Сёлета Міжнародны дзень тэатра супаў з фіналам XIX маладзёжнага форуму «М.@rt.кантакт», які на тыдзень зрабіў Магілёў цэнтрам тэатральнага жыцця. Аднак атмасфера свята не змагла схаваць відавочных зрухаў у культурнай прасторы краіны: форум, які заўсёды ганарыўся сваёй разнастайнасцю і пошукам новых форм, сёлета канчаткова набыў расійскі акцэнт.
З семнаццаці спектакляў афішы дзесяць прыехалі з Расіі, пакінуўшы беларускім калектывам ролю гаспадароў, якія ўсё часцей апынаюцца ў меншасці на ўласнай сцэне.
Гэтая лічбавая перавага адлюстравалася і ў рашэннях журы: галоўны прыз экспертаў едзе ў Санкт-Пецярбург разам з пастаноўкай «Лада або Радасць» Невялікага драматычнага тэатра. А глядацкія сімпатыі дасталіся «Даме з сабачкай» Маскоўскага Губернскага тэатра. Нават закрыццё форуму прайшло пад знакам Смаленскага камернага тэатра, які прадставіў «Пікавую даму» ў яркай, прафесійнай, але класічна расійскай трактоўцы.
Аднак важнай навіной фестывалю стала рашэнне маладзёжнага журы. Сваю ўзнагароду маладыя крытыкі аддалі спектаклю «Хутар» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Гэтая пастаноўка паводле аповесці Васіля Быкава «Знак бяды» была ўвасоблена на сцэне адным з самых папулярных беларускіх рэжысёраў Яўгенам Карнягам.
У цэнтры сюжэта «Хутара», які прэса апісавала, у тым ліку, як «псіхалагічны трылер» — «гісторыя простых людзей, якія змагаюцца за тое, каб выжыць, і робяць складаны маральны выбар на мяжы жыцця і смерці. У гэтым выбары праяўляюцца ўсе адценні чалавечай душы, узнікаюць карціны з мінулага, калі героі таксама павінны былі нешта вырашаць у складаных абставінах… І хутар [Сцепаніды і Петрака] становіцца адзіным маўклівым сведкам невыносных выпрабаванняў ды знакам нязломнасці чалавечага духу».
У пастаноўцы задзейнічана амаль уся трупа тэатра.
XIX маладзёжны форум «М.@rt.кантакт» сёлета ладзіўся з 20 па 27 сакавіка. У яго праграме пераважалі спектаклі паводле рускіх класікаў: Аляксандра Пушкіна, Антона Чэхава, Мікалая Гогаля.
Нагадаем, што «М.@rt.контакт» ладзіцца з 2006 года, да 2020 года ён праходзіў пад кіраўніцтвам дырэктара тэатра Андрэя Новікава і сапраўды быў міжнародным. Для параўнання: у 2019 годзе на «М.@rt.кантакт» прыехалі 23 тэатры і незалежныя тэатральныя калектывы з дзесяці краін.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
