Беларускі рэжысёр Аляксей Палуян папярэджвае пра фэйкавыя запрашэнні ад імя яго каманды кінапраекта «Спадчына»

Толькі на гэтым тыдні стала вядома пра фінансаванне маштабнага кінапраекта «Спадчына» беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна. Фільм, які падтрымала міністэрства культуры Германіі, будзе распавядаць пра пратэсты 2020 года ў Беларусі. Падобнае на тое, запускам стужкі зацікавіліся правакатары — Аляксей Палуян папярэджвае аб фэйкавых запытах ад імя каманды яго кінапраекта.

Беларусам сталі паступаць паведамленні з запрашэннем прыйсці на кастынг будучага фільма.

«У гэтых паведамленнях ёсць пытанне: «Ці прымалі вы ўдзел у мірных пратэстах 2020 года ў Беларусі?», — распавядае рэжысёр. — Гэтыя паведамленні не маюць ніякага дачынення да маёй каманды, бо кастынг да праекта адбываецца толькі польскім кастынг-дырэктарам і толькі праз праз інтэрнэт-партал для прафесійных акцёраў», — звяртае ўвагу творца.

Нагадаем, што толькі на днях стала вядома пра падтрымку праекта беларускага рэжысёра Федэральным урадам па пытаннях культуры і СМІ Германіі — інстытуцыя вылучыла на вытворчасць карціны «Спадчына» 500 тысяч еўра. Агулам бюджэт ігравога фільма, які ствараеца ў кааперацыі польскіх і нямецкіх партнёраў, больш за 1 мільён еўра.

У фільме падзеі адбываюцца ў пратэсным жніўні 2020 года ў Беларусі. Сям’я ў віхуры падзей павінна вырашыць, ці застаецца яна вернай рэжыму, ці далучаецца да супраціву. У цэнтры апавядання — фатограф Павел, чые бацькі служылі сістэме, і які сам вагаецца паміж канфармізмам і бунтам.

Аўтар стужак «Возера радасці», «Смеласць» Аляксей Палуян працаваў над пошукам фінансавання і развіццём «Спадчыны» больш за пяць гадоў.

Цяпер жа пасля атрымання фінансавай незалежнасці было аб’яўлена аб здымках карціны — яны адбудуцца ўлетку 2026 года ў Польшчы. Гэта навіна, відаць, не прайшла міма правакатараў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!