Брытанскі часопіс эксперыментальнай музыкі The Wire зрабіў артыкул пра беларускага музыку. Хто ён?

Беларускі музыка, паэт і радыёвядоўца стаў героем артыкула вядомага лонданскага часопіса The Wire. Выданне, прысвечанае авангарднай і эксперыментальнай музыцы, распавяло пра творчасць заснавальніка і лідара авант-джазавага гурта Fantastic Swimmers, паэта, вядоўцы культавай праграмы «Кракатук» Віктара Сямашку.

Лідар авант-джазавага гурта Fantastic Swimmers, аўтар кніг «ReRa», «Ромб», «Марыя S», «Аўтар мае рацыю заўжды» ды іншых, радыёвядоўца Віктар Сямашка вядомы сваёй прагай да новых музычных і паэтычных формаў, эксперыменту і адпаведна зместу, які, падпарадкоўваючыся форме, дае новае прачытанне рэальнасці.

Аўтар добра вядомы ў музычных і літаратурных колах, але часам менавіта эксперыментальнасць яго творчасці адпужвае масавага слухача. І дарэмна! Віктар Сямашка і яго паплечнікі ствараюць удумлівую і цікавую музыку, поўную імправізацыі, сэнсаў і развіцця. У прыватнасці, толькі нядаўна Reform.news пісаў пра жнівеньскі альбом Fantastic Swimmers — Epistaxis, створаны ў эміграцыі, якім спалучаюцца дуда, ліра, раяль, кларнет, кантрабас і хор.

Пра праекты Віктара Сямашкі, станаўленне музыкі і ўласна яго творчую і ідэйную пазіцыю і ідзе гаворка ў артыкуле аўтара The Wire Ільі Рагачэўскага.

«На мой погляд, ёсць два віды мастацтва — музычнае і графічнае, — дзеліцца ў The Wire Сямашка. — Першае рэалізуецца ў часе, другое — у прасторы. Паэзія і музыка — гэта сродкі медыя, заснаваныя на часе, проста музыка аперуе абстрактнымі гукамі, а паэзія пацвярджаецца лінгвістычным значэннем».

Пра часы, калі іграў у «Князе Мышкіне», і 1990-я.

«Гэта быў Менскі імправізацыйны гурт, які кожны раз граў у новым складзе і меў адкрыты мікрафон на выпадак, калі хто-небудзь з гледачоў захоча далучыцца, — успамінае Віктар. — Я часта граў у дуэце з лідарам гурта Леанідам Нарушэвічам, і гэта быў каласальны досвед. Канцэрты былі якасна рознымі, і некаторыя заканчваліся тым, што жанчыны прасілі аўтографы. На іншых бандыты пагражалі расправай».

І яшчэ.

«Цяпер у Беларусі ўсе рызыкуюць сваёй свабодай, пакуль дыяспара прыміраецца з інтэграцыяй. Але ўсё гэта прывядзе да другога этапу рэвалюцыі, калі выгнаннікі вернуцца і паўстане шырокая сінергія. Паводле маіх ацэнак, гэта адбудзецца цягам дзесяцігоддзя», — Ілья Рагачэўскі спытаў Віктара і пра бачанне палітычнай сітуацыі датычна Беларусі.

Вокладка The Wire. Фота: фейсбук Віктара Сямашкі.

The Wire — брытанскі часопіс, прысвечаны авангаднай музыцы, быў заснаваны ў 1982 годзе джазавым прамоўтарам Энтані Вудам і журналістам Крысі Мюрэй.

Першапачаткова часопіс надаваў увагу сучаснай джазавай і імправізацыйнай музыцы, але ў пачатку 1990-х стаў асвятляць таксама розныя віды эксперыментальнай музыкі. З таго часу ён ахапіў такія тэмы, як хіп-хоп, сучасная класічная музыка, свабодная імправізацыя, построк і розныя формы электроннай музыкі.

Дадамо, што імя беларускага творцы згадваецца і на вокладцы часопіса побач з такімі выканаўцамі як Keiji Haino, Seppuku Pistols, Ivo Perelman, Leonard Cohen ды іншыя.

Паслухаць Віктара Сямашку можна тут. Пазнаміцца з яго культавай праграмай «Кракатук» тут.

Пачытаць інтэрв’ю з аўтарам пра паэзію для Reform.news тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!