Боль без віны і пытанні без адказаў у кнізе «Шкляное дзіця» Маар’і Кангро

Культура
Фота: reforn.news

Маарʼю Кангро называюць адной з самых вядомых сучасных эстонскіх літаратараў. Яна перакладчыца і паэтка: выпусціла сем паэтычных зборнікаў. Таксама піша кароткую прозу, у якой галоўная гераіня часам падобная да аўтаркі: разумная, у меру цынічная, крыху саркастычная жанчына, не пазбаўленая, аднак, рамантыкі.

«Шкляное дзіця» – першы доўгі празаічны твор Кангро, ён быў прызнаны крытыкамі найлепшай эстонскай кнігай 2010-х.

Пераклад дакументальнага рамана Маар’і Кангро «Шкляное дзіця» выйшаў у выдавецтве «Пфляўмбаўм» у 2025 годзе.

Боль без віны і пытанні без адказаў у кнізе «Шкляное дзіця» Маар'і Кангро
Фота: reforn.news

Драматычны 2014-ы

Ёсць кнігі, якія могуць напісаць толькі жанчыны – выключна з-за ўнікальнасці досведу. Феміністычны ракурс робіць іх асабліва бязлітаснымі.

У сваім рамане «Шкляное дзіця» Маарʼя Кангро распавядае ўласную гісторыю перарывання паталагічнай цяжарнасці. Падчас чарговага абследавання ў плода выявілі несфармаванасць чэрапа – акранію.

Пражываючы тыя драматычныя падзеі, аўтарка скрупулёзна, часам пахвілінна запісвала ўсё, што з ёй адбывалася, рабіла здымкі, якія не кожны пагодзіцца ўбачыць, сустракалася з рознымі людзьмі, і тыя размовы таксама занатоўвала.

У кнізе мы сутыкаемся з рэальнымі персанажамі і з драматычнымі падзеямі 2014-га. Драматычнымі як для аўтаркі, так і для ўсяго рэгіёну: вясной таго ж года Маарʼя прыязджае ва Украіну, каб расказваць пра эстонскую паэзію. У вандроўцы яе ўразілі «наскрозь сонечная вясна» і сонца, «якое свяціла праз кроў і бруд». А ў Адэсе яе спасцігла жахлівае расчараванне: пакуль яна бавіла час у кавярні на пляжы, за тры-чатыры кіламетраў ад яе, у цэнтры горада ў вулічнай бойцы, замоўленай расійскім правакатарамі, застрэлілі чатырох чалавек. А яна, як чалавек медыйнага свету, усё прапусціла. Менавіта тады ва Украіне Маарʼя дазнаецца пра сваю цяжарнасць.

У той год умясцілася многае: яна наведвае некалькі краін, трапляе ў шпіталь у Італіі, уцягваецца ў калялітаратурныя плёткі. Аднак на ўсе падзеі глядзіць нібы знутры свайго цела, сваёй траўмы і сваёй надзеі. Жыццё, якое спрабуе зʼявіцца на свет, падпарадкоўвае сабе ўсё навокал.

Аўтарка напісала кнігу максімальна шчыра, не прапанаваўшы чытачу ніякіх амартызатараў, не выбудаваўшы абарончых сцен, пры гэтым перыядычна задаючы сабе пытанне: ці варта было разбіраць на часткі жах і вывучаць яго падрабязную анатомію, у спадзеве, што гэтая лагічная аперацыя прынясе карысць – ёй ці каму іншаму?

Боль без віны і пытанні без адказаў у кнізе «Шкляное дзіця» Маар'і Кангро
Фота: reforn.news

Разабраць жах на часткі

Ці няма ў гэтым нейкага вычварнага нарцысызму – выстаўляць свой боль на свет, лавіць смерць у «прыгожыя эліпсы», – задаецца пытаннем Маарʼя Кангро.

Навошта псаваць жыццё тым, каму пакуль шанцуе? Хай бы яны заставаліся за заслонай няведання? Аднак аўтарцы не хацелася б, «каб хоць адзін сябар, у якога ўсё пайшло пагана, трымаў гэта пры сабе». З іншага боку, няма нейкай адзінай сістэмы, каб выяўляць высакароднасць і знаходзіць палёгку. Таксама не варта забываць, што жыццё – несправядлівая латарэя.

Адказваючы на гэта пытанне – «Навошта?» – у адным з інтэрвʼю, пісьменніца тлумачыла, што напісала кнігу найперш са спагады да тых, хто можа сутыкацца з падобнымі праблемамі.

Можна вучыцца на пакутах, нават успрымаючы іх бессэнсоўнасць, упэўнена Маар’я. У той жа час многім людзям, напэўна, дапамагае сама стратэгія пошуку сэнсу. Чалавеку прасцей жыць у асэнсаваным свеце, дзе з ім адбываецца нешта кепскае таму, што ён сябе неяк не так паводзіў: лёс адпомсціў ці Бог даў загадку, на якой можна вучыцца.

«Калі мы проста адпрэчваем пакуты як нешта, пра што наогул не варта казаць (а мы, вядома, можам гэта рабіць, дыстанцуючыся ад сваіх пакут), то мы ігнаруем тых, для каго спраўляцца з пакутай – гэта пытанне жыцця ў дадзены момант, – патлумачыла пісьменніца. – Па-другое, вывучэнне таксама тэхнічна карысна. Магчыма, мы даведаемся больш пра тое, што адбываецца і як менавіта, дзе ў нас узнікае жах і на якія часткі яго можна разабраць».

Яна сапраўды разбірае жах на часткі. Пісьменніцкі талент, верагодна, для таго і даецца: усё становіцца магчымым адрэфлексаваць – любую падзею, рэакцыю на гэтую падзею іншых і самой сабе. І ў выніку стварыць калі не інструкцыю па выжыванні, то цалкам сабе дзейсны метад.

Аднак рэфлексія і веды адразу не дапамагаюць пераадолець боль і пачуццё віны, між тым абсалютна ірацыянальнае, якое аўтарка называе «культурнай аўтаматыкай»: гэты ўнутраны механізм віны несвядома ўключаецца сам па сабе і яго раз за разам трэба цярпліва выключаць. Уключэнне адбываецца імгненне, выключэнне – доўгі працэс. Гэтая канкрэтная паталогія развіцця дзіцяці не залежыць ад таго, што рабіла або не рабіла маці, – тое Маарʼя ведае дакладна, аднак веды не супакойваць, нейкія рэчы трэба проста ператрываць.

Сіла гэтай кнігі ў тым, што дыягназ прарастае ў рэфлексію, а не застаецца радкамі ў медычнай картцы.

Боль без віны і пытанні без адказаў у кнізе «Шкляное дзіця» Маар'і Кангро
Фота: reforn.news

«Пакута роўная карысці?»

Што Маарʼя Кангро вынесла з катастрофы свайго цела? Гэта яшчэ адно пытанне, якога яна не можа пазбегнуць.

Разглядаючы фотаздымкі дачкі, у якой можна ўбачыць ключыцы і іншыя маласфармаваныя часткі цела і добра відаць незакрыты чэрап, яна задае сабе пытанне, нібы школьная настаўніца на ўроку літаратуры: што дае такі досвед?

Надае чалавеку сталасці? Неабавязкова, можа і знішчыць. Чалавек і без таго сталее.

Траўма не развівае. Траўма — гэта бессэнсоўнае, бескарыснае, сляпое ліха. Хоць спачатку, тлумачыць аўтарка, чалавек сталее і навучаецца праз цяжкасці, але з нейкага крытычнага моманту такі досвед не развівае, а выпальвае і знішчае.

Аднак аўтарка глядзіць шырэй. Разважае на тэму гістарычных пакут. Нездарма яна ездзіла ва Украіну ў 2014-м і цэнтральная частка кніжкі – украінскія ўражанні.

«Гэта старое пытанне: ці была карысць ад ахвяры? Гераічны ўтылітарызм.

Магчыма варта выбіраць такую мараль, паводле якой пакута роўная карысці, з пакуты заўжды нешта вырастае, а без яе нічога не нараджаецца? Той, хто пакутуе, будзе жыць доўга ці, прынамсі, гэта акупіцца наступным пакаленнем.

Ці ў дачыненні да ахвяр было б больш справядліва, каб досвед іх не загартоўваў, каб у ім не было ніякай карысці? Тады б гэта было тое сапраўднае беспрасветнае ліха, якое вызваляе як у дрэнным, так і ў добрым сэнсе.

Палітычныя, грамадскія ўмовы, якія маглі б быць іншымі, – абумоўленыя імі пакуты ствараюць вялікую гісторыю. Гісторыю, вартую культурнай прэміі».

***

Што ўрэшце дае ёй яе рэфлексія? Як мінімум – падтрыманне зваротнай сувязі са светам. І ў нейкі момант яна адчувае, як «на той глыбіні апраметнай, дзе не плачуць, дзе ўсё ўжо было выпалена» у гэтай «выпаленасці» зʼяўляецца адваротная сіла.

Здаецца, у фіксацыі гэтага руху ад «апраметнай» і ёсць магчымая надзея гэтага твора.

«Шкляное дзіця» ўсё ж наўрад ці можна назваць адназначна тэрапеўтычнай кнігай, але яна паказвае нараджэнне гэтай  «адваротнай сілы», што ўзнікае на глыбіні адчаю. У тым месцы, куды спускаецца аўтарка, няма ніякіх арыенціраў, але яна іх стварае. Стварае тым, што мае адвагу рэфлексаваць, выбудоўваць дакладныя слоўныя канструкцыі, і гэтым выцягваць сябе на паверхню. Бо сіла мастацтва заключаецца ў яго здольнасці абстрагавацца, абагульняць і здабываць колеры з глыбокай шэрані.

І менавіта таму гэтая кніга падыдзе ўсім, а не толькі ахвярам, пакутнікам і расчараваным.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.