«Для чалавека культуры — гэта дастаткова цяжкая гісторыя»: мастак Міхаіл Гулін аб праўладным флэшмобе «Надо»

Некалькі апошніх дзён інтэрнэт апанаваў флэшмоб «Надо»: дзяржарганізацыі, дзяржорганы і працоўныя калектывы публікуюць відэа, дзе людзі прамаўляюць слова «Надо» — у адказ на пытанне Лукашэнкі, ці трэба яму абірацца на сёмы прэзідэнцкі тэрмін.

У гэтым візуальным шэрагу найбольш уражваць кадры, дзе музыканты адкладаюць ноты, перастаюць граць і сінхронна кажуць: «Надо». Ці музейныя работнікі арганізавана збіраюцца ў шэрагі і крычаць. Многіх творчых людзей зачапіла менавіта гэтая частка флэшмоба — з работнікамі музеяў, тэатраў і іншых культурніцкіх інстытуцый.

Флэшмоб у Белдзяржфілармоніі. Фота: t.me/minkultrb

Мы задумаліся над тым, якім мог бы быць мастацкі супраціў у такіх варунках, і спыталі пра гэта беларускага акцыяніста Міхаіла Гуліна.

«Я не думаю, што гэтая кампанія вартая таго, каб на яе ўвогуле звяртаць увагу. А рэагаваць на падобнае можна было б радыкалізацыяй, ператвараючы ўсё гэта ў нейкі трэш.

А чым тут можна адказаць: трэшаком біць па трэшаку? Прафесійнай гісторыяй адказваць? Але яна тут не пасуе.

У гэтую гульню трэба ці гуляць, ці не. А калі гуляць, то градус ты павысіць не можаш, бо ён і так на максімуме. Лукашэнка лепшы перформер, чым Кузьміч.

Флэшмоб у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Фота: t.me/minkultrb

Лепш на гэты флэшмоб не рэагаваць увогуле, бо ён надзвычай банальны. Гэта паўночнакарэйскі варыянт, калі людзей павязваюць. Як можна людзей павязаць забойствам, так можна павязаць групавым прыніжэннем. Дакумент прыніжэння ёсць, і ўсё тут!

Прычым цікава, што для ўлады такі дакумент няважны, бо ўлада лёгка мяняе курс. Але для чалавека культуры, для інтэлігента, то-бок для чалавека даволі адэкватнага — гэта дастаткова цяжкая гісторыя.

Флэшмоб у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Фота: t.me/minkultrb

Што тут можа адэкватны чалавек зрабіць: звольніцца, перастаць быць дзяжслужачым, якога пастаянна выкарыстоўваюць…

Людзям, якія сочаць за беларускай культурай, корпацца ў гэтых практыках прыніжэнння — у іх вычварнасці, спецыялізацыі — даволі цяжка, трэба мець вялікую вытрымку. Я напрыклад, першы год займаўся маніторынгам і даследаваннем рэпрэсіўных практык, аднак цяпер прагульваю заняткі…»

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!