Фото: t.me/belwarriors
Святлана Ціханоўская апублікавала зварот з нагоды 105-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну, падкрэсліўшы яго значэнне для беларускай гісторыі і сучаснай барацьбы за незалежнасць.
«Сёння — 105 гадоў, як слуцкія паўстанцы выступілі супраць таго, каб будучыню Беларусі вырашалі звонку. Не маючы перавагі ў сілах, яны тым не менш былі перакананыя — Беларусь вартая таго, каб за яе змагацца», — адзначыла лідар дэмсілаў.
Яна нагадала, што Слуцкі збройны чын на дзесяцігоддзі быў выціснуты з афіцыйнай гісторыі, але застаецца важнай часткай нацыянальнай памяці, бо беларусы «ніколі не былі абыякавымі да сваёй зямлі і сваёй свабоды — ні сто гадоў таму, ні цяпер».
Паводле слоў палітыка, традыцыя адказнасці працягваецца.
«Нашыя добраахвотнікі ва Украіне, валанцёры і ўсе беларусы і беларускі, якія працягваюць барацьбу дзеля незалежнасці, паказваюць, што тое ж самае пачуццё годнасці і любові да сваёй краіны жыве ў кожным з нас. У такія дні мы вяртаемся да гісторыі, каб лепш зразумець сябе і свой шлях. Беларусь будзе свабоднай і незалежнай. І гэта адбудзецца дзякуючы беларускаму народу, які ўжо стагоддзямі запар робіць выбар на карысць сваёй краіны», — падкрэсліла Ціханоўская.
Нагадаем, 27 лістапада 1920 года жыхары Слуцкага павета ўчынілі антыбальшавіцкае паўстанне дзеля незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Была арганізаваная 1-я Слуцкая брыгада стральцоў БНР у складзе двух палкоў. Паўстанцы вялі баявыя дзеянні супраць бальшавікоў да 31 снежня 1920 года.