Дакументальны поўнаметражны дэбют беларускай рэжысёркі і дырэктаркі фестываля «Паўночнае ззянне» Волі Чайкоўскай «Не для палітыкі» (Not Made For Politics) стаў даступны глядацкай аўдыторыі на HBO Max. Пра гэта ў сваіх сацсетках паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка — беларуская лідарка з’яўляецца адной з гераіняў кінастужкі.
Фільм, над якім каманда працавала пяць гадоў, зрабіў прэцэдэнт: гэта першы ў гісторыі эстонскі дакументальны капрадукцыйны праект для HBO і першая кінакарціна на платформе, знятая беларускай жанчынай-рэжысёркай.
Прэм’ера фільма адбылася амаль год таму на прэстыжным кінафестывалі «Цёмныя ночы» ў Таліне (PÖFF), пасля чаго стваральнікі паказалі яго на шматлікіх міжнародных кінафорумах.
Пра што кіно?
Стужка распавядае пра падзеі 2020 года ў Беларусі, калі пасля арышту асноўных кандыдатаў у прэзідэнты лідарства ў прадэмакратычным руху ўзялі на сябе жанчыны. Камера сочыць за лёсамі Святланы Ціханоўскай, Надзеі Зелянковай і Машы — кожная з іх па-свойму стала тварам супраціву рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Аднак «Не для палітыкі» — гэта не простая хроніка рэвалюцыі. Стужка мае асабістую лінію самай рэжысёркі Волі Чайкоўскай. Назіраючы за падзеямі з Таліна і здымаючы пратэсты ды ініцыятывы салідарнасці на адлегласці, рэжысёрка праходзіць шлях ад знешняга назіральніка да актыўнага ўдзельніка гісторыі.
«Гэта аповед пра пераадоленне страху, вымушаную эміграцыю і пра тое, як барацьба за свабоду змяняе ідэнтычнасць чалавека», — адзначаецца ў рэлізе фільма.
Праект быў створаны ў капрадукцыі Эстоніі, Францыі і ЗША (кампаніі Allfilm, YUZU Productions, Sorrento Productions) сумесна з HBO Europe Documentaries, ARTE і шэрагам еўрапейскіх тэлеканалаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
