«У аўторак, 19 сакавіка 2024 года, Беларускі Свабодны тэатр, адна з самых смелых тэатральных труп свету, адсвяткавала Дзень Волі Беларусі 2024 года выступам у Еўрапейскім парламенце ў Бруселі ў прысутнасці прэзідэнта электа Святланы Ціханоўскай», — паведаміў рэжысёр Мікалай Халезін у сацсетках.
Спектакль стаў часткай праграмы мерапрыемстваў, арганізаваных дэпутатамі Еўрапарламента ад групы Еўрапейскай народнай партыі ў сувязі з надыходзячым Днём Волі Беларусі 25 сакавіка 2024 года.
Таксама адбылося адкрыццё выставы «Я не баюся, няхай яны баяцца», прысвечанай палітзняволеным Беларусі, у тым ліку лаўрэату Нобелеўскай прэміі 2022 года і Прэміі Сахарава 2020 года Алесю Бяляцкаму.
Мерапрыемства ў Еўрапейскім парламенце, прысвечанае Дню Волі Беларусі, арганізавалі чальцы Еўрапарламента і палітыкі Еўрапейскай народнай партыі Польшчы, Латвіі і Літвы, дэпутаты Еўрапарламента Анджэй Галіцкі, Раса Юкнявічэне, Уладзімеж Карпіньскі, Сандра Калніете, Андрус Кубілюс і Дацэ Мелбардзе ад групы ЕНП, пры ўдзеле арганізацыі «Наш Дом».
Сусветная прэм’ера спектакля «Паслядзяцінства. Паслябегства» адбылася зімой 2022 года ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. У яго аснове — рэальныя гісторыі беларускіх падлеткаў і іх бацькаў, даследаванне іх няпростых узаемаадносін у цяжкіх умовах вайны і выгнання. Ролі падлеткаў у ім выконваюць студэнты тэатральнай школы Free Artist у Варшаве.
Спектакль, пастаўлены пад кіраўніцствам Паўла Гарадніцкага, Святланы Сугака, Юліі Шаўчук і паказаны ў Еўрапейскім парламенце ў Бруселі (у партнёрстве з Варшаўскім Цэнтрам Беларускай Салідарнасці) — гэта зусім новая версія, створаная адмыслова для Еўрапейскага парламента, яна «дазволіць дэпутатам Еўрапарламента цалкам пагрузіцца ў досвед падлеткаў і дарослых, вымушаных пакінуць краіну, каб зразумець, што гэта значыць – быць уцекачом у сучаснай Еўропе», — напісаў Мікалай Халезін.
Ідэя прадставіць гэтую пастаноўку ў Бруселі з’явілася два гады таму. «Адмыслова для гэтага выпадку мы стварылі моцны, інтуітыўны тэатральны досвед – спектакль, які пагрузіць палітыкаў у рэальны жыццёвы досвед падлеткаў і іх бацькоў, — патлумачыла мастацкі кіраўнік тэатра Наталля Каляда. — Гэта сем’і, якія не раз страчвалі свой дом – спачатку, калі ўцякалі ад пераследу ў Беларусі і пачыналі новае жыццё ва Украіне, а затым, калі Пуцін развязаў вайну, якая змусіла іх у чарговы раз кінуць сваё жыццё і пераехаць у Польшчу».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram