Пры Цэнтры беларускай салідарнасці з вясны 2021 года працуе школа дадатковай адукацыі для дзяцей з Беларусі і Украіны.
Яна была створана з мэтай дапамагчы дзецям мігрантаў адаптавацца ў Польшчы. Аднак хутка яе задачы пашырыліся, а колькасць вучняў з 20 чалавек узрасла да 240.
Як стваралася школа? Як трансфармавалася яе праграма? Якія прадметы хочуць дадаць і якіх выкладчыкаў запрашаюць да супрацы? Пра ўсё гэта расказала дырэктарка школы дадатковай адукацыі і член кіравання Цэнтра беларускай салідарнасці (ЦБС) Хэлена Нядзьвецка.
Як усё пачыналася?
Я нарадзілася ў Беларусі, закончыла факультэт беларускай філалогіі Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта.
І неўзабаве пераехала ў Польшчу, адбылося гэта яшчэ да 2020 года. Ад самага пачатку жыцця ў гэтай краіне я марыла адкрыць школку для беларускіх дзяцей.
Пакуль я разважала ды складала праграмы, надышоў 2020-ты, год першай хвалі эміграцыі з Беларусі. Дзеткі пераязджалі разам з бацькамі якраз падчас ковіду, таму ім даводзілася ў польскіх школах вучыцца анлайн. Без ведання мовы, у нязвыклых варунках гэта было для іх надзвычай складана.
У 2020 годзе ЦБС быў створаны найперш для юрыдычнай дапамогі легалізацыі беларусаў у Польшчы. Але ўсё больш людзей, якія прыходзілі за гэтай юрыдычнай дапамогай, сталі расказваць пра праблемы іх дзяцей у польскіх школах.
І тады я зразумела, што надышоў час здзяйсняць мары. І зімой 2021 года мы далі абвестку, што па суботах будзем весці курсы польскай мовы для дзяцей.
А праз тыдні два дадалі англійскую мову, таму што нашы дзеці ведаюць яе горш, чым польскія вучні, і маляванне.
І што мяне радуе асабліва: наша школа стала не толькі пляцоўкай, дзе дзеці атрымліваюць патрэбныя ім веды, але і файным месцам сустрэч.
Статыстыка
Праз тры месяцы да нас хадзіла каля 70 дзяцей. Тады мы адкрылі музычны гурток і клуб настольных гульняў.
Першыя пяць-шэсць месяцаў усе настаўнікі працавалі як валанцёры, мала таго — на ўласныя грошы набывалі канцылярскія прылады.
Праз паўгода мы атрымалі першае фінансаванне, на той момант да нас прыходзіла ўжо 120 дзяцей.
Цяпер у нас каля 240 дзяцей, мы працуем кожны дзень, акрамя нядзелі. Каля 50 дзяцей займаюцца ў нашай школцы ад самага пачатку, ад яе адкрыцця, і большасць прыходзяць на наступны год. І гэта надзвычай мяне цешыць: назіраць за тым, як яны растуць, сталеюць, як пашыраюць кола сваіх захапленняў. Некаторыя ходзяць амаль на ўсе заняткі — і на гітару, і на гліну, і на польскую мову, і на клуб настолак. Не ўяўляю, як яны ўсё паспяваюць!
Місія
Калі школка толькі пачынала сваю дзейнасць, асноўнай нашай мэтай было дапамагчы адаптавацца дзецям у новай краіне. Таму мы шмат праводзілі заняткаў па польскай і англійскай мовах. Цяпер мы бачым сваю задачу ў тым, каб даць дзецям якасную дадатковую адукацыю, у якой яны маюць патрэбу, і зрабіць усё магчымае, каб яны захавалі сваю родную мову і культуру.
Сёння маем шэсць гадзінаў беларускай мовы ў тыдзень, набралі тры групы вучняў.
На заняткі беларускай мовай набіраем дзетак ад пяці гадоў. Калі англійскую і польскую вывучаюць па ўзроўнях — А1, А2, В1, то да беларускай мовы зусім іншы падыход: праводзім заняткі ў гульнёвай форме, інтэрактыўна, а групы набіраем не па ўзроўні ведаў, а па ўзросце. Галоўнае тут — зацікавіць.
Васіль Дранько-Майсюк вядзе інтэрактыўныя ўрокі беларускай літаратуры.
Цікава, што на нашы заняткі па беларускай мове ходзіць адзін хлопчык з Украіны. Спыталася чаму, адказвае, што мае школьных сяброў з Беларусі і таму вырашыў вывучыць іх мову.
Праграма
Для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў мы праводзім развівальныя заняткі па суботах. Сёлета набралі тры групы дзяцей.
Нядаўна набралі дзве групы — пачатковую і прасунутую — для заняткаў шахматамі.
Адзін з любімых прадметаў у дзяцей — лепка з гліны. Працуе клуб настолак, а таксама можна наведваць інтэрактыўныя тэатральныя заняткі.
І, як я ўжо згадвала, вучым мовам, маляванню і музыцы.
Тры месяцы таму ў нас пачаліся заняткі для людзей з аўтызмам. Мы запрасілі спецыяліста, які 15 гадоў займаецца асаблівымі дзеткамі. Таксама ў нас працуюць псіхолагі — і для дзяцей, і для бацькоў.
За ўвесь час дзейнасці мы правялі каля пяцідзесяці розных мерапрыемстваў для дзяцей з Беларусі і Украіны. Гэта выставы, канцэрты, паходы ў тэатры, кіно і музеі. Месяц таму рабілі ў зале ЦБС выставу дзіцячых малюнкаў.
Дарэчы, запрашаем усіх жадаючых у нядзелю у парк Лазенкі, там пройдзе экскурсія з квэстам, будуць шукаць карону караля Стаха.
Дапамога Украіне
Адразу пасля пачатку вайны ва Украіне мы адкрылі Цэнтр апекі для ўкраінскіх дзяцей. Наш цэнтр працаваў з панядзелка па пятніцу з дзевяці раніцы да пяці вечара. Дзеці атрымлівалі бясплатныя сняданкі, абеды і вячэры. Кожны дзень з імі знаходзіліся ўкраінамоўныя выхавальнікі. Амаль кожны дзень наведвалі музеі, кінатэатры, выставы і забаўляльныя цэнтры. Прыходзілі выкладчыкі-валанцёры, якія навучалі іх польскай, англійскай і ўкраінскай мовам. Таксама праводзіліся ўрокі музыкі і творчасці.
Цэнтр апекі працаваў шэсць месяцаў. З 1 сакавіка па 30 жніўня 2022 года мы змаглі аказаць дапамогу прыблізна 150 дзецям з украінскіх сем’яў.
Зачынілі наш Цэнтр толькі тады, калі знікла ў ім патрэба. Дапамаглі ўсіх дзяцей уладкаваць у школы, а некаторыя сем’і вярнуліся назад ва Украіну.
Настаўнікі
У школе працуе 16 настаўнікаў. Для большасці з іх гэта выдатная магчымасць займацца любімай справай у чужой краіне, дзе ім даводзіцца працаваць не па спецыяльнасці.
З аднаго боку, мы абмежаваны нашымі памяшканнямі: становіцца вельмі цесна, калі ў школе знаходзіцца адначасова каля 50 дзяцей.
З іншага, нам хацелася б дадаць новых прадметаў. Напрыклад, з верасня пачынаюцца заняткі па гісторыі Беларусі.
Нам важна ўлучаць і падлеткаў ад 16 да 18 гадоў. Мы шукаем выкладчыкаў, якія б маглі ім прапанаваць цікавыя заняткі. Напрыклад, шэсць месяцаў у нас працавала студыя фатаграфіі, якую вёў фатограф з «Белсату», дзеці нават выставу рабілі сваіх здымкаў. Падлеткі на заняткі фатаграфіяй хадзілі вельмі ахвотна.
Кошт навучання
Усе заняткі ў школе дадатковай адукацыі пры Цэнтры беларускай салідарнасці выключна бясплатныя. Хочацца адзначыць, што на сённяшні дзень такога вялікага і бясплатнага Цэнтра дадатковай адукацыі для дзяцей з Беларусі ў Польшчы больш няма.
Запісацца ў школку можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: