«Гэта не проста добрая воля «заходніх гаспадароў», а сапраўды тытанічная праца мясцовых спецыялістаў, актывістаў, чыноўнікаў і іншых рупліўцаў, якая вялася дзесяцігодззямі і цяпер займела вынік», — так пракаменатаваў тэлеграм-канал «Спадчына» ўчорашнюю звестку пра прызнанне аб’ектамі Сусветнай спадчыны UNESCO «Гістарычнага цэнтра Кулдыгі» ў Латвіі і «Мадэрнісцкага Коўна: архітэктуры аптымізму 1919 — 1939». «Асабліва цешыць, што да мадэрніцскай спадчыны Коўна мае прамое дачыненне беларускі інжынер Клаўдзій Дуж-Душэўскі — ягоныя будынкі цяпер прызнаныя на сусветным узроўні!», — падкрэсліваюць аўтары канала.
«Гэта гонар для ўсіх беларусаў! — лічыць «Спадчына». — Ён не проста мае беларускае паходжанне, як гэта часта бывае, а ёсць сапраўдным свядомым беларускім дзеячам, якія стаяў ля вытокаў нашай дзяржаўнасці».
Сапраўды, большасць беларусаў ведаюць Клаўдзія Дуж-Душэўскага як аўтара эскіза сцяга БНР. Але палітычны дзеяч з’яўляецца таленавітым інжынерам і распарацоўшчыкам дзясяткаў будынкаў у Каўнасе, Паневяжысе, Клайпедзе, Шаўляі.
У прыватнасці, сярод важнейшых пабудаваных Дуж-Душэўскім будынкаў у Каунасе: кінатэатр «Метрапалітэн» і дом на вуліцы Лайсвес ал. 41; дом доктара Пурыцкага па вуліцы Вайжганто; дом грамадзяніна Аўкштуоліс, Аўшрос такас 1; дом грамадзяніна Антуліс па праспекце Вітаўтаса; дом грамадзяніна на рагу вуліцы Шаўлю; дом адваката Пажэла — плошча Венібес 10; дом інжынера Рэклайціс; беконная фабрыка ды іншыя пабудовы.
Па мадэрнісцкай архітэктуры Коўна было падрыхтавана велізарнае дасье.
«А дзе такое дасье па праспекце Незалежнасці, якое вісіць у папярэднім спісе ЮНЕСКА ужо 20 гадоў?», — задае пытанне тэлеграм-канал, які піша пра гісторыка-архітэктурную спадчыну.
«А яшчэ хочацца нагадаць, што пакуль у Коўне міжваенная архітэктура, якая і раней мела ахову, прызнаецца Сусветнай спадчынай, у беларускім Гомелі рыхтуюцца знішчыць міжваенную паліклініку, помнік савецкага канструктывізму. І дзе тыя змагары за ўсё савецкае? Вось цудоўны шанец для вас праявіць сябе з добрага боку на культурнай глебе», — звяртаюць увагу аўтары тэлеграм-канала.
Міжваенны будынак паліклінікі ў залінейным раёне Гомеля (вуліца Катоўскага, 56) быў пабудаваны ў стылі канструктывізм напрыканцы 1920-х гадоў. У верасні з’явілася інфармацыя, што будынак, які больш за 15 гадоў стаіць закінутым, збіраюцца знесці. Статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці паліклініка не мае.