Беларуская культура ў выгнанні, асабліва ў Берліне — горадзе з даўняй гісторыяй расійска-кіраваных культурных пляцовак — сутыкаецца з вострай праблемай захавання ўласнай суб’ектнасці. На фоне расійскай агрэсіі і ўзмацнення дыяспар з Беларусі і Украіны паўстае пытанне: ці можа супраца з расійскімі цэнтрамі дапамагчы, ці, наадварот, нясе рызыку ўмацавання старых імперскіх іерархій? На думку каманды Fem.Bridgibng Cultures, нам як ніколі патрэбны незалежныя, дэкаланіяльныя культурныя прасторы, каб беларускі голас гучаў самастойна і суб’ектна.
Беларуская ініцыятыва, якая працуе ў Берліне паўтары гады, звярнулася да Reform.news з просьбай публікацыі звароту, якім каманда праекта хоча распачаць дыскусію, важную не толькі для культурнага поля Нямеччыны.

***
Чаму мы прапануем абмеркаваць супрацу з прасторамі, якія кіруюцца расійскімі актар:камі?
У Берліне — горадзе з найбольшай рускамоўнай супольнасцю ў Нямеччыне — расійскія культурныя прасторы, бары, кнігарні, крамы існуюць ужо многія гады, а часам і дзесяцігоддзі. Гэтыя прасторы першапачаткова ствараліся перадусім для расійскіх культурных дзяяч:ак і расійскай дыяспары. Яны маюць усталяваныя сеткі, стабільныя структуры і значна большыя рэсурсы, чым беларускія альбо ўкраінскія супольнасці ў выгнанні, якія пачалі фармавацца толькі ў апошнія гады, калі людзі былі вымушаныя пакінуць свае краіны з-за расійскай агрэсіі або падтрымкі Расіяй рэжыму Лукашэнкі.
Пасля шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года многія з гэтых прастораў апынуліся пад грамадскім ціскам. Ім давялося наноў вызначаць уласную пазіцыю, каб працягваць працу і адначасова не выглядаць адназначна «расійскімі». Некаторыя змянілі назвы, візуальнае афармленне або нават вывесілі ўкраінскія сцягі, каб прадэманстраваць дыстанцыянаванне ад палітыкі Расіі. Іншыя пачалі актыўней запрашаць беларускіх і нават украінскіх культурных дзяяч:ак і маста:чак — часта каб умацаваць уласную легітымнасць. Паралельна з’явіліся і новыя, расійска-кіраваныя месцы, у тым ліку расійскія кнігарні.
Для беларускай супольнасці ў выгнанні такія прасторы ствараюць асаблівыя выклікі: яны ўплываюць на ўспрыманне, дыскурсы і задаюць рамкі, у якіх іншыя культуры часта выглядаюць дадаткам да расійскай — і нясуць рызыку, што беларуская культура зноў будзе бачная выключна ў межах расійскага наратыву.
Чаму гэта праблема і навошта нам патрэбныя незалежныя, дэкаланіяльныя культурныя прасторы — мы тлумачым у нашым звароце.
1. Рызыка ўспрымання беларускай культуры праз расійскую прызму
Калі беларуская культура і літаратура прадстаўлены пераважна на сцэнах і пляцоўках з дамінаваннем расійскай мовы і культурнага коду, узнікае небяспека, што іх будуць успрымаць як частку «расійскай дыяспарнай культуры», а не як самастойную — гістарычна, моўна і культурна.
Беларуская культура стагоддзямі падвяргалася ціску, забаронам, другараднасці і маргіналізацыі з боку Расіі — і гэтыя механізмы па-ранейшаму дзейнічаюць. У сённяшніх умовах палітычнай, ваеннай, медыйнай і эканамічнай залежнасці Беларусі ад Расіі асабліва важна не даць беларускай культуры зноў апынуцца ў кантэксце расійскага імперыялізму.
Паколькі ўнутры Беларусі адкрыта і свабодна гэта рабіць складана, адказнасць за стварэнне і падтрыманне ўласных незалежных культурных прастораў ляжыць перадусім на беларускай дэмакратычнай супольнасці ў выгнанні.
2. Русіфікацыя і дамінаванне расійскамоўных культурных прастораў
Шэраг расійскамоўных культурных прастораў у Берліне — сярод іх, напрыклад, і PANDA — ужо шмат гадоў застаюцца цэнтрамі расійскакодаванай культурнай сцэны. Мова, праграмная логіка, культурныя коды і сеткі ў такіх месцах у значнай ступені вызначаюцца расійскім кантэкстам.
Для людзей з краін, якія гістарычна цярпелі ад расійскай імперскай палітыкі, культурнай асіміляцыі і лінгвіцыду, такі кантэкст не можа лічыцца нейтральным.
З дэкаланіяльнай перспектывы важна пытацца, якія дыскурсы і культурныя механізмы працягваюць узнаўляцца ў такіх прасторах, нават калі іх мэты выглядаюць адкрытымі і інклюзіўнымі.

3. Сімвалічная разнастайнасць як спосаб падтрымкі гегемоніі
Расійска-кадаваныя культуры і праекты нярэдка выкарыстоўваюць удзел творчых асоб з Беларусі, Украіны і іншых рэгіёнаў як сімвалічнае сведчанне адкрытасці і плюралізму.
Аднак фактычна расійская культура застаецца цэнтрам, у той час як іншыя культуры могуць выглядаць як дадатковыя, «фальклорныя» або ўмоўна-дэкаратыўныя. Так гістарычныя імперскія іерархіі працягваюць рэпрадукавацца, нават у эміграцыі.
4. Логіка запрашэнняў і «нармалізацыі»
Расійска-кадаваныя прасторы часта актыўна запрашаюць творчых асоб з краін, якія раней уваходзілі ў склад Расійскай імперыі і/або СССР. Публічнае выступленне на такой сцэне можа выглядаць як бясшкодная магчымасць — асабліва калі хтосьці з беларускіх, украінскіх альбо творцаў іншых краін выступалі там раней. Так узнікае эфект нармалізацыі: «Калі іншыя ўжо рабілі гэтае — значыць, і мне можна». Але такая дынаміка прыводзіць да сімвалічнага «lock-in»: кожны наступны ўдзел не ставіць пад сумнеў, а наадварот умацоўвае легітымнасць прасторы, якая фактычна працягвае працаваць у рамках расійскай культурнай дамінацыі.
5. Чаму расійскія апазіцыйныя культурныя прасторы не з’яўляюцца аўтаматычна бяспечнымі або нейтральнымі для беларуса:к
Быць супраць Пуціна не гарантуе дэканструкцыі імперскага мыслення. Нават у частцы апазіцыйных медыйных і культурных прастораў уласныя прывілеі, іерархіі і імперскія культурныя тэзісы могуць заставацца непераасэнсаванымі. Фразы накшталт «Мы ўсе ахвяры рэжыму» ці «Мы ўсе пакутуем ад Пуціна» пераносяць адказнасць у бок індывідуальнага досведу і не ўлічваюць гістарычную і сучасную агрэсію Расіі супраць Украіны. Расійскім досведам, наратывам і культурным рэферэнцыям часта надаецца цэнтральнае значэнне, а беларускія перспектывы застаюцца на другім плане. Для беларускай культуры гэта азначае небяспеку растварэння, другараднасці і страту ўласнага суб’ектнага голасу — асабліва цяпер, калі Беларусь імкнецца да культурнай, моўнай і палітычнай самастойнасці. Сапраўдная постімперская перспектыва патрабуе прастораў, дзе гэтыя галасы могуць гучаць самастойна і суб’ектна.
