«Берлінскі нацюрморт: распакаваныя гісторыі» — так называецца серыя беларускіх журналістаў Марыі Савушкінай і Дзмітрыя Брушко, у якой людзі з розных эмігранцкіх кам’юніці Берліна дзеляцца досведам свайго былога і новага жыцця. У праекце, які выйшаў у нямецкім Tаgesspiegel, героі з шасці краін даносяць свае гісторыі праз асабістыя рэчы. У серыі ёсць і беларуская гісторыя.
Марыя Савушкіна называе фатаграфіі серыі «сацыяльным нацюрмортам».
— Ідэя праекта была ў тым, каб без партрэтаў, праз рэчы герояў паказаць найвялікшыя мігранцкія кам’юніці Берліна, — падзялілася яна з Reform.news. — Мы выбралі герояў з Афганістана, Судана, Ірана, Сірыі, Украіны і Беларусі — ад нашай краіны пра свой досвед распавёў Дзмітрый Брушко.
Журналісты папрасілі людзей паказаць рэчы, якія яны ўзялі з сабой у эміграцыю, а таксама і тыя прадметы, якія яны не маглі сабе дазволіць на радзіме, і набылі ў Германіі.
Для адлюстравання ідэнтычнасці на фатаграфіі прысутнічае і традыцыйная страва ад герояў.
— Гэтыя стравы вельмі цікава разглядаць, уяўляючы людзей, якім яны належаць. А некаторыя рэцэпты я сама паспрабавала прыгатаваць — атрымалася і цікава, і смачна, — дадае Марыя Савушкіна.

Газаля з Тэгерана, якая атрымоўвае ад сваёй маці з турмы скураныя рэчы — партманэ і сумкі, які маці вырабляе ў зняволенні. Махамед з Судана, які захоўвае стары тэлефон, які падарыў яму бацька. Нямецкая дысконтная карта Раман з Кабула, што з’яўляецца для яе напамінам пра тое, што жанчынам у Афганістане нялёгка хадзіць па крамах з-за праблем з бяспекай і грамадскіх чаканняў. Марскі камень з пляжа Чорнага мора, які застаўся ў кішэні курткі — ад Нікі з Адэсы…
Дзмітрый Брушко падзяліўся сваім плёнам ад сустрэчы з прадстаўнікамі эміграцыйных кам’юніці:
— Гэты праект для мяне таксама быў вялікім досведам. Я сапраўды адчуў розніцу паміж народамі, паміж густамі, у тым ліку густамі ежы, і прыярытэтамі людзей з розных краін. Гэты праект паказаў, наколькі свет, з аднаго боку, разнастайны, а з другога — глабальны, калі ў адным вялікім горадзе могуць сустрэцца людзі з вельмі складанымі лёсамі і не губляць веру ў сябе, ісці далей, праз усе праблемы, пераадольваючы тыя перашкоды, якія ўзніклі на іх шляху.

Марыя Савушкіна і Дзмітрый Брушко працавалі над серыяй больш за тры тыдні і пасябравалі з некаторымі героямі.
— З некаторымі людзьмі ў мяне склаліся добрыя адносіны, мы сталі знаёмымі, а не проста людзьмі з розных краін, людзьмі, якія ўзаемадзейнічаюць толькі ў межах гэтага праекта для газеты. Ну і, вядома, боль, увесь той боль з нашага рэгіёна, ён, безумоўна, адгукаўся мне больш, чым усе астатнія, я павінен гэта прызнаць, — дзеліцца Дзмітрый Брушко.

Якія ж рэчы захаваў на сваім фота беларускі фатограф?
Драўляны мядзведзь, карткі з запамінаннем нямецкіх словаў, футболка TUT.BY. І ўлюбёная страва — вядома ж, дранікі.
Вось так выглядае і гучыць гісторыя Дзмітрыя.

«Я знайшоў драўлянага мядзведзя з адламаным вухам і зламанымі нагамі на блышыным рынку ў Шэнебергу. Яго стан нагадаў мне аб маім уласным -— такі ж змучаны, эмацыйна траўміраваны. Я купіў мядзведзя за сем еўра і «палячыў» яму вуха і ногі з дапамогай простай пластылінавай масы.
На фатаграфіі паказана толькі частка маіх картак для запамінання нямецкіх слоў. Усяго іх каля трохсот-чатырохсот. Вывучэнне нямецкай мовы стала для мяне важнай часткай жыцця. Я пакідаю звыклае кола суайчыннікаў і знаходжу тут новых знаёмых.
У Нямеччыне іх называюць бульбянымі аладкамі, у Беларусі – «дранікі». Гэта самая вядомая і любімая нацыянальная страва, якую ў нас традыцыйна ядуць са смятанай. Кожны раз, калі я бачу дранікі, гэтая простая і знаёмая страва звязвае мяне з беларускай і нямецкай культурай.
Гэтая футболка — успамін пра маю працу ў TUT.BY, найбуйнейшым незалежным СМІ Беларусі. Гэта не проста прадмет, а штодзённы сімвал таго, што я не забываю сваіх калегаў, якія зараз знаходзяцца ў турме.
Бо горшае, што можна зрабіць з тымі, каго пазбавілі волі, — гэта забыцца пра іх».
Чытаць усе гісторыі праекта «Берлінскія нацюрморты» можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram