзе беларускі артыст з’яўляецца ў абліччы пілота Лабанава ў ваеннай драме «Знішчальнікі. Бітва за Крым» — дзе гаворка ідзе пра вызваленне ад фашыстаў неба Крыма падчас Вялікай Айчыннай вайны. (У гэтым жа серыяле іграе і беларускі актор Анатоль Кот — у які раз у ролі нягодніка-НКВД-ніка).
У ваенным дэтэктыве «Кацюша» (2022) творца сыграў камандзіра інжынерна-сапёрнай роты. Прэм’ера серыяла была таксама прымеркавана да 9 мая.

Свежы праект у фільмаграфіі Паўла — ужо «звычайны», а не ваенны дэтэктыў — серыял «Таксапарк № 13» (2025). Тут герой, якога ўвасабляе артыст, — інспектар ДАІ, які ўладкоўваецца ў таксапарк, каб расследаваць забойства сваёй жонкі.
Заўважна, што Павел трымае планку акторскай ігры нават і ў «другасортных» праектах. Але пытанне ў іншым — у тым, што выкананыя ім ролі аказваюцца ўпісанымі ў кантэкст расійскай прапаганды. Асабліва гэта датычыцца ваенных стужак, якія ў жанравым фармаце эксплуатуюць мілітарысцкі дыскурс. У некаторых серыялах з’яўляецца згадка пра сталінскія рэпрэсіі, але нікуды не знікае наратыў пра «вялікі СССР», спадкаемцай якога па змоўчванні з’яўляецца Расія пад кіраўніцтвам моцнага лідара.

Reform.news звярнуўся да калег Паўла Харланчука з просьбай распавесці пра магчымыя прычыны, праз якія творца знаходзіцца ў цяперашняй сітуацыі.
Большасць артыстаў адказала, што ўжо некалькі гадоў не мае сувязі з Паўлам. Бачна, што купалаўцам цяжка было каментаваць дзеянні калегі.
«Гэта яго жыццё, яго выбар», — коратка выказаў свае меркаванне Ігар Сігоў. Артыст дадаў, што не зразумеў рашэнне Паўла паехаць у Расію яшчэ ў 2021 годзе.
«Але кожны можа рабіць крокі, якія лічыць вартымі», — дадаў ён.
Адна з каляжанак усё ж пагадзілася паразважаць на гэты конт, адзначыўшы, што ў 2023 годзе Паўлу Харланчуку давялося прайсці праз цяжкі развод.
«Вядома, мне цяжка зразумець, як так выйшла, [што Павел здымаецца ў падобных праектах], — сказала яна. — У чалавека з ягонай біяграфіяй. Я заўсёды цёпла ставілася да Пашы, ён быў для мяне чалавекам з пазіцыяй. Таму я шчыра веру, што ў Пашы на ўсё гэтае *аўно маецца нейкая вагомая прычына, якую я проста не ведаю. Альбо я проста хачу так думаць», — падсумала творца.
Павел Харланчук — беларускі тэатральны і кінаактор, рэжысёр. Працаваў у 2000-х у Горкаўскім тэатры, з якога быў звольнены ў 2006 годзе за палітычныя перакананні. З 2010 года — у Купалаўскім. Адтуль быў звольнены ў 2020 годзе за выказаны разам з калегамі пратэст супраць гвалту. З лета 2021-га працуе ў Маскоўскім губернскім тэатры.
Добра вядомы па ролях у фільмах і серыялах: «Участак лейтэнанта Качуры», «Тум-Пабі-Дум», «Лекі для Веры», «Дзяржаўная мяжа», «Талаш», «Рыжык у Залюстрэччы», «Сляды апосталаў», «Белыя Росы. Вяртанне», ды іншыя. Выхоўвае пецярых дзяцей, двое з іх — прыёмныя.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram