21 студзеня ў Нацыяльным мастацкім музеі ў Мінску стартавала выстава, прысвечаная 130-годдзю рускага паэта Сяргея Ясеніна. На адкрыцці экспазіцыі, прывезенай з Народнага музея Ясеніна ў Варонежы, выступалі афіцыйныя асобы Беларусі і Расіі. Аднак галоўнай зоркай вернісажу стаў расійскі актор Сяргей Бязрукаў.
«Частка есенінскай душы цяпер прысутнічае тут, у Мінску. Я раю пайсці і паглядзець гэтую выставу для натхнення,— заявіў Сяргей Бязрукаў на адкрыцці імпрэзы.— На ёй можна ўбачыць злучэнне ясенінскага бясспрэчнага генія, таленту мастакоў, якіх ён натхніў, бо кожны з іх стварае сваё ўражанне, уласны погляд на жыццё, біяграфію, паэзію Ясеніна, а таксама вобразы прыроды, якія Ясенін успамінаў і пра якую пісаў. Гэта зусім унікальная энергія».

Паводле афіцыйных паведамленняў, аснову выставы складаюць больш за 100 твораў сучасных расійскіх мастакоў. Большасць з іх была створана па выніках так званых «Есенінскіх пленэраў», якія праводзяцца ў сяле Канстанцінава Разанскай вобласці з 2012 года. Фактычна, статусныя залы Нацыянальнага музея краіны аддадзены пад калекцыю рэгіянальнага фонду, узровень якой больш адпавядае лакальнай галерэі, чым галоўнаму музею дзяржавы.
Варонежскі Народны музей Сяргея Ясеніна — гэта прыватная ўстанова, створаная мясцовым мецэнатам і калекцыянерам Уладзімірам Бубновым, якая не мае статусу дзяржаўнага федэральнага музея Расіі. Варта звярнуць увагу на шлях, які прайшла гэтая экспазіцыя перад тым, як трапіць у Мінск. Паводле інфармацыі самога варонежскага музея, выстава «Бясконцая легенда» з’яўляецца перасоўнай. Раней яна дэманстравалася ў Магадане, Южна-Сахалінску і на Курыльскіх астравах. Асобную частку турнэ склалі райцэнтры Варонежскай вобласці: Багучар, Верхняя Хава, Бутурлінаўка і Рамонь.
Але падзея ў Нацыянальным мастацкім прыпадносіцца як маштабны праект. На адкрыцці падзеі выступілі кіраўнікі культурных інстытуцый Варонежу, Надзвычайны і Паўномоцны пасол Амбасады Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Барыс Грызлоў. Аднак статус галоўнага дзяржаўнага сховішча краіны фактычна прыраўноўваецца да расійскай рэгіянальнай пляцоўкі.



Нагадаем, што Сяргей Бязрукаў — не толькі народны артыст РФ, выканаўца ролі расійскага паэта ў спектаклі і серыяле пра жыццё Ясеніна. Ён — расійскі функцыянер, член вышэйшага савета партыі «Единая Россия» і актыўны праваднік афіцыйнай лініі Крамля. Візіт Бязрукава падчас маштабнага ідэалагічнага ціску выглядае як спроба канчаткова маркіраваць беларускую культурную прастору як «сваю», выкарыстоўваючы зразумелыя масаваму гледачу вобразы і медыйныя твары.
Калі «ўнікальная энергія» для беларусаў цяпер імпартуецца праз пленэры Варонежскай вобласці, узнікае пытанне: дзе ў гэтай сістэме каардынат месца для беларускага мастацтва?
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

