Культурніцкая пляцоўка CreateCulture Space у Вільні па адрасе Karmelitų g. 5 закрываецца. Але мае спадзеў адкрыцца ў іншым месцы.
27 жніўня адбудзецца Гаражны распродаж мэблі, кніг і аксэсуараў месца, праведамілі ў тэлеграм-канале інстытуцыі.
«Усё, што рабіла прастору домам, шукае новы дом, магчыма, ваш. Усе сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку наступных крокаў CreateCulture Group», — адзначае каманда культурнага хаба.
А 28 жніўня на Karmelitų g. 5 пройдзе развітальная вечарынка.
«Ніякай праграмы, ніякіх прамоваў, проста адкрыты вечар, каб сабрацца, абняць, падзяліцца ўспамінамі і развітацца з Прасторай, якая аб’яднала столькіх з нас», — запрашаюць успомніць найлепшыя часы сузаснавальніцы платфомы Надзея Ількевіч і Таццяна Штэйнбук.
CreateCulture Space у Вільні адкрылася тры гады таму і сталася за гэты час вядомай кропкай беларускай культуры на мапе Вільні. На пляцоўцы ладзіліся выставы, кінапаказы, майстар-класы, канцэрты, стэндапы, лекцыі, буйныя публічныя мерапрыемствы. «Гэта было месца для навучання, абмену, сумеснай творчасці і, самае галоўнае, зносін», -— канстатуе каманда.
У кастрычніку мінулага года сузаснавальніцы паведамілі пра крызісную сітуацыю для пляцоўкі і звярнуліся па дапамогу. Культурнаму хабу на пэўны час удалося вырашыць свае праблемы, але фінансавы крызіс 2025 года не садзейнічаў паляпшэнню ўмоў. Сёння CreateCulture Space абвясціў аб закрыцці фізічнай прасторы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram