У Зялёнай Гуры пакажуць «Акупацыю. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі ў межах кіно ад «Бульбамуві»

21 верасня ў польскай Зялёнай Гуры адбудзецца выязны кінапаказ ад фестываля беларускага кіно «Bulbamovie». У праграме імпрэзы — паказ культавай стужкі Андрэя Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі», дыскусія з заснавальнікамі фэсту ды рэжысёрам апальнай карціны, які зараз знаходзіцца ў Польшчы.

Каманда «Bulbamovie», якая ад пачатку падтрымлівае незалежных творцаў, праз гэтую імпрэзу прыцягвае ўвагу да андэграўнднага белкіно. Варта адзначыць і ініцыятыву актывістаў з Зялёнай Гуры, які запрасілі да сябе фэст некалькі месяцаў таму.

Нагадаем, што ў ліпені гэтага года беларускі кінаматаграфіст і заснавальнік арт-праектаў Андрэй Кудзіненка быў вымушаны тэрмінова з’ехаць з краіны. Гэтаму папярэднічалі ператрусы сілавікоў у ягоным жытле і ў прыватнай кінашколе «КінаКалайдар». Гэта паказ становіцца своеасаблівым першым выхадам рэжысёра ў свет у эміграцыі.

Што ж у праграме?

Гледачам прапануюць дзве працы незалежнага беларускага кінематографа.

«Акупацыя. Містэрыі» (2004) — ваенная драма Кудзіненкі, якая лічыцца першай незалежнай стужкай у навейшай гісторыі беларускага кіно. Фільм здабыў прызнанне на еўрапейскіх кінафестывалях за смелае пераасэнсаванне ваеннай тэмы, але быў афіцыйна забаронены да пракату ў Беларусі. Стужка не выпадкова атрымала пазнаку «беларускі ваенны вестэрн».

«Barbie.ru» (2024) — сатырычная кароткаметражка Жэні Дарк пра ляльку Барбі, якая трапляе ў прастору «русского мира». Яскравы макіяж ператвараецца ў бруд, а пластык ілюзій трэскаецца ад сутыкнення з рэальнасцю. У ролях: Паліна Дабравольская, Павел Яскевіч, Мікалай Другі, Святлана Зелянкоўская, Павел Крыксуноў і Піт Паўлаў. «Barbie.ru» можна назваць беларускім андэграўндным кіно 2020-х.

Прадстаўляць карціны будуць польска-беларускі рэжысёр, сузаснавальнік «Бульбамуві» Януш Гаўрылюк ды куратар і аніматар культуры Пятро Дудановіч.

Паказ і дыскусія пройдуць 21 верасня ў арт-прасторы Piekarnia Cichej Kobiety (ulica Fabryczna 13B, Zielona Góra). Уваход на падзею вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram