Да другой гадавіны загібелі Пшэмыслава «Кордзіяна» Расевіча-Кучынскага, героя трох краін

6 жніўня 2026 года спаўняецца два гады, як ва Украіне загінуў «Кордзіян» – ваяр Палка Каліноўскага. У траўні 2025 года мы ўжо расказвалі пра Пшэмыслава, паляка беларускага паходжання, які лічыў сябе беларусам, таму адразу вырашыў далучыцца да беларускіх падраздзяленняў і разам з іншымі беларусамі весьці барацьбу за Украіну. Нам удалося паразмаўляць з ягонымі пабрацімамі пра тое, якім ён быў у вайне і вайсковым побыце.

Тэкст створаны для самвыдату «Вісник», што друкуецца і пашыраецца беларусамі ва Украіне.

Усе нумары газеты можна знайсці і сцягнуць тут.

Фота з асабістага архіва

Ігар

Я пазнаёміўся з Пшэмкам у Польшчы, калі выехаў з Беларусі па гуманітарнай візе з намерам далучыцца да Палка Каліноўскага ў 2022 годзе. Калі я прыбыў у Варшаву, паехаў у Беларускі дом, дзе збіраліся хлопцы і дзяўчаты. Нас назбіралася восем чалавек, і мы чакалі наступнага дня, каб адправіцца ва Украіну. Усе мы былі не знаёмыя між сабой, знаёміліся там на месцы.

Мы ехалі ва Украіну з Пшэмкам у адной машыне. Падчас дарожных размоў дазналіся, што ён з Польшчы, у яго ёсць карані ў Беларусі: не помню, дзед ці хто там у яго быў беларусам. І ён распавёў пра тое, што, як патомак беларусаў, мае намер узяць удзел у вайне на баку Беларусі. Мы здзівіліся: нібы іншаземец, а будзе ваяваць за Беларусь… Па дарозе размаўлялі ні аб чым, бо тады асабліва адно аднаго не ведалі, з жартамі ехалі ва Украіну.

Ехалі ў аўто па двое, у нас было чатыры машыны. Мы, як валантэры, гналі іх ва Украіну да нашых ваяроў-каліноўцаў. Калі перасяклі польска-ўкраінскую мяжу, усе выдыхнулі з палёгкай, бо ў той час адносна лёгка выехаць з Беларусі ды яшчэ потым перасекчы мяжу Украіны – гэта ўжо было вялікай справай. Мы былі ва ўзнятым настроі, узрадаваліся, асабліва беларусы, бо збеглі з таго вэрхалу, што адбываўся ў нашай краіне.

Пшэмэк намагаўся размаўляць па-беларуску, але ў яго быў такі змешаны акцэнт, беларуска-польскі, вельмі цікавы. І гэта было дужа забаўна. Канешне, ніхто з гэтага не кпіў, проста было дзіўна.

Потым, калі мы прыбылі ў Кыіў, у самы штаб Палку Каліноўскага, нас размясцілі ў адным пакоі. Памяшканне чалавек на 20, усе спалі на падлозе, бо не было ложкаў. Хтось размясціліся на карэматах, хтось на нейкіх матрасах, коўдрах – такой вялікай беларускай сям’ёй. І да Пшэмка вельмі паважліва сталі ставіцца, бо гэта было нейкім дзівам: у цалкам беларускім падраздзяленні з’явіўся паляк.

Недзе праз тыдзень нас васьмярых – кампанію, якой дабіраліся да Украіны, накіравалі ў вучэбны цэнтр. Мы былі першымі, хто заехаў тады на гэтую кропку. Да нас там былі расійскія акупанты, бураты, пра якіх мясцовыя жыхары расказвалі жахлівыя рэчы. Мы былі проста ўражаны тымі аповедамі.

Паколькі мы былі першай групаю, якая заехала ў той вучэбны цэнтр, нам давялося дасканала прыбірацца. Мы прыбіралі рэчы кацапаў, якія яны пакінулі, бо ў тых умовах жыць было проста нерэальна: там былі, выбачце, і абасцаныя матрасы, і кучы экскрэментаў, якія мы выграбалі з усіх памяшканняў, чысцілі, выветрывалі… Гэта было настолькі брудна і брыдка, што я не магу вам перадаць. Але гэтая праца нас згуртавала да таго, што мы сталі менавіта сябрамі. Тая васьмёрка, якая разам прыехала на вайну, тады адчула сябе па-сапраўднаму сям’ёй – вайсковай дружнай беларускай сям’ёй, братамі.

А пасля ўсяго гэтага клінінгу, калі прывялі ўсё да ладу, мы пачалі праходзіць базавую агульнавайсковую падрыхтоўку (БАВП): веданне ваеннага ўзбраення, страявая падрыхтоўка, узаемадзеянні паміж усімі ваярамі, медычная падрыхтоўка і іншае. Хоць нашае навучанне праходзіла цяжка, але мы далі рады. Мой сябар «Кордзіян» (такі пазыўны ўзяў сабе Пшэмэк) вырашыў пайсці ў кулямётны разлік, бо ў яго была мэта – быць на пярэднім краі. Я ж, чалавек не самага маладога ўзросту, не бачыў сябе ў шыхтах пяхоты ці кулямётнікаў, таму што гэта вельмі цяжкая праца – трэба і зброю насіць, якая важыць пад 20-30 кілаграмаў, плюс боекамплект (БК), які таксама важыць столькі ж, плюс заплечнік са сваімі рэчамі, плюс браня, РПС, зброя. А «Кордзіян», нягледзячы на стан свайго здароўя і не самую добрую фізічную падрыхтоўку (бо мы ўжо адно аднаму расказалі, у каго там якія балячкі), ірваўся на перадавую. Калі нас ужо размеркавалі па асобных падраздзяленнях, ён патрапіў менавіта ў кулямётны разлік, дзе прычым працаваў першым нумарам. І ён першы з нашага патоку паехаў на баявыя заданні.

Нашыя шляхі з ім разыйшліся, мы згубілі адзін аднаго з відавоку на нейкі час. Ён ваяваў, наколькі я помятаю, у батальёне «Волат», а я – у «Ліцвіне». Хоць нашыя батальёны на той момант былі ў складзе Палка Каліноўскага, але працавалі мы на розных напрамках. Калі «Кордзіян» выязджаў на свой першы баявы выезд, а гэта, калі я не памыляюся, было дзесьці каля Бахмута, мы ж былі недзе ля Херсону, яны былі на ўсходзе, а мы – на поўдні. І мы недзе паўгода не стасаваліся і адно пра аднога нічога не ведалі.

Праз некаторы час мы сустрэліся на нашай базе ў Кыіве. Гэта была вельмі цёплая, прыемная сяброўская сустрэча, калі мы сядзелі і размаўлялі больш ні пра што, чым пра нешта канкрэтнае. І хаця мы не камунікавалі дужа блізка, але кожная сустрэча была цёплай – з абдымкамі, нават не ведаю, як патлумачыць, калі не бачыш чалавека, а потым яго сустракаеш, і такі наплыў эмоцый, нечага гарачага ў сярэдзіне, што ты не можаш утрымацца, ты гатовы заскочыць яму на шыю. Вось такія ў нас былі стасункі.

Праз нейкі час я даведаўся, што Пшэмэк пакінуў ПКК і з’ехаў у Польшчу. З перапіскі з ім дазнаўся, што ён пачаў займацца валанцёрствам. Ён пісаў: я сябе ўжо выпатрашыў на гэтай вайне…

Праз некаторы час я даведаўся, што ён зноў павярнуўся ва Украіну, і мы час ад часу перапісваліся кшталту:

– Як справы?

– Усё добра. Сам як?

– Нармальна.

Памятаю, што ў яго з сабой быў бел-чырвона-белы сцяг. Заўсёды. Ён яго захоўваў ва ўнутранай кішэні курткі, неаднаразова мне яго паказваў. Я быў здзіўлены, бо звычайна жаўнеры-замежнікі ў сябе трымаюць сцяг сваёй краіны, а ў Пшэмка было два – польскі і беларускі.

А потым я ад сваіх пабрацімаў даведаўся аб яго загибелі. У мяне ўсё ўнутры перавярнулася. Я не мог зразумець, як гэта ўсё сталася…

Вось такое кароткае і адначасова вялікае маё жыццё побач з гэтым хлопцам, з якім я меў гонар стаяць, ваяваць плячо ў плячо. Вечная памяць. Я абавязкова з’езджу да ягонай магілы, калі ў мяне будзе магчымасць і час. Я абавязкова да яго з’езджу…

Леў

Бахмут, дваццаць другі год. «Кордзіян» быў гранатамётчыкам ва ўзводзе цяжкага ўзбраення. Я таксама трапіў у гэты ўзвод. Так вось, у падвале, мы і пазнаёміліся, ужо на вайне. Нашы размовы тычыліся ў асноўным толькі працы: Бахмут, шмат задач, не было магчымасці гаварыць пра нешта іншае. Ды й перасякаліся мы рэдка, бо калі адна група вяртаецца з задання, стомленая і знясіленая, адразу кладзецца спаць, а другая якраз выходзіць на задачу. Каб проста паседзець, пагаварыць, папаліць ці прагуляцца дзесьці па Кіеве – такой магчымасці тады не было. Ды й выхадных, і водпускаў як такіх – у нас у той час таксама не было.

Пазней, праз тры месяцы ці, можа, крыху больш, ён звольніўся і паехаў у Польшчу па справах, а потым зноў вярнуўся. У іншае падраздзяленне, куды і я трохі раней перайшоў. І вось тады я пачаў больш пра яго дазнавацца. Плюс мы ўжо на баявыя хадзілі разам.

Начытаны хлопец быў, малайчына, добра ведаў гісторыю – і беларускую, і польскую, і ўкраінскую. Ён заўсёды казаў, што лічыць сябе этнічным беларусам, часта гэта паўтараў. Хацеў нават, каб яго, калі што, пахавалі ў Беларусі. Хаця для мяне гэта было не зусім зразумела, шчыра кажучы.

Ён часта і шмат жартаваў. Што б ні здарылася – заўсёды быў на пазітыве. Я не заўсёды разумеў яго жарты, бо ён гаварыў іх на польскі манер: «Ай, курва…» Напрыклад: «Ай, курва, калі мы тут сядзем, то тут і застанемся». І я часам не разумеў, у чым жа, уласна, жарт (Леў усміхаецца, узгадваючы гэта. — Заўв. аўт.). Пазней, калі мы лепш пазналіся, «Кордзіян» зразумеў, што я не ўсё ўлоўліваю, і ўжо стараўся жартаваць больш на беларускі манер.

Адразу адзначу: ён заўсёды быў нейкі разважлівы, спакойны. Што б ні адбывалася – заўсёды трымаўся роўна, падтрымліваў мяне: «Спакойна, “Леў”, усё будзе добра. Не бяры да галавы». Заўсёды ўмеў супакоіць.

Ён знаходзіў у сабе сілы падчас ратацыі ў Кыеве пайсці адзін на ВДНГ, проста пагуляць. Мог узяць з сабой сякеру – каб пакідаць яе ў дрэва. Набыў арбалет, хадзіў з ім кудысьці далёка ў лес, каб не палохаць людзей, і страляў там. Шукаў для сябе нейкія заняткі, каб, напэўна, абстрагавацца ад таго п…ца, што адбываўся на фронце.

І пры гэтым падтрымліваў нас усіх сваёй ураўнаважанасцю і пазітывам. З ім было цікава. Ён, дарэчы, стварыў асобную чат-групу, запрасіў туды блізкіх ваяроў, пастаянна шукаў у Кіеве нейкія мерапрыемствы – то канцэрт, то нешта яшчэ – і прапаноўваў: пайшлі туды, пайшлі сюды, культурная праграма… Ездзіў на выставу ўзбраення спецыяльна, каб паглядзець навінкі, што прадстаўлялі ўкраінскія кампаніі: турэлі, яшчэ нешта.

Фота з асабістага архіва

Дарэчы, у «Кордзіяна» быў не надта добры зрок. Ён насіў тактычныя акуляры, для якіх існуюць спецыяльныя картрыджы, куды ўкладаюцца лінзы. Гэта было зручна і практычна, бо свой першы кантракт ён праходзіў без такіх акуляраў, проста ў лінзах. А пясок, дым – кепска ўплываюць і на лінзы, і на вочы, плюс на баявых ты можаш правесці тры–пяць–сем сутак, а лінзы трэба здымаць, неяк чысціць…

Цікава, што, нягледзячы на дрэнны зрок, страляў ён вельмі трапна. Быў адзін выпадак напачатку 2024 года. Мы з Пшэмкам сядзелі на пазіцыі. Зразумела, дроны туды-сюды лётаюць. І тут бачым: проста над намі павіс варожы Mavic. Мы добра бачылі, у які бок ён вядзе назіранне. Выйшлі з укрыцця і пачалі страляць па чарзе – я, ён, я, ён… Выпусцілі, напэўна, па набойніку кожны. У яго, праўда, набойнік вялікі – на 60 патронаў. Мне ўжо давялося перазарадзіцца, а ў яго яшчэ заставаліся. І тут чую характэрны гук, пляскач, потым гук прапелера змяняецца – і дрон падае. Я гляджу на «Кордзіяна» і думаю: «Як так? У цябе ж зрок паршывы… Відаць, проста ўдача».

На наступнае баявое дзяжурства ён пайшоў ужо не са мной, а з іншым байцом. Праз некаторы час чую па рацыі: «Кордзіян» яшчэ адзін дрон збіў. Вось такая ў яго меткасць. Дарэчы, пасля гэтага ён даслаў мне фотку і напісаў нешта кшталту: «Раней паляўнічыя рабілі сабе штатывы, каб зручней прыцэльвацца па птушках. Трэба нешта падобнае прыдумаць для дронаў». Потым ён заказаў штатыў для фота/відэаздымкі, каб браць яго з сабой на заданні, ставіць аўтамат і выцэльваць дроны. Калі ён нешта вырашаў, то рабіў гэта.

Словам, «Кордзіян» быў вельмі цікавай асабістасцю. Сваёасаблівай, вельмі неардынарнай. Магчыма, ён не для ўсіх быў адразу зразумелы праз тое, што ён ніколі не думаў павярхоўна, ягоныя думкі былі глыбокія.

А яшчэ ён вельмі пераймаўся тэмай Беларусі. Для мяне гэта было шокам…

Вось пераглядаю нашу перапіску. Перад тым, як ізноў вярнуцца ва Украіну і заключыць другі кантракт, ён дасылае мне фота і піша: «Глядзі, я вось такую тэхніку арганізаваў (не ведаю, праз каго ў Польшчы, можа, праз валанцёраў). Можа, каму спатрэбіцца для СПА ці мо кулямёт паставім, там яшчэ гусенічная тэхніка зручная…» То-бок нават паміж кантрактамі, адпачывая, ён усё роўна думаў, як дапамагчы.

Фота з асабістага архіва

Падчас ратацый у Кыеве ён пастаянна хадзіў у залу, бегаў, займаўся сабой. І перад тым, як нам трэба было ехаць на палігон, незадоўга да ягонай гібелі, ён купіў сабе спецыяльныя вітаміны для спорту – сачыў за здароўем.

Навіна пра гібель «Кордзіяна» была шокам. Бо, скажам так, у тых умовах, што былі, гэтага не павінна было здарыцца. Але здарылася. Напэўна, «Кордзіян» апынуўся там, дзе хацеў быць. Ён часта казаў, што калі ўжо наканавана загінуць, тот хай бы загінуць на вайне.

Не ведаю, скуль, але ў яго пастаянна было нейкае прадчуванне. Напрыклад, ідзем на задачу, там вельмі цяжкі выхад: едзем на квадрацыкле па адкрытай мясцовасці, а там і дроны, і артылерыя. Я кажу: «Бля…, братан, здаецца, у нас апошні выхад». Так, жартам, але разумееш, што гэта можа быць праўдай. Але ўсё роўна спадзяешся на лепшае. А ён: «Та не, “Леў”, супакойся, ты будзеш жыць і жыць». А пра сябе кажа: «Ну, а ў мяне ўжо хутка, зараз вось выйдзем, і…» Пастаянна так жартаваў з нейкай усмешкай. Але пасля яго гібелі я пачаў усё гэта аналізаваць і зразумеў: ён усё гэта адчуваў.

Ці вось яшчэ: ён ведаў, калі можна выходзіць з падвалу. Мы ў Часавым Яры часта сядзелі ў звычайным сельскім пограбе. Абстрэлы былі тры-чатыры разы на дзень: раніцай, днём, пад вечар і ўжо ўвечары — быццам маскалі спецыяльна не давалі нам выйсці. Але ў Пшэмка быццам чуйка была: ён выходзіў роўна тады, калі не было абстрэлаў. Хоць абстрэлы былі вельмі масіраваныя: танкі або, хутчэй, гаўбіцы — нешта вельмі сур’ёзнае. Побач з нашым пограбам пастаянна штосьці выбухала. Але, дзякуй Богу, усе цэлыя, усё добра.

«Кордзіян» быў ціхі, спакойны, сам па сабе. Камунікабельны, але ненавязлівы. Сам сабе нешта зробіць, спакойна паесць, сам памые посуд. Дарэчы, вельмі акуратны. У плане рэчаў, і ў побыце. Сваёасаблівы – бо, напэўна, думаў надта глыбока. Але пры гэтым – вельмі светлы, адкрыты, як дзіця. Шмат каму дапамагаў. Да абсурду: знойдзе дзесьці вусцілкі ў боты, і купіць не толькі сабе, а адразу тры-пяць пар, каб раздаць.

Напэўна, гэта самае галоўнае на вайне – калі побач з табой такія людзі, як «Кордзіян», блізкія па духу, па настрою, па думках. Бо мы ўсе, па сутнасці, аднадумцы.

Як я ўжо казаў, мяне дзівіла, што пры дрэнным зроку ён быў шалёна меткі. А вось вадзіў ён, дарэчы, нязграбна: адчувалася, што гэта не ягонае. Ёсць людзі, у якіх – і на грамадзянцы, і на вайне – ёсць нейкая здольнасць, генетычная схільнасць. У яго на 100% была схільнасць да стральбы. А вось да шафёрства – не. Так, ён вучыўся, вадзіў, але было відаць: не яго.

Дарэчы, вось успомніў выпадак. П…дарская FPVшка прыляцела недалёка ад нас. Мы яе не збілі, яна сама ці заблыталася, ці яшчэ што. Проста «Кордзіян» кажа: «Што гэта пішчыць?» Я адказваю: «Нічога не чую» (у мяне правае вуха дрэнна чуе). Ён: «Напэўна, тэхніка нейкая едзе». Я прыслухоўваюся – нічога. Ён: «Не, пішчыць». Пайшлі  глядзець. Выходзім на адкрытую мясцовасць – а ў дрэве вісіць FPV-дрон. І ён так «пік» – і маторчык трохі пракручваецца, і зноў «пік». А ён гэта пачуў метраў за 30…

Мы тыдзень, мабыць, чакалі. Я казаў: трэба зняць, а Пшэмэк: «Ды супакойся, Леў, курва, яшчэ выбухне. Навошта табе гэта?» У выніку мы дачакаліся, пакуль у дрона цалкам села батарэя. Я падышоў, зняў відэа з усіх бакоў, даслаў нашым дроншчыкам. Пытаюся: можна здымаць? Кажуць: так, запалу ініцыяцыі няма, батарэя села, толькі асцярожна з зарадам.

У выніку я зняў гэты FPV, выкінуў зарад, прынёс дрон , сам такі шчаслівы як слон. На што «Кордзіян» кажа: «Ну ты дакладна не памрэш сваёй смерцю». Я кажу: «Непарадак, я зарад выкінуў. Раптам там нашы будуць хадзіць». Вяртаюся, забіраю зарад, прыношу і кажу: «Трэба яго расстраляць». Адношу метраў на 20 і кладу на пагорак.

Кажу: «Здымай, як буду страляць, і ён выбухне». Страляю. Праўда, страляў з аўтамата Пшэмка – а гэта важна: кожны стралок бачыць па-свойму, зброю пад сваё вока наладжвае. Карацей, страляю – не магу патрапіць. Патронаў 10 выпусціў – і ўсё дарма.

Тут «Кордзіян» бярэ, і з першага патрона – бах! – і зарад выбухае. Мне нават крыўдна стала. Я ж усё зрабіў: зняў FPV, знайшоў, выкінуў, зарад назад прынёс – а патрапіць не змог. Я нават не стаў здымаць, бо не верыў, што ён патрапіць. А «Кордзіян» узяў – і трапіў.

Дарэчы, ён не любіў фота і відэа з сабой. Што мне вельмі імпанавала: «Я не хачу, не трэба». Таму і засталося з ім вельмі мала фота і відэа. А калі і ёсць – дык выпадкова.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!