6. Расійскія кнігарні за мяжой умацоўваюць культурныя пазіцыі сучаснай Расіі
Шэраг такіх кнігарняў працягвае набываць частку кніг непасрэдна ў Расіі або праз пасярэдні:ц, якія супрацоўнічаюць з расійскімі выдавецтвамі. У выніку частка сродкаў непазбежна трапляе ў расійскія дзяржаўна кантраляваныя структуры: частка грошай ідзе непасрэдна выдавецтву, якое плаціць падаткі ў дзяржаўны бюджэт, а гэты бюджэт фінансуе вайну, рэпрэсіі, прапаганду і дзейнасць спецслужбаў.
У такіх умовах расійскія кнігарні за мяжой нельга разглядаць як палітычна нейтральныя — яны застаюцца часткай сістэмы, што ўскосна падтрымлівае неаімперскую палітыку і спрыяе культурнаму выцісканню іншых моў і культур.

7. Свядомы выбар: незалежныя дэкаланіяльныя культурныя прасторы
Мы не заклікаем да «адмены» прастораў, звязаных з расійскім культурным кантэкстам. Цалкам нармальна, што гэтыя пляцоўкі застаюцца месцам расійскай дыяспары. Але важна, каб яны не прэтэндавалі на прадстаўленне або прыцягненне іншых супольнасцяў — асабліва тых, чый досвед і інтарэсы адрозніваюцца ад расійскіх.
Мы не ацэньваем і асабісты выбар людзей у пытанні супрацоўніцтва з гэтымі прасторамі. Для нас важная свядомая, узважаная і адказная пазіцыя: каго і якія структуры мы ўмацоўваем, калі выступаем на такіх пляцоўках, набываем кнігі ў расійскіх крамах або ўдзельнічаем у іхніх імпрэзах — і якую культурную будучыню мы такім чынам ствараем для сябе і сваёй супольнасці.
Культурная суб’ектнасць у выгнанні нараджаецца там, дзе рамкі, мова, наратывы і бачнасць не пераймаюцца, а фармуюцца самастойна і адказна. Таму мы падтрымліваем незалежныя і дэкаланіяльныя культурныя прасторы, у якіх беларускія, украінскія і іншыя галасы не толькі прысутнічаюць або «запрашаюцца», а становяцца носьбіт:камі ўласных пазіцыйі і ўласных наратываў.
Каманда Fem.Bridgibng Cultures 21.11.2025, Berlin
Ад рэдакцыі
Запрашаем чытачоў далучыцца да дыскусіі: падзяліцеся ў каментарах сваім досведам супрацоўніцтва з такімі пляцоўкамі і сваімі меркаваннямі наконт таго, якім павінен быць шлях да стварэння незалежных і суб’ектных беларускіх культурных прастораў у Берліне і іншых гарадах.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Згодная з каментаром вышэй: выглядае, сапраўды як агрэсіўны накід на канкрэтную Панду. Я не раз працавала з Пандай і ніколі там не было для мяне, як беларускі, нічога прыніжальнага ці маніпулятыўнага. Беларускія мерапрыемствы праходзілі на беларускай, нямецкай і ангельскай мовах, ніхто не дыктаваў як і што нам праводзіць. Панда давала пляцоўку пад нашы ініцыятывы заўжды, яшчэ і да 2022 года (тобта гэта не новапрыдуманнае алібі).
Згодная з каментаром вышэй: выглядае, сапраўды як агрэсіўны накід на канкрэтную Панду. Я не раз працавала з Пандай і ніколі там не было для мяне, як беларускі, нічога прыніжальнага. Беларускія мерапрыемствы праходзілі на беларускай, нямецкай і ангельска
Было б добра, каб аўтар_кі тэкста пакінулі назвы беларускіх ініцыятыў, на якіх варта звяртаць увагу. А ўзгадванне адной культурнай прасторы Panda скрозь увесь тэкст выглядае як тое, што ён скіраваны менавіта супраць яе, хоць канкрэтных доказаў маргіналізацыі ўкраінскай і беларускай культур на гэтай пляцоўцы прадстаўлена не было.
«актар:камі» что это за дичь? немецкие налогоплательщики в кyрcе или их не cпрашивали?
Так не хапала такога меркавання ў публічнай прасторы. Згодная з кожным словам!