Мы працягваем серыю артыкулаў пра «Беларускі моладзевы хаб» і яго ініцыятывы. Гэтым разам пагутарылі з Сержуком Доўгушавым – пра яго спеўныя заняткі для мужчын, наваствораны гурт і магчымасць далучыцца для ўсіх жадаючых.
Сержука Доўгушава ведаюць, мабыць, калі не ўсе, то вельмі многія. Ён і спявак, і музыкант-мультыінструменталіст, і этнограф, і выкладчык, і арт-менеджар. Сяржук заснаваў культурны рух «Спеўны Сход», Установу развіцця традыцыйнай беларускай культуры «ЭтнаТрадыцыя» (Tradycyja), арт-рэзідэнцыю «Дом творцаў» і Варшаўскі Вольны аркестр. А яшчэ ў розныя часы быў удзельнікам гуртоў Fratrez, Vuraj, Five-storey ensamble, TryNići (Беларусь), Isna Trio (Польшча), Slavalachia (ЗША).
Як расказвае сам Сяржук, асноўнай мэтай «Спеўнага Сходу», распачатага яшчэ ў 2013 годзе, было знаёмства з беларускай песняй і ўвогуле яднанне беларусаў. На сходах збіралася да 1000 чалавек.
– Можна сказаць, што гэта стала такой звычкай, ці нават зʼявай, калі такая колькасць людзей амаль кожны тыдзень збіраецца ў розных гарадах Беларусі і спявае традыцыйныя беларускія песні, – расказвае Доўгушаў. – Тэматыку звычайна абіралі па календары: купальскія песні, восеньскія, веснавыя, народныя. Былі таксама асобныя сустрэчы па творах Манюшкі, Агінскага і інш.
Спачатку Сяржук зʼехаў у ЗША, і менавіта там, у Мінесоце, пачаў праводзіць спеўныя сустрэчы для мужчын – кажа, што ў гэтым штаце вельмі актыўная суполка беларусаў. Кожны тыдзень яны збіраліся паспяваць, і адзін раз нават выступілі. Але на гэтым усё і скончылася, бо ў нейкі момант Доўгушаў пераехаў у Варшаву.
У польскай сталіцы ён вырашыў працягнуць свою справу і напрыканцы лета 2023 пачаў збіраць групу, каб ладзіць традыцыйныя мужчынскія спевы.
– Мне хацелася засяродзіцца менавіта на мужчынскай традыцыйнай культуры спеваў, – дадае Доўгушаў. – Бо калі жаночая традыцыя ніколі не перарывалася, то мужчынская ў нейкі момант амаль знікла. Мне яшчэ пашчасціла паслухаць, як спяваюць мужчыны, калі мы ездзілі ў экспедыцыі па Беларусі ў 2015-2016 гадах. Але ў асобных вёсачках можна было пачуць толькі аднаго – максімум дзвюх чалавек. Гурт ужо не знойдзеш.
Так праходзяць спеўныя заняткі для мужчын ў Беларускім моладзевым хабе:
Сяржук адзначае, што ніякай рэкламы асабліва не даваў, але ўсё роўна на першы занятак прыйшло каля 30 хлопцаў. Спачатку яны збіраліся ў розных месцах, а потым перайшлі ў «Беларускі моладзевы хаб».
– Цікава, што прыходзяць абсалютна розныя людзі – ніхто з іх не займаецца прафесійна музыкай і тым больш гэтым не зарабляе. Пераважна ходзяць айцішнікі, але ёсць і прадстаўнікі іншых прафесій. Думаю, што для іх нашыя спевы – гэта сувязь са сваёй зямлёй, сваімі каранямі. Магчымасць паглыбіцца ў сябе, у культуру, традыцыю.
Па ўласным досведзе я ўжо ведаў, што мужчыны ставяцца да спеваў не вельмі сурʼёзна. Для іх гэта больш як забава – паспрабаваць разок-два. Таму я адразу абʼявіў, што з тымі, хто гатовы хадзіць стала і займацца больш паглыблена, мы будзем ствараць уласны гурт. Так цягам часу зʼявіліся «Касары» – каманда з 11 чалавек рознага ўзросту (прыкладна ад 22 да 39 гадоў), з якімі мы збіраемся асобна, вучым рэпертуар і нават ужо выступаем.
Напрыклад, аднойчы мы зрабілі такі спеўны дэсант па беларускіх мясцінах у Варшаве. Заходзілі ў Scena Chmielna (кафэ і пляцоўка для мерапрыемстваў), бары Karma і Beer Station – і пачыналі спяваць. Гэта вельмі моцна ўплывала на людзей. Вось яны проста сядзелі і пілі сваё піўко, а вось нечакана зʼяўляецца нейкі мужчынскі гурт. Па водгуках, наведвальнікам падабалася. А для нас была добрая рэпетыцыя выступаў перад гледачамі.
Падчас навагодніх і калядных святаў мы актыўна калядавалі: ад асацыяцыі беларускага бізнесу і беларускага фестывалю да Бельведэрскага палаца на прыёме ў польскага прэзідэнта Анджэя Дуды. На рэпетыцыях рабілі маскі і доўга вырашалі, хто з нас будзе казлом, – смяецца Сяржук. – Менавіта, на Гомельшчыне і сапраўды можна знайсці такую традыцыю, калі калядоўшчыкі вадзілі з сабой не казу, а казла.
Выступ гурта «Касары» ў Бельведэрскім палацы – перад Святланай Ціханоўскай і Анджэем Дудам:
Нягледзячы на зʼяўленне гурта і дадатковыя рэпетыцыі, Доўгушаў працягвае праводзіць спеўныя заняткі для ўсіх – з якіх усё і пачыналася. Праходзяць яны абсалютна бясплатна і ў любы момант можна далучыцца. Пачынаюць а 6-й увечары, а далей – як пойдзе: могуць спяваць нават да 9. Колькасць людзей заўсёды розная: можа і 5 чалавек прыйсці, а можа і ўсе 30.
– На занятках я заўсёды імкнуся стварыць пэўную атмасферу, каб ніхто не адчуваў сябе заціснута ці няўпэўнена, – расказвае Сяржук. – На пачатку праводжу практыкаванні, якія разнявольваюць: мы дыхаем, потым пачынаем гучаць – і толькі пасля гэтага пераходзім да спеваў. Я ні разу не заўважаў, каб хлопцы саромеліся. Бывае, што хтосьці ў ноты не пападае ці не ў тую танальнасць залятае, але я ніколі не асуджаю і тым больш не выганяю – усе спрабуюць на роўных.
Я заўсёды намагаюся данесці да людзей, што мы не ў музычнай школе, дзе трэба паказаць пэўны вынік. Галоўнае на нашых занятках – атрымліваць асалоду ад працэсу і ніколі не хвалявацца аб тым, што падумае сусед. Бо і мужчыны, па традыцыі, збіраліся разам і спявалі ў першую чаргу для сябе. Гэта ўжо пазней, у савецкія часы, іх пачалі падштурхоўваць да выступаў на публіцы.
На занятках мы вучымся. І тое, што атрымлівае кожны з наведнікаў – яго ўласны досвед, уласныя веды і адчуванні, якія ён забярэ з сабой.
Заняткі «Спеўнага сходу» праходзяць па панядзелках у «Беларускім моладзевым хабе» – цяпер па новым адрасе: Dożynkowa, 6a. Далучыцца можна ў любы момант. Сяржук кажа, што, магчыма, будзе яшчэ дабіраць удзельнікаў у гурт «Касары». Таму калі вы заўсёды хацелі спяваць і выступаць на сцэне – верагодна, гэта ваш шанец!
Фота: Аляксандр Драгавоз