Паэтка, кампазітарка, спявачка, лаўрэатка прэміі Францішка Аляхновіча Бервета Ірзвіцкая і паэт і празаік Конрад Жывойта рыхтуюць аўдыякнігу з вершамі ў выкананні саміх аўтараў, а таксама некалькі аўтарскіх песень. Усе творы аб’яднаны ў цэльную літаратурна-музычную кампазіцыю.
«Пра што творы? Пра Беларусь і беларусаў, пра гісторыю і лёс, пра жыццё і выбар шляхоў, пра прыроду і коцікаў, пра шчасце і каханне. Вершы аўтараў – гэта аповед пра пачуцці і ўражанні ад падзей, што адбываюцца вакол нас», — пішуць аўтары пра праект.
У кнізе чатыры часткі.
- Частка 1. «Край мой родны» прысвечана Беларусі, яе цудоўнай прыродзе і гісторыі. У вершах адлюстраваліся пачуцці шчырай любові да роднай краіны, перажыванне і боль за яе лёс; у іх гучыць гордасць за нязломнасць і сілу духу беларускага народа, а таксама выказана надзея і вера ў перамогу святла і дабра.
- Частка 2. «Цемра сыдзе» — гэта цыкл вершаў Ірзвіцкай, напісаных у зняволенні. За гэтыя творы яна стала лаўрэаткай прэміі Ф. Аляхновіча ў 2024 годзе.
- Частка 3. «Кветка свабоднай душы» — раздзел філасофскага зместу з разважаннямі пра сэнс жыцця, свабоду асабістага выбару, прагу свету і міру, разважаннямі таксама і пра цяжкае становішча нашай краіны, якая зараз стаіць на раздарожжы свайго гістарычнага шляху.
- Частка 4. «Не забывайте о любви» — гэта лірычныя вершы пра каханне і шчасце, любоў да хатніх гадаванцаў, успаміны і вобразы дзяцінства і маладосці, бытавыя замалёўкі.
Падтрымаць ініцыятыву можна праз краўдфандынгавую платформу Gronka.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
🔥 Поддержите Reform.news донатом!