Reform.news

Беларускую рэжысёрку Жэню Давідзенку намінавалі на Прэмію горада Гданьска для маладых творцаў — можна прагаласаваць

Reform.news · 19 ноября 2026, 19:25

https://reform.news/belaruskuju-rjezhysjorku-zhjenju-davidzenku-naminavali-na-prjemiju-gorada-gdanska-dlja-maladyh-tvorca-mozhna-pragalasavac/

Беларуская тэатральная рэжысёрка, драматургіня і акторка Жэня Давідзенка трапіла ў лік намінантаў на Прэмію горада Гданьска для маладых творцаў у галіне культуры (Nagroda Miasta Gdańska dla Młodych Twórców w Dziedzinie Kultury). Журы адзначыла яе «за развіццё дыялогу людзей і мастацтваў дзеля лепшага свету» (za animowanie dialogu ludzi i sztuk na rzecz lepszego świata) і адабрала ў фінальную дзявятку з 30 прэтэндэнтаў.

Чатыры лаўрэаты прэміі атрымаюць статуэткі і грашовыя ўзнагароды па 10 тысяч злотых. Траіх пераможцаў вызначыць конкурсная камісія, а чацвёртага абяруць гледачы ў анлайн-галасаванні на партале Gazeta Wyborcza Trójmiasto — падтрымаць беларуску можна па гэтай спасылцы да 22 лістапада. Імёны лаўрэатаў абвесцяць 25 лістапада ў гданьскім клубе Żak.

Чым вядомая Жэня Давідзенка

Жэня Давідзенка скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў у Мінску і ўжо чатыры гады жыве і працуе ў Гданьску. У Польшчы яна заснавала фонд DZIVNE, які падтрымлівае незалежныя мастацкія ініцыятывы, будуе культурныя масты і займаецца інтэграцыяй мясцовай і мігранцкай супольнасцяў.

Рэжысёрка стварае міждысцыплінарныя сцэнічныя праекты, дакументальныя спектаклі і эксперыментальныя лабараторныя формы на стыку драматычнага тэатра, тэатра руху, жывой музыкі і мультымедыя. Нядаўна Reform.news распавядаў пра яе пастаноўку «У старым доме хтосьці яшчэ чакае» паводле кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», якую паказалі ў Гданьскім шэкспіраўскім тэатры і на міжнародным Фестывалі прапрэм’ер у Быдгашчы.

Сярод іншых яе прац у Польшчы — спектакль пра вопыт палітычнай эміграцыі «Да дому наўпрост 10 гадзін язды» ў Гданьскім тэатры Шэкспіра, рэквіем «Расстраляныя» да Ночы расстраляных паэтаў, а таксама пастаноўка ў эстэтыцы сацыяльнага хорару «LITHOPEDION II» у сопацкім Teatr BOTO.

У візітоўцы для Gazeta Wyborcza адзначаецца, што Жэня марыць не хвалявацца за будучыню і ўтрымліваць сябе толькі працай па прафесіі, больш за ўсё ганарыцца блізкімі і іх поспехамі, а галоўнай сваёй рысай называе адвагу, якую ніколі не дазволіла б у сябе забраць.

Прэмія горада Гданьска для маладых творцаў у галіне культуры заснавана ў 2000 годзе па ініцыятыве мэра Гданьска і рэдакцыі Gazeta Wyborcza Trójmiasto. Яна ўручаецца штогод артыстам, аніматарам культуры і мастацкім калектывам ва ўзросце да 35 гадоў за значныя дасягненні апошніх трох гадоў, інавацыйныя праекты і ўнёсак у культурнае жыццё горада.

Кандыдатаў могуць вылучаць культурныя інстытуцыі, творчыя саюзы, медыя, а таксама самі жыхары горада. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся вядомыя польскія музыкі, рэжысёры, візуальныя мастакі і пісьменнікі, у тым ліку пісьменніца Дарота Маслоўская і кампазітар Стэфан Весалоўскі. Акрамя грашовай прэміі, пераможцы атрымліваюць памятную статуэтку аўтарства гданьскага скульптара Роберта Кушміроўскага.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий