23 чэрвеня ў варшаўскай Klubojadalnia Młodsza Siostra адбудзецца дабрачынны канцэрт у падтрымку беларускага музыкі Аляксандра Пораха, вядомага таксама пад нікам Syntrig. Музыка, які выступае сольна ў тэхна-праекце, а таксама бярэ ўдзел у Warsaw Improvisers Orchestra і Synth Jaw, шмат гадоў змагаецца з ускладненнямі раку вялікай бярцовай косткі. Для канчатковай рэабілітацыі яму патрэбна дапамога.
Рак вялікай бярцовай косткі дактары дыягнаставалі беларускаму гукарэжысёру, музыку і кампазітару яшчэ ў 2019 годзе.
«Мой доктар вырашыў лячыць мяне метадам Ілізарава, — падзяліўся сваёй гісторыяй Аляксандр. — Падчас першай аперацыі пяць з паловай гадоў таму пухліна была выдалена разам з 17 см галёнкі. З таго часу пачаўся мой павольны і цяжкі шлях папраўкі».
Беларускі творца перанёс ужо каля 15 аперацый — і цяпер знаходзіцца ў двух кроках да адужання. Але, каб лячэнне па Ілізараве было эфектыўным, патрэбна штодзённая рэабілітацыя. Страхоўка пакрывае толькі частку патрэбаў — і музыка вымушаны карыстацца паслугамі прыватнай рэабілітацыі, каб паскорыць працэс выздараўлення. Таму кожная, нават самая маленькая сума, мае вялікае значэнне і набліжае творцу да поўнай папраўкі.
«Ваша дапамога дазволіць мне сканцэнтравацца на выздараўленні і дасць магчымасць хутчэй вярнуцца да нармальнага жыцця», — музыка звярнуўся па дапамогу і адкрыў адмысловы збор на партале Zrzutka.pl.
Але таксама калегі і сябры Аляксандра Пораха 23 чэрвеня ладзяць адмысловы дабрачынны канцэрт, на якім таксама можна падтрымаць беларускага музыку, набыўшы квіток на выступленне, паштоўку ці трафарэт з унікальнай графікай.
Сярод выступоўцаў на імпрэзе чакаюцца: сам Аляксандр Порах, Альбер Уолін, Багуч, Цунамі Мэй, Altro Volta, Пётр Мелех, Рэй Дзікаці, Міхал Бромбошч.
Пачатак падзеі — 19.00. Месца — Klubojadalnia Młodsza Siostra (ulica Dobra, 20). Падтрымаць спадара Аляксандр праз Zrzutka.pl — тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: