Reform.news

«Беларусы імгненна счытваюць гэты кантэкст»: Настасся Панкратава — пра рэзананс у Дубліне, ірландскае люстэрка і моўныя спрэчкі

Reform.news · 30 октября 2026, 20:20

https://reform.news/belarusy-imgnenna-schytvayucz-gety-kantekst-nastassya-pankratava-pra-rezanans-u-dubline-irlandskae-lyusterka-i-mo-nyya-sprechki/

Гады каланіяльнага ціску, моўныя супярэчнасці і пошук уласнай годнасці — здавалася б, што агульнага ў Беларусі і Ірландыі? Пасля ўдзелу ў канферэнцыі пра нацыянальную ідэнтычнасць у Дубліне тэатральны крытык Настасся Панкратава падзялілася ўражаннямі ад гэтай сустрэчы. У інтэрв’ю для Reform.news яна распавядае пра тое, чаму ірландская драматургія стала для нас прарочым люстэркам і як досвед Ірландыі дапамагае шукаць адказы на балючыя пытанні.

«Гэта была размова не “для птушачкі”»

— Настасся, з якімі адчуваннямі і плёнам ты вяртаешся з Дубліна? Ці з’явілася адчуванне, што канферэнцыя «Ірландыя і Беларусь: нацыянальная і культурная ідэнтычнасць» сталася сапраўды важным дыялогам?

— Ведаеш, я вельмі задаволеная. Для мяне было надзвычай важна пагаварыць на адной сцэне з ірландскімі калегамі. Мадэратарам нашай панэлі быў Юджын Даўнс — кіраўнік дэпартамента па пытаннях культуры МЗС Ірландыі. Гэта людзі, якія глыбока разумеюць праблемы ўласнай культуры і здольныя супастаўляць досвед. Да 2020 года паміж Беларуссю і Ірландыяй былі даволі моцныя культурныя сувязі, таму мы для іх — не незнаёмая краіна, з якой незразумела, як размаўляць.

Галоўнае адчуванне — сустрэча не адбылася «для птушачкі». Па-першае, усё адбывалася на сцэне Abbey Theatre, і зала была поўная зацікаўленых гледачоў. Прыходзіла беларуская дыяспара — прычым людзі, якія жывуць у Ірландыі і 15, і 30 гадоў. Некаторыя з іх выбачаліся, што не так добра размаўляюць на беларускай, як хацелася б.

Былі таксама прадстаўнікі ўкраінскай супольнасці, якіх цікавіла наша моўнае пытанне, а таксама еўрапейскія дыпламаты і чыноўнікі (зараз Ірландыя старшынствуе ў ЕС). Калі ты бачыш зацікаўленасць залы, адчуваш той самы жывы нерв — тое, што баліць звычайнаму гледачу, гэта вельмі натхняе.

Злева направа: Юджын Даўнс, Валянціна Гарцуева, Настасся Панкратава. Фота: сацсеткі Настассі Панкратавай.

Каланіяльны досвед і ірландскае люстэрка

— Тэма вашай панэлі гучала як «Роля тэатра ў фарміраванні і адлюстраванні нацыянальных ідэнтычнасцяў». Што супольнага паміж Беларуссю і Ірландыяй у гэтым кантэксце?

— Здавалася б, Ірландыя геаграфічна далёка. Але пры бліжэйшым разглядзе аказваецца, што ў нас велізарная колькасць супольных кропак. Гэта перад усім каланіяльны і посткаланіяльны досвед. Ірландыя змагла дабіцца незалежнасці, ірландская мова мае статус нацыянальнай. Беларусь жа працягвае змагацца за тое, каб быць бачнай у свеце як самастойная краіна. На канферэнцыі шматкроць гучала думка: Беларусь — гэта не Расія, гэта краіна з самабытнай культурай. Адчуванне жыцця побач з імперскім суседам — гэта тое, што глыбока злучае нас з ірландцамі.

Не дзіўна, што ірландская драматургія заўсёды была вельмі папулярнай на беларускай сцэне. Некалькі гадоў таму ў Маладзечне Валерый Анісенка ставіў «Каралеву прыгажосці з Лінена». Віталь Краўчанка ставіў «Вешальнікаў» у Купалаўскім. Увогуле, Купалаўскі тэатр найбольш любіў ірландскую драматургію: яшчэ ў 2013 годзе Павал Харланчук ставіў там «Самотны захад», ды і нашумелыя «Translations» у пастаноўцы Мікалая Пінігіна м культуравая п’еса Браяна Фрыла для ірландцаў — меў поспех на сцэне тэатра. У п’есе распавядаецца пра тое, як прыходзяць англійскія салдаты, і пачынаюць перайменоваць ірландскія назвы на свой капыл. І як гэта ўніфікацыя стырае ідэнтычнасць мясцовых. Беларусы імгненна счытвалі гэты кантэкст, якія вельмі падобны да нашага.

Злева направа: Дорэн Ні Глакан, Святлана Лясовіч, Андрэй Хадановіч і Джон Прэндэргаст. Фота: сацсеткі Настассі Панкратавай.

— Пасля 2020 года ўсе гэтыя спектаклі зніклі?

— Так. Сёння практычна ўсе спектаклі па ірландскіх п’есах у Беларусі знятыя. І справа тут не толькі ў аўтарскіх правах. Проста ў гэтых тэкстах уздымаюцца занадта балючыя пытанні. Гэта тое люстэрка, у якое цяперашнія ўлады проста не гатовыя глядзецца.

Прароцтва «Translations» і голас Купалаўцаў

— Я так разумею, што адным з найбольш эмацыйных момантаў канферэнцыі сталі акурат перфарматыўныя чытанні купалаўцаў з п’есы «Translations» («Пераклады»)…

— Гэта было шыкоўнае рашэнне арганізатараў! Паказалі тры фрагменты з п’есы — якраз тыя, дзе абмяркоўваецца моўнае пытанне і перайменаванне тапонімаў, калі англійскія вайскоўцы перапісваюць ірландскія назвы, сціраючы гістарычную памяць.

Нагадаюц, што рэжысёр Мікалай Пінігін зрабіў падчас перакладу гэтай п’есы важны ход: прышлыя англічане ў спектаклі размаўлялі па-руску, а мясцовыя ірландцы — па-беларуску. І калі ў Дубліне са сцэны зноў загаварылі гэтымі дзвюма мовамі, гэта гучала надзвычай пранізліва. Агрэсіўны пасыл прышлых і глыбокія развагі пра карані беларускамоўных ірландцаў… Нават на ўзроўні гуку гэта адчувалася вельмі моцна.

А для беларусаў у зале гэта быў асаблівы боль і радасць — пабачыць на адной сцэне купалаўцаў: Святлану Анікей, Міхася Зуя, Дзмітрыя Есяневіча, Алега Гарбуза і Валянціну Гарцуеву.

Міхась Зуй і Валянціна Гарцуева падчас чыткі са спектакля «Translations». Фота: сацсеткі Настассі Панкратавай.

— Прыкметна, што гэты спектакль аказаўся да нашай культуры амаль прарочым —  калі згадаць, што з прасторы Мінска знікла лацінка…

— Менавіта. П’еса нагадвае: калі мы губляем свае тапанімічныя назвы пад лозунгам «зручнасці і уніфікацыі», мы сціраем сваю адметнасць і сувязь з продкамі.

Парадокс U2 і Алексіевіч: як ставіцца да моўных супярэчнасцей?

— У размове ты згадала вельмі цікавую паралель пра тое, як самі ірландцы ставяцца да сваёй мовы і культуровых супярэчнасцей.

— Так, гэта надзвычай цікавы момант. Гурт U2 пазіцыянуе сябе як выключна ірландскі, але спявае па-англійску. Тэкст п’есы «Translations» Браяна Фрыла пра каланізацыю напісаны цалкам па-англійску — там няма ірландскай мовы! І для ірландцаў гэта таксама складанае пытанне: як ставіцца да таго, што іх нацыянальныя геніі — Оскар Уайльд, Джемс Джойс — пісалі мовай каланізатара — на англійскай?

Для мяне гэта вельмі сугучна з нашай адвечнай беларускай спрэчкай: ці з’яўляюцца рускамоўныя пісьменнікі беларусамі? Ці з’яўляецца Святлана Алексіевіч беларускай нобелеўскай лаўрэаткай, калі яна піша па-руску?

Я зробіла для сябе выснову: мы мусім усведамляць, што з гэтымі посткаланіяльнымі і моўнымі пытаннямі мы будзем сутыкацца пастаянна — нават калі змяніцца палітычны расклад у краіне. Тут няма адзінага «правільнага» рэцэпту. І акурат такія сустрэчы дапамагаюць выпрацоўваць стратэгію развіцця культуры і стаўлення ўнутры грамадства.

Віды Дубліна. Фота: сацсеткі Настассі Панкратавай.

«Чужынцы — гэта не заўсёды ворагі»

— Якія галоўныя ўрокі беларусы могуць узяць з ірландскага досведу для будучыні, на твой погляд?

— Па-першае, уменне прэзентаваць свае святы. На Дзень Святога Патрыка паўсвету ўпрыгожвае свае адзенне і пакоі  зялёным колерам — і за гэтым няма палітычнай падаплёкі, проста цікавасць да культуры. Нам таксама трэба вучыцца прасоўваць свае сімвалы і святы (напрыклад, Купалле) у свеце.

Па-другое, вельмі важная думка пра міжкультурнасць. Рыхтуючыся да паездкі, я чытала даследаванне пра Нацыянальны ірландскі тэатр. Яго аўтары разважаюць: у п’есе «Translations» англічане — гэта чужынцы, ад якіх трэба абараняцца. Але прайшло сто гадоў, і сёння ірландскае грамадства кажа: чужынцы — гэта не заўсёды ворагі. Калі гэта роўнапраўны абмен, а не навязаная сілай сістэма, чужая культура не знішчае тваю, а дапамагае ёй выйсці на новы ўзровень.

Для нас гэта важны і пакуль балючы пасыл. Сёння шмат беларускіх дзеячаў культуры за мяжой працуюць у замежных тэатрах, пераходзяць на іншыя мовы, і зноў узнікае пытанне: «А ці гэта яшчэ беларуская культура?». Ірландскі досвед паказвае: прыходзячы ў іншыя культуры, нашы творцы не губляюць сябе, а ўзбагачаюць сваёй нацыянальнай школай той свет, у якім апынуліся. Мне падаецца, што гэта важны погляд на тыя працэсы, якія зараз адбываюцца ў беларускай культуры.

Вулачка Дубліна. Фота: сацсеткі Настассі Панкратавай.

Даведка

Канферэнцыя «Ірландыя і Беларусь: нацыянальная і культурная ідэнтычнасць» прайшла 27 кастрычніка ў Дубліне на сцэне Abbey Theatre пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Ірландыі. На мерапрыемстве выступіла кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская, падкрэсліўшы, што абарона беларускай мовы і культуры — гэта складнік абароны незалежнасці краіны.

У абмеркаваннях узялі ўдзел кіраўнік дэпартамента па пытаннях культуры МЗС Ірландыі Юджын Даўнс, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, філолагіня Святлана Лясовіч, ірландскі мовазнаўца Джон Прэндэргаст, актрыса Валянціна Гарцуева, ды іншыя ірландскія і беларускія дзеячы культуры, палітычныя дзеячы.

Падчас канферэнцыі былі прадстаўлены і практычныя вынікі супольнай працы: выдавецтва «Гутэнберг» прэзентавала серыю ірландскіх дзіцячых кніг у перакладзе на беларускую мову. У кулуарах адбылася пазапланавая прэзентацыя кнігі Настассі Панкратавай пра гісторыю беларускага тэатра.

Кнігі ірладскіх аўтараў, выдадзеныя на беларускай мове выдавецтвам Gutenberg Publisher. Фота: сацсеткі Валянціны Андрэевай.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий