Concordia Choir размясціў на ютубе новы альбом, прысвечаны духоўным творам беларускага кампазітара Міколы Куліковіча, — паведаміла мастацкая кіраўніца хору Галіна Казіміроўская.
«Для мяне гэты альбом цалкам цуд! Большасць твораў у новых рэдакцыях гучыць упершыню! Музычнае золата з беларускай скарбніцы Francis Skaryna Belarusian Library and Museum in London. Ноты, якія былі напісаныя Куліковічам у 1950-х -1960-х гадах, якія ад 1971 года знаходзіліся ў скрынях Скарынаўкі, ператварыліся ў гукі! Музыка павінна гучаць! Пасля больш чым 50 год гэтыя скрыні загучалі!!! Я веру ў космас і сувязі часоў, веру, што павага да нашай гісторыі і культурнай спадчыны — ключ да нашай будучыні і сэнсаў!» — расказала мастацкая кіраўніца і дырыжорка хору.
Альбом складаецца з 11 духоўных твораў Міколы Куліковіча — выбітнага беларускага кампазітара, дырыжора, музыколага, этнографа, музычнага крытыка і паэта, які пасля рэпрэсій у 1944 годзе быў вымушаны пакінуць Радзіму, да гэтай пары забаронены ў Беларусі. Шмат музычнай спадчыны, якую пакінуў Мікола Куліковіч, яшчэ ніколі не была прадстаўлена слухачам.
Выканаўцам праекта з’яўляецца Concordia Choir — камерны харавы калектыў, які быў заснаваны ў 2007 годзе ў Мінску. У рэпертуары хору больш за 150 твораў самых розных эпох: Адраджэнне, Барока, Класіцызм, Рамантызм, музыка ХХ стагоддзя і жанраў: харавыя канцэрты, харавыя мініяцюры і песні, песні народаў свету, калядная музыка, джазавыя творы. Вялікае месца ў рэпертуары хору займае сучасная беларуская музыка, дзякуючы якой хор адкрывае Беларусь для іншых народаў. Важную ролю ў дзейнасці хора адыгрываюць прэм’еры музыкі сучасных беларускіх кампазітараў.
У 2020 годзе з-за палітычнага становішча ў краіне і забароны на дзейнасць Concordia Choir быў занесены ў «чорны спіс» і часова спыніў сваю працу. У 2021 годзе хор адрадзіў сваё існаванне на тэрыторыі Польшчы, куды частка яго ўдзельнікаў была вымушана з’ехаць.
У дадзены момант у складзе каля 15 чалавек хор працягвае сваю дзейнасць у Варшаве. Асноўнай місіяй хору з’яўляецца прэзентацыя беларускай харавой культуры.
На харавы альбом беларускай духоўнай музыкі быў абвешчаны збор.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram