Фота: сайт брэнда Kanva.
Святы — гэта час, калі хочацца быць бліжэй да сваіх, нават калі паміж намі тысячы кіламетраў. Найлепшы спосаб перадаць цяпло — абраць падарунак, у якім жыве беларуская душа і сучасны стыль. Ад маляваных дываноў, што «тлумачаць усё», да лямпавых дамкоў, якія свецяць настальгіяй: мы сабралі куратарскі гід па рэчах, якія ствараюць нашы мастакі і майстры тут і цяпер — у Беларусі і за яе межамі. Гэта падарункі, якія не проста радуюць вока, але і падтрымліваюць сваіх, ператвараючы кожную куплю ў акт сапраўднай культурнай салідарнасці.
Падаецца, што гэтыя вядомыя маляваныя дыванкі нашага сучасніка можна пабачыць сёння не толькі ў кватэрах сяброў, а ў інтэр’ерах кавярняў і культурніцкіх прастораў беларусаў у замежжы. У сваіх творах, якія жанрава адсылаюць да традыцыі народных размалёвак, шырока распаўсюджаных у сярэдзіне ХХ стагоддзя, Максім Восіпаў абыгрывае беларускія комплексы, культурныя коды і сусветную маскультуру.
Маляванка для мастака — жанр, які дазваляе выказвацца на злабадзённыя тэмы праз вобразы выдуманыя і рэальныя. Гэта можа быць сцёб над філасофскімі беларускімі канцэптамі ці актуальнымі канфліктамі. «Нічога святога», як часам кажуць. Кожнае сваё выказванне мастак падрабязна каментуе на адмысловай старонцы «Я магу ўсё патлумачыць».
Што набыць: Мастак прадае як арыгіналы на тканіне, так і якасныя друкаваныя копіі — фармат, зручны для перасоўнага жыцця.
Instagram: max.osipau.picture.show
Сімпатычныя дамкі-свяцільні на так званых «уроках труда» ад Андрэя Бусла (брэнд Hutkasmachnaa) рабіў ужо, здаецца, кожны другі эмігрант. Калі ж вам да гэтай пары не ўдалося патрапіць на гэтыя медытатыўныя заняткі, шчыра раім. Падчас фарбавання ці клейкі вагончыка менскага метро можа адбыцца «несанкцыянаваны» прыступ настальгіі, які выдатна здымаецца акурат творчай працай.
Такія майстар-класы — гэта не толькі пра дызайн, але і пра супольнасць: выдатны спосаб знайсці «сваіх» у горадзе і пабыць у беларускім асяроддзі.
Што набыць: Можна набыць гатовыя вырабы (вагончыкі метро, шматпавярховікі Вільні, дамкі Асмолаўкі ці мадэль сінагогі са Слоніма) альбо падарыць сертыфікат на майстар-клас.
Instagram: hutkasmachnaa
У Беларусі ўжо шмат гадоў працуе брэнд аўтарскай керамікі 4ruchki. Мастачкі Вольга і Аня ствараюць рэчы з велізарнай фантазіяй. Найбольш вядомыя іх вырабы — гэта ручкі для мэблі ў выглядзе каляровых пладоў (лімонаў, апельсінаў, гранатаў, жалудоў), марскіх насельнікаў ці партугальскіх камянічак.
Што набыць: Сёлета брэнд выпусціў навагоднія цацкі. Невялікія наборы керамічных упрыгожванняў можна знайсці на выставе-кірмашы «Млын» у Мінску альбо замовіць наўпрост.
Instagram: 4ruchki
Вольга тчэ паясы з воўны на бердзечку — гэта ручное ткацтва, дзе выкарыстоўваецца адмысловы інструмент, свайго кшталту грэбень. Пры стварэнні ўзораў майстрыца абапіраецца на традыцыі розных рэгіёнаў: ад Панямоння да Гродзеншчыны. Кожны пояс — самастойны твор, у якім улічваюцца пажаданні заказчыка і яго сямейныя карані.
Што набыць: Унікальны тканы пояс, створаны паводле традыцыйных тэхналогій.
Instagram: voliaweaving
Беларуская дызайнерка Кацярына Пятровіч дае аўтарскае сучаснае прачытанне традыцыям. Яна працуе з вышыўкай на хустках, кашулях і манішках. Наш асабісты фаварыт — кімано з вышытым конікам, сонцам і каласкамі: нечаканае спалучэнне Усходу і Захаду.
Што набыць: Дызайнерскае адзенне, якое сам аўтар называе «спробай пагаварыць з продкамі на сучаснай мове».
Instagram: katsiaryna.piatrovich
Адзін з самых вядомых сёння брэндаў, які злучае народныя рамёствы і сучасную моду.
Дызайнерка Вольга Этыка працуе ў розных тэхніках: ад ткацтва да бісерапляцення. Яна прапануе новы погляд на традыцыю: тут і кроп-пінжакі з кветкамі, і неглюбскія гарлячкі са шкла, і спадніцы з фіранак.
Важна, што брэнд прасоўвае канцэпцыю разумнага спажывання, кастамізуючы адзенне з сэканд-хэндаў.
Прычым строі Волі Этыкі вы дакладна бачылі — падляшcкі музычны дуэт Niczos i Swad@ неаднаразова выступаў у вобразах ад «Этыкі».
Што набыць: Стыльныя рэчы, аксэсуары, упрыгожанні.
Instagram: ethicabyvolia
Брэнд Kanva абыгрывае ў сваіх вырабах сімвалы традыцыйнай культуры. Завушніцы ў форме павука-абярэга, саламяная лялька як аксэсуар, саламяныя зоркі і крыжы на каралях, сняжынкі з саломы як упрыгожванні да навагодніх святаў — Kanva выкарыстоўвае гэты матэрыял як Памкненне брэнда — зрабіць беларускую культуру sexy.
Instagram:: kanva_kasciume
Сёлета ў беларускай кніжнай прасторы з’явілася выдавецтва «Тамака», якое спецыялізуецца на фота- і арт-выданнях. Гэта выбітны падарунак для тых, хто любіць глыбокі візуальны кантэнт.
Што набыць: Кнігу Марыі Карнеенка «Rattus Sapiens» з тэкстамі Таццяны Заміроўскай (кранальны погляд на пацукоў) або фотаальбом Машы Святагор «Everybody dance!» — сюррэалістычную мазаіку з савецкіх вобразаў.
Instagram: tamaka.books
Калі мы ўжо ўзялі рамку гэтага арт-аб’екта, то не абмінём увагай вінілавыя плыты. Беларускія музыканты любяць і цэняць гэты фармат, бо тут ёсць шмат культуры: і музыка, і, дызайн, і адмысловы гук, і флёр «лампавай» традыцыі, музычнай гісторыі. Па-сутнасці, нават калі ў вас няма музычнага праігравальніка, вінілавая плытка можа стаць прыгожым артэфактам, аб’ектам у інтэр’еры, якія нагадвае пра ўлюбёны гурт. Рэч, якая ўбірае і эфемернасць, і канкрэтную ўвасобленасць.
Што набыць: Варыянтаў мноства: ад перавыдання альбома «Psychasamatyka» Лявона Вольскага да псіхадэлік-рока ад Syndrom Samazvanca («Востраў скаргаў») ці атмасфернага альбома «Whisper» гурта Port Mone. «Адліга» ад NaviBand. Шукайце рэлізы на старонках саміх музыкантаў або ў спецыялізаваных крамах.
Усё ж вылучым гэтыя выданні ў асобную катэгорыю, прапануючы паглядзець на кнігі, выдадзеныя ў нашых выдавецтвах, з візуальнага боку.
Прэмія Міхала Анемпадыстава ўручаецца штогод за найлепшую кніжную вокладку, заахвочваючы выдаўвецтвы да цікавых творчых калабарацыі. Сёлета на конкурсе, які ладзіць Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture», разыгралася сапраўдная «бойка», што сведчыць пра развіццё кніжнага дызайну нават у выгнанні. Калі зазірнуць на старонкі большасці беларускіх выдавецтваў — ад «Янушкевіч» да «Мяне няма», то дакладна можна зараз адшукаць кнігу, якая трапіла калі не кароткі, так у доўгі спіс прэміі.
Назавем і пераможцу ўзгаданай кніжна-дызайнерскай узнагароды: ім стала кніга Голі з Ополя «Мое баба – діректор морга», над афармленнем якой працавалі Ігар Юхневіч і Маша Мароз.
Дзе набыць: напрыклад, тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram