Кнігарня Kamunikat.shop. Фота: reform.news
У Варшаве адкрылася кнігарня Kamunikat.shop — сумесны праект Фонду Kamunikat і Цэнтра беларускай салідарнасці. Кнігарня размясцілася ў памяшканнях ЦБС па адрасе ul.Oleandrów 6.
У кнігарні будуць прадавацца не толькі кнігі ад выдавецтва Kamunikat.org (іх пакуль каля 70-ці). На дадзены момант прадстаўлены больш за 500 найменняў кніг 14 беларускіх выдавецтваў.
Таксама плануюцца сустрэчы з беларускімі аўтарамі, — расказаў на ўрачыстым адкрыцці кнігарні яе сузаснавальнік (і ініцыятар фонду kamunikat.org) Яраслаў Іванюк. Паводле яго словаў, тут будуць рэгулярна праходзіць сустрэчы з літаратарамі, прэзентацыі новых кніг, а таксама тых выданняў, якія ў свой час былі абыдзены ўвагай.
Адметнасць кнігарні ў тым, што тут будуць шырака прадстаўлены кнігі, выдадзеныя беларускай нацыянальнай меншасцю. Сябра ўправы Фонду Kamunikat і прадстаўніца Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Ілона Карпюк расказала пра важнасць яднання высілкаў і нацыянальнай меншасці на Беласточчыне, і беларускіх эмігрантаў. Таму сярод 14 выдавецтваў у кнігарні прадстаўлены Цэнтр беларускай культуры, Праграмная рада тыднёвіка «Ніва» і «Музей малой бацькаўшчыны» ў Студзіводах. Гэтыя кнігі часта прысвечаны жыццю на беларуска-польскім памежжы, сярод іх сустракаюцца польскамоўныя выданні, якія можна будзе ўбачыць на паліцах.
Намеснік старшыні аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка пакрэсліў важнасць таго, што беларуская меншасць і беларуская дыяспара разам рэалізуюць гэты культурніцкі праект.
Дырэктар кірмаша гістарычнай кнігі пан і прадстаўнік Fundacji Historia i Kultura Вальдэмар Міхальскі паведаміў бліжэйшыя выдавецкія навіны: чарговы салон незалежных беларускіх выдаўцоў «Вольная Беларусь» адкрыецца на Міжнарожным кніжным кірмашы ў Варшаве, які пройдзе на Нацыянальным стадыёне з 28 па 31 мая. 29 мая, а 14 гадзіне там чакаецца госць – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.
Уладзімір Арлоў прэзентаваў на адкрыцці кнігарні шостае выданне «Імёнаў Свабоды», што выйшла дзякуючы «Камунікату». У кнізе змешчана 410 гістарычных партрэтаў тых, хто з часоў Тадэвуша Рэйтана і Тадэвуша Касцюшкі змагаліся за свабоду і незалежнасць беларускай зямлі.
Кніга выдатна аформлена, яе новы фармат прывёў да таго, што на разгортах сустракаюцца два героі ці гераіні і ўступаюць у дыялог. «Гэта надае кнізе новыя сэнсы і новую якасць, — патлумачыў Уладзімір Арлоў. — Эмілія Плятэр пераглядаецца і вядзе маўклівы дыялог з яшчэ адным героем паўстання 1830-31 гадоў Міхалам Валовічам. Сустракаюцца паўстанцы 1863, бацькі БНР. Уладзімір Караткевіч і Ларыса Геніюш».
Рыхтуецца другая частка выдання, якая сёлета пабачыць свет.
«Той, хто прагне свабоды і за яе змагаецца, часта не дажывае да паважных гадоў, часта чакае свабоды не ў самых камфартабельных памяшканнях, таму тут шмат трагічных лёсаў, Але калі вы яе прачытаеце, вы пераканаецеся, што гэта кніга вельмі аптымістычная, таму што яна сведчыць пра тое, што тых, хто прагне і змагаецца за свабоду ва ўсе часы было вельмі шмат», — падсумаваў Уладзімір Арлоў.
Кнігарня працуе па адрасе: ul. Oleandrów 6/2 (metro Politechnika)
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram