Ці ёсць падставы называць Беларусь «падчарыцай» нямецкіх даследаванняў Усходняй Еўропы? Беларускія і нямецкія даследчыкі падвялі вынікі круглага стала

За апошнія 30 гадоў у Германіі выйшлі дзясяткі навуковых манаграфій на беларускую тэматыку, якія атрымалі прызнанне ў акадэмічным асяроддзі. Але ці азначае гэта, што Беларусь заняла трывалае месца ў нямецкай усходнееўрапеістыцы? Ці яна па-ранейшаму застаецца яе «падчарыцай» – не выключанай з поля даследаванняў, але сістэмна адсунутай на другі план у параўнанні з больш прыярытэтнымі для нямецкай навукі краінамі Усходняй Еўропы?

Гэтыя пытанні сталі цэнтральнымі на круглым стале «Беларускія даследчыкі і даследаванні Беларусі ў нямецкамоўнай прасторы: магчымасці і праблемы», які прайшоў на мінулым тыдні ў анлайн-фармаце.

Круглы стол быў арганізаваны як ініцыятыва па развіцці даследчай супольнасці ў межах праграмы Еўрапейскага саюза EU4BELARUS: Падтрымка павышэння кваліфікацыі і навучання (SALT II). У ім узялі ўдзел 34 беларускія і нямецкія даследчыкі, а таксама эксперты з іншых краін. Суарганізатарамі выступілі Форум гістарычных даследаванняў
Беларусі Нямецкага таварыства ўсходнееўрапейскіх даследаванняў (Берлін), Асацыяцыя «Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча» (Варшава) і Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі (Вільнюс).

Дыскусію мадэраваў прафесар Віктар Шадурскі. Асноўныя даклады прадставілі прафесар Томас Бон і доктар Таццяна Астроўская, пасля чаго адбылося абмеркаванне актуальных  пытанняў развіцця беларусацэнтрычных даследаванняў у нямецкамоўнай прасторы.

Вось якімі былі асноўныя высновы дыскусіі.

  • Удзельнікі круглага стала падкрэслілі, што даследаванні Усходняй Еўропы ў Германіі, у межах якіх вывучаецца і Беларусь, маюць доўгую гісторыю і шырока прадстаўлены ва ўніверсітэтах, а таксама ў навукова даследчых і аналітычных цэнтрах краіны.
  • У Германіі дзейнічаюць грамадскія арганізацыі, якія аб’ядноўваюць даследчыкаў Усходняй Еўропы: Асацыяцыя гісторыкаў Усходняй Еўропы, Асацыяцыя нямецкіх славістаў, Нямецкае таварыства ўсходнееўрапейскіх даследаванняў.
  • У краіне працуюць і спецыялізаваныя даследчыя структуры: Усходнееўрапейская сетка Макса Вэбера, Інстытут гістарычных даследаванняў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы імя Гердэра – Інстытут Лейбніца, Інстытут гісторыі і культуры Усходняй Еўропы імя Лейбніца, Інстытут яўрэйскай гісторыі і культуры – Сымона Дубнава (Асацыяцыя Лейбніца), Паўночна-Усходні інстытут – Інстытут культуры і гісторыі немцаў Паўночна-Усходняй Еўропы, Федэральны інстытут культуры і гісторыі немцаў Усходняй Еўропы .
  • Выходзяць і аўтарытэтныя профільныя выданні, у тым ліку Jahrbücher für Geschichte Osteuropas, Zeitschrift für Ostmitteleuropaforschung і Osteuropa.
  • Прыкметную працу па прыцягненні ўвагі нямецкага грамадства да Беларусі, яе гісторыі і культуры вядзе нямецкі медыяпраект dekoder.org, створаны ў 2015 годзе. На яго платформе публікуюцца дзясяткі навукова-папулярных тэкстаў, якія дапамагаюць нямецкамоўнай аўдыторыі лепш разумець працэсы ва Усходняй Еўропе, у тым ліку ў Беларусі.
  • Цікавасць да Беларусі ў нямецкай навуцы прыкметна ўзмацнілася пасля набыцця краінай дзяржаўнага суверэнітэту ў 1991 годзе. На думку прафесара Томаса Бона, за апошнія дзесяцігоддзі ў Германіі змяніліся тры пакаленні даследчыкаў Беларусі. Гэта відаць і па эвалюцыі назвы краіны ў акадэмічным ужытку: Weißrußland (1995–2004), Weißrussland (2005–2015), Belarus як усталяваная норма (2015–2025).
  • Падчас круглага стала адзначалася, што найбольш прадуктыўнымі з пункту гледжання публікацый пра Беларусь былі перыяды 2005–2006, 2015–2016 і 2020–2023 гадоў. Першая з гэтых хваль у многім была падрыхтаваная так званай «архіўнай рэвалюцыяй» 1990-х гадоў, калі многія нямецкія даследчыкі атрымалі доступ да беларускіх архіваў і змаглі працаваць з новымі крыніцамі.

Другі ўздым прыпаў на перыяд адноснага пацяплення адносін паміж Германіяй і Беларуссю, а трэці – на перыяд масавых пратэстаў беларусаў супраць дыктатуры, якія прыцягнулі ўвагу сусветнай грамадскасці. Пры гэтым на працягу ўсіх гадоў ключавымі тэмамі заставаліся вайна і гвалт, нацыяналізм і ідэнтычнасць.

  • Нягледзячы на паступовы рост навуковай цікавасці да Беларусі, у Германіі яна прыкметна саступала цікавасці да Расіі, Польшчы, краін Балтыі і Украіны. Для нямецкага грамадства і акадэмічнага асяроддзя Беларусь доўгі час заставалася своеасаблівай «белай плямай» на карце Еўропы. Як паказаў аналіз публікацый Jahrbücher für Geschichte Osteuropas за 1991–2025 гады, прадстаўлены доктарам Таццянай Астроўскай, Беларусь у большасці выпадкаў толькі згадвалася ў артыкулах і рэцэнзіях, прысвечаных Усходняй Еўропе, тады як колькасць тэкстаў, у якіх менавіта яна станавілася цэнтральным прадметам даследавання, заставалася параўнальна невялікай. Пры гэтым нямецкія і міжнародныя даследчыкі даволі актыўна працавалі з тэмамі, звязанымі з беларускай гісторыяй – сярэднявечнай Руссю, Вялікім Княствам Літоўскім, Рэччу Паспалітай, рысай габрэйскай аселасці ў Расійскай імперыі, Усходнімі Крэсамі міжваеннай Польшчы. Аднак такія працы часта не ўключаліся ў поле беларускіх даследаванняў у вузкім сэнсе, а беларуская перспектыва ў іх была прадстаўленая ў рознай ступені.
  • Пасля падаўлення беларускай рэвалюцыі 2020 года прафесійныя кантакты нямецкіх даследчыкаў з прадстаўнікамі акадэмічнага асяроддзя ўнутры Беларусі практычна спыніліся. З пачаткам поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, саўдзельнікам якой сталі ўлады Беларусі, цікавасць да беларускай праблематыкі і падтрымкі беларусацэнтрычных праектаў у Германіі знізілася яшчэ мацней. Як паказвае аналіз, цяпер усходнееўрапейскія даследаванні і звязаныя з імі праграмы фінансавання ў значнай ступені сканцэнтраваныя на Украіне.
  • Частковай кампенсацыяй скарачэння інстытуцыйных кантактаў з Беларуссю стала супрацоўніцтва нямецкіх вучоных з беларускімі калегамі, вымушанымі пакінуць краіну праз рэпрэсіі або пагрозу рэпрэсій. Некаторыя даследчыкі ў выгнанні атрымалі падтрымку ў Германіі, што дазволіла ім застацца ў прафесіі.
  • Невысокая навуковая цікавасць да Беларусі ў Германіі праяўляецца, між іншым, у абмежаванай колькасці праектаў на гэтую тэму, падтрыманых буйнымі нямецкімі навуковымі інстытуцыямі. За апошнія трыццаць гадоў Нямецкі даследчы фонд (DFG), меркавана, прафінансаваў толькі пяць праектаў, звязаных з Беларуссю. Гэты паказчык сам па сабе не дазваляе зрабіць высновы пра прычыны такой сітуацыі, але можа разглядацца як адзін з індыкатараў абмежаванай інстытуцыянальнай прысутнасці беларускай тэматыкі ў нямецкай навуцы. У значнай ступені гэта датычыцца і шырокай сеткі інстытутаў Асацыяцыі імя Лейбніца.

Пры гэтым, хоць Беларусь цяпер не ўваходзіць у лік прыярытэтаў многіх некамерцыйных фондаў, іх стаўленне да беларускіх даследаванняў выглядае некалькі больш спрыяльным. Паводле афіцыйных сайтаў, Фонд Герды Хенкель прафінансаваў шэсць праектаў, Фонд Volkswagen – тры, Фонд Тысена – адзін.

  • На думку ўдзельнікаў дыскусіі, значэнне і патэнцыял Беларусі для Германіі і Еўропы ў цэлым значна вышэйшыя за той узровень цікавасці, які існуе сёння.

Нямецкамоўныя даследаванні Беларусі застаюцца сферай працы параўнальна невялікай групы энтузіястаў. Аднак ва ўмовах працяглай расійскай экспансіі асабліва важна, каб Беларусь не заставалася на перыферыі палітычнай і навуковай увагі Германіі і Захаду ў цэлым. Недаацэнка ролі Беларусі і беларусаў у пытаннях еўрапейскай бяспекі і ў рэгіянальным культурным ландшафце ўжо прывяла да сур’ёзных негатыўных наступстваў і можа прыводзіць да іх у далейшым.

На круглым стале прагучалі і прапановы ўдзельнікаў па паляпшенні сітуацыі.

  1.  Адной з нявырашаных праблем, якія абмяркоўваліся на гэтым і двух папярэдніх круглых сталах, прысвечаных беларускім даследаванням у Польшчы і Літве, застаецца адсутнасць сістэматызаванай інфармацыі пра беларусацэнтрычныя даследаванні ў публічнай прасторы. Недастатковымі застаюцца таксама каардынацыя і абмен досведам у гэтай галіне. У якасці аднаго з магчымых рашэнняў было прапанавана пашырыць кола карыстальнікаў электроннай платформы H-Belarus, якая пачала працу ў сетцы H-Net у верасні 2025 года на англійскай мове.Пры гэтым адкрытым застаецца пытанне аб стварэнні аналагічнай платформы на беларускай мове.
  2. Каб прыцягваць увагу замежнай навукі да сваёй краіны, беларускім аўтарам варта пашыраць падыходы да вывучэння Беларусі, яе культуры і гісторыі, разглядаючы гістарычныя і сучасныя праблемы не толькі ў нацыянальным, але і ў больш шырокім рэгіянальным, транснацыянальным і глабальным кантэксце, у параўнанні з іншымі краінамі, перш за ўсё суседнімі. Перспектыўным кірункам застаецца публікацыя даследаванняў у рэйтынгавых міжнародных выданнях на нямецкай і англійскай мовах. Па-ранейшаму актуальным застаецца і пытанне перакладу манаграфій нямецкіх вучоных на беларускую мову.
  3. Удзельнікі дыскусіі адзначылі неабходнасць падрыхтоўкі навучальных матэрыялаў і анталогій па гісторыі і культуры Беларусі на нямецкай і/або англійскай мовах. Гэта магло б спрыяць уключэнню беларускай павесткі ва ўніверсітэцкія праграмы і пашырэнню яе прысутнасці ў акадэмічным выкладанні.
  4. Адной з задач беларускай навуковай супольнасці з’яўляецца арганізацыя прафесійнай дыскусіі пра навуковую тэрміналогію. Гаворка ідзе не толькі пра назву краіны на розных мовах, але і пра прынцыпы транскрыпцыі імёнаў, прозвішчаў і геаграфічных назваў. Напрыклад, нават у незалежных рускамоўных публікацыях сустракаюцца розныя варыянты прыметніка, утворанага ад назвы Беларусь: «беларуский», «беларусский», «белорусский». У нямецкамоўнай прасторы таксама захоўваюцца цяжкасці, звязаныя з карэктным адрозненнем назвы краіны, яе жыхароў і вытворных формаў. У гэтай сферы неабходны адзіны стандарт.
  5. На думку ўдзельнікаў дыскусіі, прыцягненню ўвагі шырокіх колаў нямецкага грамадства да Беларусі, а таксама папулярызацыі яе гісторыі і культуры могуць спрыяць адкрытыя публічныя мерапрыемствы, у якіх мастацтва, культура і гісторыя прадстаўлены як адзінае цэлае. Такія ініцыятывы могуць рэалізоўвацца як на прафесійным узроўні, так і намаганнямі энтузіястаў – у розных гарадах, у тым ліку невялікіх.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!