Фота: Юля Цімафеева.
Ужо на наступным тыдні — 26 сакавіка — на сцэне канцэртнай залы Гевандхаус (Gewandhaus) у Ляйпцыгу беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч будзе ўганараваны адной з найпрэстыжных літаратурных прэмій Еўропы — Ляйпцыгскай кніжнай прэміяй за еўрапейскае паразуменне.
Пачэсная ўзнагарода, лаўрэатамі якой у свой час сталі Рышард Капусьцінскі, Святлана Алексіевіч, Эрык Гобсбаўм і іншыя творцы, будзе ўручана Альгерду Бахарэвічу за ягоны раман «Сабакі Эўропы». Перакладзены на нямецкую мову Томасам Вайлерам слынны твор, які за апошні час скарае ўсё больш чытачоў у Еўропе, на радзіме пісьменніка — у Беларусі — прызнаны «экстрэмісцкім». Нібыта насуперак гэтаму падарунку ад рэжыму, «bu samoje» (што ў перакладзе з мовы бабульта, якую можна назваць адной з гераіняў рамана, «будзь вольным») гучыць з вуснаў еўрапейцаў розных краін.
Напярэдадні значнай падзеі Reform.news распытаў Альгерда Бахарэвіча пра яго Opus Magnum, імпэрскую і нацыяльную ўтопіі, свабоду, а таксама Беларусь як краіну еўрапейцаў.
— Альгерд, у вашым рамане «Сабакі Эўропы» мяне моцна ўзрушылі тры рэчы. Першае — гэта прастора беларускай мовы. Я бы сказала, што для кожнай главы вы абіраеце сваю прастору, нават стыхію мовы, дзе адбываецца дзеянне. Другая рэч — гэта Еўропа і яе будучыня. Вы прадказалі ў кнізе паўставанне Расійскага Райху — Расіі, якая ў 2025 годзе паглыне суседнія землі, у тым ліку, Беларусь. Прадказалі вайну, пасля якой свет будзе падзелены. Трэцяя рэч — гэта прастора свабоды. Ключавыя героі рамана знаходзілі сваю прастору свабоды праз фантазію, слова, прагу нязведанага і прыўздымаліся над абставінамі, у якіх яны знаходзіліся. Што з’яўляецца ключавым для вас у гэтым шэрагу — мова, Еўропа, свабода?
— «Сабакі Эўропы» — самая важная мая кніга. Больш чым проста кніга. Некалі я напісаў для першага выданьня гэтага рамана кароткую і прыгожую анатацыю. Мне здаецца, яна зусім не састарэла. «Сабакі Эўропы» — гэта раман пра ўладу мовы і мову ўлады, пра Беларусь як эўрапейскі востраў і пра Эўропу як беларускі сон. Пра літаратуру, пра імпэрыю, пра фашызм, пра вечную таямніцу творчасьці і пра чалавечую апантанасьць.
Гэта праўда, кожная частка мае сваю ўласную мову, сваю інтанацыю і свой уласны голас. Больш за тое, у кожнай частцы хаваюцца свае пасткі і загадкі — для ўважлівага чытача. Але ёсьць яшчэ адна рэч, пра якую мне ўсё часьцей даводзіцца гаварыць сёньня у зьвязку з гэтай кнігай. «Сабакі Эўропы» насамрэч даследуюць Утопію. Утопію ў яе самых розных праявах. Моўную ўтопію: ці магчымая ў прынцыпе ідэальная мова, мова свабоды? Імпэрскую ўтопію, часткай якой ёсьць для Расейскага Райху Беларусь. Беларускую нацыянальную ўтопію. І ўтопію аб’яднанай Эўропы. Утопію літаратуры — ці можа ацалець у дваццаць першым стагодзьдзі літаратурацэнтрычны сьвет? І ўрэшце ўтопію будучыні — самую страшную з утопій…
Кожная ўтопія патрабуе ахвяраў. Патрабуе людзей — нас з вамі. Кожная ўтопія забівае. Кожны стваральнік утопіі насамрэч крывавы бог — якія б высакародныя задачы ён перад сабой ні ставіў. Што жывы чалавек можа супрацьпаставіць утопіі? Толькі свабоду, сваю найвялікшую каштоўнасьць. Свабоду, якую мы маніфэстуем на розных узроўнях. Напрыклад, на моўным. Мова — апошняе, што ў нас могуць скрасьці. Цяпер я шмат размаўляю з журналістамі пра гэты раман і паўтараю, што я ня веру ва ўтопіі… Я веру ў казку. Вялікую эўрапейскую казку. Казка ёсьць супрацьлегласьцю ўтопіі. Казка мае мараль, утопія імкнецца замяніць яе ілюзіяй усеагульнага шчасьця.
— Кніга «Сабакі Эўропы» была апублікавана ў 2017 годзе. Можна сказаць, што тады раман успрымаўся як «антыўтопія», якую мала хто мог памысліць. Расійскі Раіх, сцяна, якая падзяляе Еўропу і гэты Раіх, кантраляваны інтэрнэт, служба ў войску, з якой не вяртаюцца…
Сёння — 2025 год. Беларусь прайшла пратэсты 2020 году. У 2022-м пачалося ўварванне Расіі ва Украіну. Вы разам з Юляй Цімафеевай, вашай жонкай і каляжанкай зараз пісьменнікі ў выгнанні. Творы Альгерда Бахарэвіча прызнаны «экстрэмісцкімі» ў Беларусі. «Антыўтопія», якая падавалася такой далёкай — нечакана, але «наступіла» ў Беларусі. Калі, на ваш погляд, распачынаецца будучыня, якая потым становіцца нашай цяпершчынай? Што для вас стала прыкметамі, знакамі будучай расійскай агрэсіі ў тых самых ліберальных 2010-х, калі пісаўся твор?
— Будучыня пачынаецца кожны момант, калі мы ўсьведамляем сябе ў часе. Сапраўдная літаратура заўсёды спрабуе паглядзець на сьвет і чалавека адначасова ў трох вымярэньнях: у мінулым, у цяперашнім і ў будучым. Што было там, дзе мы жывем, дзе мы зараз і дзе і сярод каго апынемся, калі перастанем прыдумляць сабе будучыню? Менавіта таму літаратура настолькі важная для разуменьня таго, што з намі адбываецца. Літаратура адчувае небясьпеку задоўга да моманту, як здарыцца катастрофа, літаратура дасылае сыгналы трывогі, гэта адна зь яе задачаў. Кнігі даюць нам магчымасьць шматвымернага зроку, кнігі — гэта ўпісваньне сябе ў гісторыю… Аўтар добрага рамана і яго чытач мысляць гістарычна. А калі ты мысьліш гістарычна — заўважаеш і разумееш больш, чым тыя, хто займаеццм выключна выжываньнем, хто жыве сёньняшнім днём. Трэба прызнаць, што большасьць беларусаў усю пару лукашэнкаўскага кіраваньня ня надта хвалявала, хто яны, дзе яны апынуліся, чаму амаль страцілі мову, чаму ўлада ў нас вось такая… Людзей цікавілі грошы, забавы, дабрабыт, візы, надзейнасьць, стабільнасьць… Людзі і праўда думалі, што можна жыць вось так — ня ведаючы нічога пра сьвет, ня маючы ўяўленьня пра сябе, ня маючы ні мовы, ні ўласнага вобразу, ні візіі будучыні…
Што такое Расейская імпэрыя, што такое расейскі фашызм, расейскі нацызм, нам было ясна яшчэ ў дзевяностых гадах мінулага стагодзьдзя. Імпэрыя ж тады нікуды не падзелася. Яна аслабела — але ніколі не пераставала бачыць сьвет як патэнцыйную прастору для экспансіі. Яна марыла пра рэванш. А на Захадзе паверылі, што гэта і праўда магчыма — дэмакратычная Расейская імпэрыя… Дэмакратычных імпэрый не бывае, гэта нонсэнс.
Найлепшыя творы ўкраінскай і беларускай літаратуры папярэджвалі сьвет на пачатку новага стагодзьдзя, што прынясе нам Расея, калі яна «падымецца з каленяў». Але ніхто нас ня слухаў. Нас лічылі або нацыяналістамі, якія проста «ненавідят все русское», або проста ігнаравалі, бо да поўнамаштабнага расейскага ўварваньня 2022 году на Захадзе, які так ганарыўся сабой, мала хто верыў у нашае існаваньне, у існаваньне нейкай асобнай ад імпэрыі Ўсходняй Эўропы. Нейкай там Беларусі ці Ўкраіны… Нейкай там беларускай літаратуры… Нас лічылі Расеяй. Сёньня за гэтую сьлепату расплачваецца ўся Эўропа.
Калі я пісаў «Сабакаў Эўропы», фашызм у Расеі перажываў свой росквіт, расейскі нацызм імкліва рабіўся дзяржаўнай ідэалёгіяй. Ужо была вайна супраць Грузіі, ўжо ішла вайна на Данбасе. А на Захадзе тым часам захапляліся, на якім высокім узроўні Расея правяла чэмпіянат сьвету па футболе. Паралелі з Алімпіядай-1936 у Бэрліне былі відавочныя. Якія прароцтвы тут яшчэ былі патрэбныя? Празь некалькі гадоў гэты сон розуму спарадзіў пачвараў.
— Ці бачыце вы зараз прыкметы іншай будучыні Беларусі, Еўропы, чым апісваецца ў вашым творы?
— Беларусь — ня востраў, і яе будучыня залежыць ад іншых. Ад таго, ці прызнае Эўропа яе сваёй неад’емнай часткай. Я сапраўды штосьці змог прадказаць у «Сабаках Эўропы», хоць збольшага гэта не прароцтва, а хутчэй адсутнасьць ілюзій. Аднак чаго я прадказаць ня змог (дый ніхто, здаецца, ня здолеў), дык гэта такога павароту амэрыканскай палітыкі ў 2025-м. Цяпер перад Эўропай стаяць выклікі з двух бакоў, з боку вялікай і гнюснай імпэрыі Пуціна і з боку Амэрыкі. І тут як ніколі робіцца важнай агульная эўрапейская ідэнтычнасьць. Толькі яна можа нас абараніць. Для гэтай ідэнтычнасьці зноў робяцца важнымі літаратура, слова, тэкст.
У Ляйпцыгу я буду гаварыць пра тое, наколькі важная сёньня Вялікая Эўрапейская Казка, зь яе маральлю, яе мастацкай сілай, яе выразнасьцю — як супрацьлегласьць утопіям, папулізму, прапагандзе і камэрцыйнаму, таталітарнаму фэнтэзі, што запоўніла сабой маральную пустату. Калі Эўропа ўспомніць свае карані, калі адчуе сябе аб’яднанай, моцнай, калі зразумее, што яна мусіць абараняць свае каштоўнасьці ад пагрозаў з абодвух бакоў, што гэта для яе жыцьцёва важна — у нас, эўрапейцаў, ёсьць шанец.
У гэтай барацьбе мусіць быць чутны і беларускі голас. І я бачу, што «Сабакі», перакладзеныя на адну зь вялікіх эўрапейскіх моваў, хоць трошкі, але могуць даць іншую візію Беларусі. Беларусі як краіны эўрапейцаў. Не суагрэсараў, ня вечных ахвяраў, не апатычных і абыякавых саўкоў — але эўрапейцаў, зь якімі гісторыя абышлася надзвычай жорстка, паставіўшы іх на самай мяжы з імпэрскай Расеяй.
Я не стамляюся паўтараць, што Беларусь — гэта Эўропа. Толькі іншая. На жаль, мы сапраўды ня востраў. Якой будзе будучыня Беларусі, залежыць сёньня ня толькі і ня столькі ад беларусаў. Канец імпэрскай Расеі будзе азначаць надзею і для нас. Тыя, хто не набліжае гэты канец, працуюць супраць нас. Ці ахвяруе намі Эўропа ў сваёй барацьбе? Ці зробімся мы разьменнай манэтай, як гэта ўжо ня раз бывала? Адказ залежыць ад таго, наколькі мы адчуваем сябе эўрапейцамі і наколькі выразным будзе нашае пасланьне іншым. Мы мусім зьмяняцца хутчэй, чым зьмяняецца сьвет, і гэта насамрэч немагчыма. Але літаратура часам можа даць нам ключ да будучыні.
— У вашым рамане ёсць частка, у якой бабуля-шаптуха трапляе ў рукі беларуса, які вырашыў пабудаваць сваю Беларусь на выспе. Сваю Крыўю, не залежную ні ад нікога. Яшчэ адна ўтопія, якая пераўтвараецца ў антыўтопію пры ажыццяўленні. Падаецца, што ў гэтай трагічнай і саркастычнай частцы вы нагадваеце пра тое, што немагчыма пабудаваць «сваю Беларусь» ва ўмоўным сканструяваным выраі, ці скажам прама — у эміграцыі. Што гэта ілюзія хавае ў сабе шмат небяспекі. У якой прасторы можа тады жыць Беларусь? Кім і чым яна сёння ёсць, калі ў краіне яе «сціскае» рэжым, а ў эміграцыі яе мрояй забываюцца беларусы?
— Трэцяя частка «Сабакаў Эўропы», «Неандэртальскі лес», ёсьць гісторыяй пра фашызм. Але ўжо не імпэрскі, расейскі, а наш. Бо ідэальная, расава чыстая Крыўя — гэта і ёсьць «Беларусь для беларусаў». Якая, паводле задумы Максіма Крывічаніна, мае жывіцца спрадвечным духам, трансьляваным праз бабку-шаптуху. Гэта сатыра на тупы нацыяналізм. Які ўвесь час хоча падмяніць сабой Адраджэньне. Вядома, гэтая трэцяя частка кнігі (а я нагадаю, што раман пісаўся ў 2016-2017 гадах) — водгульле тых дыскусій (хоць назваць гэта дыскусіямі складана), якія даўно ішлі ў беларускім сеціве… Сатыра на абсалютна маргінальных пэрсанажаў, якія блытаюць «Жыве Беларусь» зь «Бі жыдоў і нэграў, ратуй Крыўю»… На жаль, да іх таксама прыслухоўваліся. Яны і сёньня застаюцца для многіх «патрыётамі». Беларусы не заўсёды распазнаюць нацызм, калі ён беларускамоўны, і гэта праблема… Жах такога пячорнага нацыяналізму, нацызму, фашызму ў тым, што яны заўсёды маюць ідэал у мінулым. Яны зьвернутыя ў мінулае. У іх няма візій будучыні. Фашызм — гэта нэкрафілія.
У адрозьненьне ад іншых эўрапейскіх нацый, беларусы не рэалізавалі да канца свой нацыянальны праект, мы ня мелі незалежнасьці аж да самага распаду Савецкай імпэрыі, з розных прычын — дый сёньня рызыкуем яе страціць. Беларускі нацыяналізм актуальны, бо нацыянальнае застаецца пад пагрозай. Мова, культура, гісторыя, ідэнтычнасьць. Мы вымушаныя змагацца за сваё, нібыта мы ўсё яшчэ ў дзевятнаццатым стагодзьдзі. І адказ на пытаньне: «Чаму?» адзін: імпэрыя трымае нас у сваіх сьмяротных абдымках. Расейская імпэрыя нікуды ня зьнікла, і яе існаваньне ніколі ня дасьць нам магчымасьці завяршыць нацыянальны праект і ўвайсьці ў новую эпоху. І тут паўстае пытаньне: а ці варта нам наогул трымацца за нацыянальнае?
Для мяне відавочна, што калі адмовіцца ад ідэнтычнасьці, заснаванай на мове, то створаную гэтым пустату ўжо нічога не запоўніць. Або з мовай у Эўропу, або на гібель у Расею. Мой нацыяналізм інклюзіўны. Я за адкрытую для ўсіх незалежную Беларусь, дзе разьвіваецца беларуская мова і культура, нароўні зь іншымі мовамі і культурамі. Для мяне няма варожых расаў і злых чужынцаў. Няма ніякага ўяўленьня пра «залаты век» або «абраны богам народ». Усё гэта сьмешна. І калі ў мяне пытаюцца пра ідэальную Беларусь, я кажу: гэта краіна, якая дае прытулак усім, хто цярпіць ад перасьледу і нянавісьці ў сябе на радзіме.
Беларусь ня востраў з палітыка-геаграфічнага гледзішча. Але апошнія гады я часта параўноўваю Беларусь зь лятучай выспай. Ёй няма месца на зямлі, яе гоняць наперад то гісторыя, то проста вецер, то палітычныя буры, то нашыя мары, то нашыя кашмары… Беспрытульная лятучая выспа, на якой жывуць тыя, хто ў яе вераць.
— Ці сталі беларусы больш вольнымі ў эміграцыі?
— Мяркую, што так. Жыцьцё ў дэмакратычных краінах іх моцна зьмяняе. Яны вучацца прымаць іншасьць, прымаць роўнасьць, любіць сябе. Вучацца дэмакратыі як аснове грамадзкага жыцьця. Вучацца слухаць сябе і іншых. Цаніць і падтрымліваць сваё. Вядома, і да 2020-га мы стараліся жыць так, як свабодныя людзі ў несвабоднай краіне. Мы ведалі свае правы, мы разумелі, якія каштоўнасьці для нас важныя. Але ў Беларусі было цяжка рэалізаваць гэтыя правы. І для дзяржавы гэтыя каштоўнасьці былі пустым гукам. Эміграцыя — вельмі вялікі, неацэнны досьвед.
Я пішу ў «Папяровым големе», што пісьменьнік у экзылі — як дзіця. Трэба наноў вучыцца гаварыць, наноў вучыцца пісаць, наноў вучыцца жыць. Дзеці ў атачэньні дарослых — вось хто такія эмігранты. Але мы ня дзеці, вось у чым праблема. Мы дарослыя людзі, мы эўрапейцы. І нам ёсьць што сказаць. Эміграцыя, нягледзячы на ўсе траўмы і цяжкасьці, насамрэч адкрывае перад беларусамі зусім новыя магчымасьці. І галоўная з гэтых магчымасьцяў — мы можам расказаць пра сябе сьвету. Гэта і ёсьць свабода — быць бачным і чутным. Выйсьці з штучна створанага ценю. Перастаць саромецца саміх сябе.
Для мяне гэта ня першы вопыт эміграцыі. І я назіраю сёньня, як усё зьмянілася… Некалі беларусы за мяжой стараліся аніяк не паказваць, што яны беларусы. Ім было сорамна — і за сваю шэрую краіну, і за сваю ўбогую дыктатуру, і за сваё паходжаньне, і проста сорамна, бо гэты фальшывы сорам за сваё існаваньне заклаў у нас Савок… А яшчэ — Расея. Сёньня я бачу, як беларусы сьмела гавораць пра сябе, хоць, здавалася б, сытуацыя і рэпутацыя ня надта нам спрыяюць. Але мы мацнейшыя за стэрэатыпы пра нас. Прынамсі, так я бачу са свайго экзылю. Аўстрыйскага, швайцарскага, а цяпер нямецкага… Магчыма, з Польшчы ці Літвы ўсё выглядае крыху іначай.
— За гэтыя восем гадоў ваш раман здзейсніў вялікае падарожжа. У 2020 годзе тэатральную пастаноўку паводле «Сабакаў Эўропы» ажыццявіў Беларускі Свабодны тэатр, і спектакль пазней быў паказаны ў Лондане. У 2022-м «Гусі-людзі-лебедзі» паводле твору паставілі «Вольныя Купалаўцы» ў Польшчы. Кніга была перакладзена на нямецкую мову, яе перакладчык Томас Вайлер стаў лаўрэатам прэміі Паўля Цэляна-2024. Вы праехалі з кніжным турам Аўстрыю і Германію. Зараз раман прынес вам пачэсную Ляпцыгскую кніжную прэмію за еўрапейскае паразуменне…
Гэта поспех твору беларускага аўтара вельмі важны і натхняльны. Але ці кажа ён пра тое, што беларуская літаратура існуе ў еўрапейскай прасторы як феномен, які выклікае цікавасць? Ці гэты поспех — хутчэй прызнанне, скарыстаюся адсылкай да раману, «апошняга паэта Эўропы», які піша на невядомай мове?
— Відаць, хутчэй другое… Разумееце, з аднаго боку, мой самы вялікі раман і тое, як яго сёньня чытаюць, гэта гісторыя асобнага сьвету пад назвай «Сабакі Эўропы». Ён не ўспрымаецца як частка нейкай беларускай літаратуры, ён сам па сабе. Гэта фэномэн літаратуры наогул. І мне гэта падабаецца. У гэтым сьвеце жывуць пэрсанажы і мовы, месцы і ідэі, але і людзі таксама. Усе тыя, хто перакладаў раман, хто пісаў пра яго, хто практыкаваўся ў бальбуце, хто быў на маіх шматлікіх чытаньнях у розных гарадах і краінах, хто мае на сваім асобніку аўтограф зь дзіўнай птушкай і словамі «Bu samoje»… Хто ўвасабляў яго на сцэне ў Лёндане, Парыжы, Бэрліне, Адэляідзе, Менску, Любліне і Варшаве, і хто сьмяяўся і плакаў на пастаноўках. Усе, хто прачытаў раман і ацаніў яго паэтычнасьць, яго вар’яцтва, складанасьць яго лясоў і лябірынтаў. Гэта людзі самых розных краін і культур, і ўсіх іх аб’яднала кніга. Раман ужо мае сваю гісторыю, пра якую можна напісаць іншую кнігу, такую сабе «Гісторыю «Сабакаў Эўропы». Пра ўсе прыгоды і посьпехі, падарожжы і забароны, рэакцыі і перапляценьні…
Томас Вайлер бліскуча пераклаў гэты раман на нямецкую, ён зьдзейсьніў амаль немагчымае, бо кніга напісаная на сямі мовах (хоць, вядома, у асноўным па-беларуску).
Я думаю, што як аўтар я заўсёды існаваў і існую крыху асобна ад беларускай літаратуры. Я пішу па-беларуску, але я сам па сабе. Не магу сказаць, што гэта добра ці што гэта дрэнна, проста так сталася, так ёсьць. Напэўна, можна было шукаць нейкія прычыны, але я не хачу. Мы зь Юляй Цімафеевай даўно ідзем сваім уласным шляхам. Чытачоў у розных краінах у нас робіцца ўсё больш, але і ўсё большай робіцца дыстанцыя, якая адзьдзяляе нас ад таго, што прынята лічыць «беларускай літаратурай». Бо што такое беларуская літаратура? Калі гэта беларускія чытачы, калі гэта людзі, якія чытаюць па-беларуску — іх у мяне вельмі шмат, і гэта мяне вельмі радуе. Калі ж беларуская літаратура — гэта пэўныя структуры, пэўны працэс, пэўныя межы… Тут я нічога не магу сказаць, я ня ёсьць іхнай часткай. Я занадта далёка.
Сёньня мяне турбуе іншае — як не загрузнуць у эмігранцкай літаратуры, як ня трапіць у яе пастку. Бо я пішу ня толькі для эмігрантаў, я пішу для ўсіх, хто сапраўды ўмее чытаць. Прызнаньне «Сабакаў» — гэта выхад у вялікі сьвет. Толькі туды і варта імкнуцца любому аўтару.
Але зараз пра другі бок. Пра добрае. На наступным тыдні пачынаецца Ляйпцыгская міжнародная кніжная выстава, адна з самых важных і вялікіх у Эўропе. Сёлета там шмат беларускага, і гэта цешыць. Адна з самых прэстыжных узнагарод, Ляпцыгская кніжная прэмія эўрапейскага паразуменьня уручаецца беларускаму аўтару за беларускі раман. У мяне на гэтым кірмашы сем імпрэз…
Перакладчык беларускай літаратуры і «Сабакаў Эўропы» Томас Вайлер намінаваны на яшчэ адну важную прэмію — Ляйпцыгскую кніжную прэмію за найлепшы пераклад. Гэтым разам — за пераклад «Я з вогненнай вёскі…». Знакавая кніга, якая толькі сёньня, праз пяцьдзясят (!) гадоў, выходзіць па-нямецку дзякуючы нястомнай працы Томаса. Юля Цімафеева выступіць на імпрэзах, арганізаваных Польскім інстытутам. На выставе выступіць Зьміцер Вішнёў, будзе сустрэча Сьвятланы Алексевіч зь беларускімі незалежнымі выдаўцамі. Будзе прэзэнтацыя кнігі Тані Арцімовіч «Manifest einer Gartenlosen» у перакладзе Ціны Вюншман. Будзе прэзэнтацыя кнігі Інга Пэтца пра Беларусь «Rasender Stillstand». Апошнія дзьве кнігі выйшлі ў бэрлінскім выдавецтве edition.fotoTAPETA, якое даўно і плённа выдае беларускіх аўтараў. То-бок Беларусь і беларуская літаратура прадстаўленая ў Ляйпцыгу на дзіва годна. Асабліва ўлічваючы сытуацыю, у якой яны апынуліся, і рэпутацыю Беларусі ў сьвеце.
— Як рэагуюць еўрапейскія чытачы на ваш раман? Пра што яны вас пытаюцца падчас літаратурных тураў? Унутры рамана жыве прыдуманая вамі мова бальбута. Якая для беларускага чытача — мова выкліку і ўнутранага вызвалення. З чым бальбуту атаясамліваюць еўрапейцы?
— Эўрапейцы — гэта мы з вамі. Мы ня меншыя эўрапейцы за немцаў, палякаў, фрацузаў, чэхаў ці аўстрыйцаў. Чытачы рэагуюць па-рознаму, але абыякавых або зануджаных няма. Кагосьці раман пужае — памерам, бальбутай, складанасьцю структуры і мовы, антырасейскім пасылам, нахабнасьцю, Беларусьсю… Кагосьці захапляе — усім тым, што я пералічыў у папярэднім сказе. Чытачам заўсёды хочацца пагаварыць пра гэтую кнігу, але гаварыць пра яе няпроста, гэта ўсё ж 740 старонак у нямецкім перакладзе, гэта цэлы сьвет…
Я б сказаў, што людзі, якія чыталі раман, найперш пытаюцца пра чатыры рэчы, што зьдзіўляюць іх больш за ўсё. Пра бальбуту. Людзей, якія ведаюць, што такое «bu samoje», апошнім часам значна паболела. Гэтымі сакавіцкімі днямі я даю вельмі шмат інтэрвію: радыё, тэлевізія, газэты… Наступствы той самай прэміі. І калі журналіст вядомага бэрлінскага выданьня дзякуе табе за твае адказы на бальбуце: ujma augilejmu! — гэта значыць, што бальбута і праўда жыве, а раман чытаецца… А яшчэ пытаюцца пра «прароцтвы» — як аўтар змог усё гэта прадбачыць? Пра Эўропу — чытачы не чакаюць, што на яе можна зірнуць яшчэ і з такога нечаканага беларускага боку. І пра тое, няўжо я і праўда бачу будучыню такой змрочнай. Чытачы ня хочуць верыць, што будзе вайна.
Што да бальбуты, то мне часта даводзіцца тлумачыць, што гэта такая моўная ўтопія. Што гэтая спроба стварыць ідэальную мову, мову свабоды, насамрэч даволі злавесная, калі паглядзець на яе вынікі… Бо мова заўсёды таталітарная па сваёй сутнасьці. Але бальбута цяпер існуе на некалькіх узроўнях. Гэта мова рамана, якую вынаходзіць Алег Алегавіч. Гэта моўная гульня: летась ва ўнівэрсытэце Гільдэсгайма студэнты на сэмінары пісалі вершы на бальбуце, для іх гэта быў цікавы экспэрымэнт. І ўрэшце, гэта сапраўды мова свабоды для тых, хто ёй валодае, для каго яна робіцца мастацкім інструмэнтам. І калі мы прыгадаем творчасьць майго любімага беларускага гурта «Сындром самазванца» — яны маюць кампазыцыі на бальбуце, і назва аднаго з іхных альбомаў таксама на бальбуце… На бальбуце пішуцца песьні і вершы. То-бок бальбута жыве і па-за раманам, і гэта цудоўна.
— Альгерд, адзначу, што пасля «Сабакаў Эўропы» ў вас выйшла ўжо восем кніг. У тым ліку, летась авантурны раман «Капітан Лятучая Рыба» для чытачоў усіх узростаў, у якім звычайна песімістычна настроены Альгерд Бахарэвіч дазваляе сабе захапляльнае падарожжа на Кашэчы востраў у кампаніі дзяўчынкі Алесі і яе незвычайных сяброў. Кніга, у якой, як падаецца, аўтар дазваляе сябе больш весялосці і пяшчоты. Ці не значыць гэта, што ў аўтара пачаўся новы перыяд?
— Няўжо і праўда ажно восем? Няблага. Так, апошнія гады я спрабую сябе ў розных жанрах і формах. Мне цікава, што атрымаецца. Напрыклад, мне было цікава, ці змагу я напісаць прыгодніцкі раман. Просты і займальны. І я паспрабаваў. Чытачы ацанілі. А затым я напісаў і выдаў «Папяровага голема» — злога, шчырага, ляканічнага і вельмі для мяне важнага. Але і «Сабакі Эўропы», і «Капітан Лятучая Рыба», і «Голем» — усё гэта Альгерд Бахарэвіч.
Проста мне вельмі падабаецца пісаць кнігі. Пішучы, я адчуваю, што жыву. Адчуваю, што я на сваім месцы. Што раблю тое, што ўмею лепш за ўсё. Што займаюся нечым, што належыць толькі мне. Што ствараю сусьветы, што зьмяняю мову, што задаю нязручныя пытаньні, што зьмяняюся сам. На самай справе кожная мая новая кніга — гэта новы пэрыяд творчасьці. Я не люблю перапісваць старыя тэксты, я люблю ісьці туды, дзе я яшчэ не бываў. А магчыма, не бываў яшчэ ніхто.
***
Нагадаем, што бліжэйшае выступленне Альгерда Бахарэвіча разам з Юляй Цімафеевай пасля Ляйпцыгскай кніжнай выставы адбудзецца ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі 8 красавіка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram