Да чаго прывяла зачыстка выдавецтваў у Беларусі? Арганізатары прэміі Ежы Гедройця распавялі пра адметнасці конкурсу

Культура
Фота ілюстрацыйнае.

25 лістапада ў Гданьску ў Двары Артуса (Dwór Artusa, Długi Targ 43-44) а 19-й гадзіне будуць агучаны вынікі конкурсу і адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця. Будзе весціся анлайн-трансляцыя.

Прэмія Гедройця ўручаецца 12 раз і трэці раз у Польшчы. Гэтым разам у Гданьску, куды імпрэза перамясцілася па запрашэнні беларускага культурнага таварыства «Хатка».

Арганізатары прэміі і сябры журы Таццяна Нядбай (ПЭН-цэнтр) і Ціхан Чарнякевіч (Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў) правялі прэс-канферэнцыю, на якой распавялі пра прызы для лаўрэатаў і асаблівасці сёлетняй прэміі.

Ціхан Чарнякевіч падзяліўся, што выбіраць кнігі для кароткага спісу было няпроста, бо выбар быў невялікі. На конкурс даслалі ўсяго паўтара дзясяткі кніг, у той час, калі ў ранейшыя гады іх колькасць магла даходзіць да шасцідзесяці. «Гэта азначае, — сказаў эксперт, — што мы трапілі ў яміну, якая ўтварылася падчас зачысткі выдавецкага поля ў Беларусі. Досыць трагічны быў год,  Добра, што прэмія захавалася. Аднак гэты год значна лепшы: палепшылася справа з кнігавыданнем, пайшлі кніжкі, як у Беларусі, так і ў іншых краінах».

Журы вызначыць тры найлепшыя кнігі, напісаныя ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы і выдадзеныя ў 2022 годзе. Усе трое пераможцаў атрымаюць узнагароды. Першая — грашовая, другая і трэцяя ўзнагароды будуць уручаны ад Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў. Гэта творчая стыпендыя на выспе Готланд — за другое месца, дапамога ў выданні кнігі — за трэцяе.

У Гданьску ў дзень уручэння прэміі плануецца шэраг літаратурных імпрэз. У Гданьскай філіі (Filia Gdańska, Mariacka, 42) перад узнагароджаннем можна будзе наведаць прэзентацыю кнігі «Алесь Бяляцкі» у 14.00, а ў 16.00 патрапіць на сустрэчу са Святланай Курс (Евай Вежнавец), якая атрымала прэмію Ежы Гедройця ў 2021 годзе за кнігу «Па што ідзеш, воўча?».

Будзе працаваць кніжны кірмаш з удзелам незалежных выдаўцоў.

Уваход на імпрэзы вольны з абавязковай папярэдняй рэгістрацыяй на сайце Беларускага культурнага таварыства «Хатка» праз спасылку.

Нагадаем, што тры пераможцы будуць выбраны з кароткага спісу:

  • 1. Алег Дашкевіч з кнігай «З вышыні птушынага палёту» (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)
  • 2. Сяргей Лескець з кнігай «Шэпт» (Мінск: выдавецкая ініцыятыва «Вільма» супольна з Р. Цымбераў, 2022)
  • 3. Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2022)
  • 4. Сцяпан Стурэйка з кнігай «Пасажыры карабля Тэсэя» (Мінск: Янушкевіч, 2022)
  • 5. Іна Снарская з кнігай «Зачараваны скарб» (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)
  • 6. Макс Шчур з кнігай «Там, дзе нас няма» (Логвінаў, 2022)

Лаўрэатамі Прэміі Гедройця 2022 сталі Сяргей Абламейка за кнігу «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая», Вольга Гапеева за кнігу «Самота, што жыла ў пакоі насупраць» і Валерый Гапеў за кнігу «Жэнька, каралева мышак».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: