15 лютага на Еўрапейскім рынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю адбудзецца пітчынг праектаў беларускіх кінематаграфістаў. Ужо другі раз адмысловую сустрэчу беларускіх аўтараў з міжнароднай супольнасцю ладзіць Беларуская незалежная кінаакадэмія. Падзея адбудзецца ў галоўным будынку Еўрапейскага кінарынку – Martin Gropius Bau.
Пітчынг (ад слова pitch — прасоўваць, выстаўляць пра продаж) — вусная або візуальная прэзентацыя кінапраекта з мэтай знаходжання інвестараў.
На Еўрапейскім кінарынку (EFM) будуць прадстаўлены дзесяць праектаў ад беларускіх кінематаграфістаў: дзевяць ігравых праектаў і адзін дакументальны.
Гэта:
- «Жнівень» Нэлы Агрэніч (ігравы фільм, драма),
- «Краіна ўцех» Аляксандры С. і Міхала Мешчыка (ігравы фільм, заснаваная на рэальных падзеях, драма),
- «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі (ігравы фільм, драмедыя),
- «Lithuania Minor» Арцёма Лобача (дакументальны фільм),
- «Суд мёртвых» Андрэя Кашперскага і Міхаіла Зуя (ігравы фільм, хорар, камедыя),
- «Суперпазіцыя» Марыі Пташкі (ігравы фільм, драма, камедыя, абсурд),
- «Tamka 9» Улады Сяньковай (ігравы фільм, драма).
Аўтары яшчэ трох праектаў ігравых фільмаў, адзначае Кінаакадэмія, возьмуць удзел у пітчынгу ананімна для публічнай камунікацыі: гэта праекты «Праўда» (драма, трылер), «Раны і ўпрыгожанні» (фэнтэзі-барока, драма), «Сфагнум» (сюррэалістычная трагікамедыя).
Да публічнай прэзентацыі на Еўрапейскім кінарынку ўдзельнікаў пітчынгу рыхтуюць еўрапейскія эксперты з Фінляндыі і Італіі: рэпетытарка праектаў Documentary Campus, EsoDoc, WEMW і EAVE, экс-кіраўніца фестывалю DOK Leipzig Леэна Пасанэн, а таксама прадзюсар, рэжысёр, эксперт у галіне кіно, рэпетытар на Biennale Cinema College Venice, Amman Film Industry, Attagirl, Cannes Docs і іншых праграмах Стэфана Тэальдзі.
Нагадаем, што першы пітчынг беларускіх праектаў на Еўрапейскім кінарынку, арганізаваны Беларускай незалежнай кінаакадэміяй, адбыўся год таму: паслухаць беларускіх фільммейкераў у Gropius Bau сабралася больш за 70 чалавек. Прысутнічалі беларускія кінематаграфісты, еўрапейскія адмыслоўцы і прадстаўнікі кінаіндустрыі. У межах сустрэчы 2024 года Мара Тамковіч, у прыватнасці, паказала эпізод свайго першага поўнаметражнага фільма «Пад шэрым небам», прэм’ера якога адбылася ў чэрвені на нью-ёркскім фестывалі Tribeca.
У межах будучага EFM працягне таксама працу стэнд Беларускай незалежнай кінаакадэміі.
Берлінскі міжнародны кінафестываль пройдзе з 13 па 23 лютага. Еўрапейскі кінарынак у межах кінаагляду будзе працаваць з 13 па 19 лютага.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram