«Дранікі» з расійскім прысмакам: у мінскі пракат выйшаў фільм, які «забыўся» на сваю беларускую рэжысёрку

Сёння, 26 лютага, у мінскі пракат выйшла сямейная камедыя «Дранікі». Стужка, якую здымалі ў маляўнічым Заброддзі на Вілейшчыне, пазіцыянавалася як «самы беларускі праект». Аднак падобна на тое, што перад намі прыклад класічнага каланіяльнага позірку на Беларусь, дзе нават прозвішча беларускай рэжысёркі знікла з тытраў, а дранікі прыпадносяцца як смачная стравы экзатычных мясцовых.

Куды знікла рэжысёрка?

Яшчэ год таму, падчас здымак у Заброддзі, афіцыйныя СМІ (у тым ліку, «Мінская праўда») прадстаўляла праект як працу беларускай кампаніі «Кінацэх» і рэжысёркі-беларускі Ганны Салаўёвай-Карповіч. Менавіта яна тады распавядала пра «магію Заброддзя» і нацыянальны каларыт.

Мы здымаем дзіцячы сямейны навагодні фільм аб сяброўстве траіх дзяцей: дваіх хлопчыкаў і дзяўчынкі, — дзелілася інфармацыяй пра будучы фільм кінематаграфістка. — Па сюжэце адзін з герояў падчас навагодніх канікулаў выпадкова трапляе ў вёску. Рабяты вырашаюць арганізаваць свой бізнэс, і ў іх узнікае ідэя зрабіць са старога дзедава Уазіка фудтрак. Дранікі не бываюць нясмачнымі, таму папулярная страва становіцца цэнтрам бізнес-ідэі і сімвалам фільма. Акрамя вырашэння гэтай задачы юныя энтузіясты вырашаюць больш глабальную праблему, якая датычыцца ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, і прыводзіць да аб’яднання сям’і. Немагчыма прыдумаць больш беларускі праект, чым праект пад назвай «Дранікі», — упэўнена казала Ганна.

Аднак сёння на сайце «Мінскага Кінавідэапраката», у дзень пачатку праката прэм’еры, камедыйная стужка пазіцыянуецца як выключна расійскі праект. А рэжысёрам карціны ўказаны Максім Максімаў, ключавая постаць кампаніі «Биг Скрин Продакшн», прадзюсар, якая не першы год працуе з беларускімі адмыслоўцамі.

Што стала прычынай такой «замены складу» — камерцыйныя ўмовы ці жаданне зрабіць прадукт больш «расійскім» для шырокага пракату — застаецца пытаннем.

Беларусь як дэкарацыя і «250 рублёў за порцыю»

Але і ўласна сам трэйлер новай карціны можа выклікаць у беларускага гледача шмат пытанняў. Гісторыя пра гарадскога хлопчыка, які прыязджае ў вёску і «адкрывае» для сябе дранікі як бізнес-ідэю, выглядае як позірк звонку на «экзатычную правінцыю».

Асаблівую ўвагу прыцягваюць дэталі. Па-першае, галоўны герой — хлопчык, які прыехаў у вёску з горада, спрабуе дранікі так, быццам гэта экзатычная страва амазонскіх плямёнаў. «Ты што, дранікаў ніколі не спрабаваў?» — пытаюцца ў яго мясцовыя. Увесь сюжэт будуецца на тым, што «цывілізаванае» гарадское дзіця прывозіць у вёску бізнэс-праект (фудтрак з дзедавага Уазіка), каб навучыць мясцовых зарабляць на іх жа ўласнай бульбе.

Па-другое, у адным з кадраў гучыць цана — «250 рублёў за порцыю». Калі для расійскага рынку гэта зразумелая сума, то ў беларускім кантэксце (нават калі гаворка пра 2026 год) яна выглядае альбо як абсурдны грабеж, альбо як доказ таго, што аўтарам было ўсё роўна, у якой валюце жыве краіна-лакацыя.

Па-другое, узгадка «кокабая» ў масоўцы. Для надання «мясцовага» каларыту ў фільм уставілі згадку папулярнага беларускага блогера Koko.by, але гэта выглядае хутчэй як маркетынгавая латка на чужым палатне.

Па-трэцяе, нягледзячы на беларускую масоўку і пейзажы, усе галоўныя ролі выконваюць расійскія зоркі (Ева Смірова, Барыс Дзергачоў, Валянціна Мазуніна і іншыя акторы).

Чым гэта не прыклад класічнага каланіяльнага позірку на Беларусь?

А аўтар хто?

Партфоліа прадзюсара, рэжысёра і сцэнарыста Максіма Максімава, складаецца пераважна з камерцыйных камедыйных і сямейных фільмаў. Сярод апошніх праектаў яго кампаніі «БигСкринПродакшн» такія стужкі як: «Былы ў дапамогу», «Клёвы Уlove», «Мой тата — мядзведзь», на якіх Максімаў выступаў і ў якасці рэжысёра. Як прадзюсар ён працаваў на папулярнай карціне «На вёску да дзеда», а таксама на трылеры «Забароненая зона» (2020), які здымаў беларускі рэжысёр Зміцер Сяменаў-Алейнікаў. У большасці праектаў ён супрацоўнічае з беларускай кампаніяй «Кінацэх», якая забяспечвае лакацыі і тэхнічную падтрымку.

Варта адзначыць, што фільмы ў рэжысуры Максімава, маюць невялікія глядацкія рэйтынгі на адмысловых сайтах. Не варта чакаць прарыву і ў дачыненні да «Дранікаў».

Але сыходзячы з колькасці праектаў у працы, кампанія «БигСкринПродакшн» будзе выкарыстоўваць і лакацыі, і інфраструктуру Беларусі для здымак сваіх фільмаў і далей. І, на жаль, Беларусь і беларусы як суб’екты ў гэтых «творах» будуць наўрад ці разглядацца.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!