Аляксей Палуян падчас цырымоніі Гесэнаўскай кінапрэміі. @Copyright: Sonja Schwarz & Jason Sellers
Уладальнік Гесэнаўскай кінапрэміі, праект «Спадчына» беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна займеў фінансавую грантавую падтрымку Упаўнаважанага Федэральнага ўрада па пытаннях культуры і СМІ. Ён трапіў у дзявятку праектаў, якія атрымаюць фінансаванне з дзясяткаў заявак ад кінематаграфістаў з Германіі і ўсяго свету. «Цяпер мы цалкам фінансава незалежныя», — кажа беларускі кінематаграфіст.
Падтрымка Федэральнага міністэрства культуры Нямеччыны азначае, што ў бліжэйшай будучыні паўстане, напэўна, самы буйнабюджэтны праект пра падзеі 2020 года ў Беларусі. Бо «Спадчына» прысвечаны падзеям рэвалюцыйнага лета ў краіне.
У фільм ідзе гаворка пра канфлікт пакаленняў, калі сям’я ў віхуры беларускіх пратэстаў павінна вырашыць, ці застаецца яна вернай рэжыму, ці далучаецца да супраціву. У цэнтры апавядання — фатограф Павел, чые бацькі служылі сістэме, і які сам вагаецца паміж канфармізмам і бунтам.
Аўтар стужак «Возера радасці», «Смеласць» Аляксей Палуян працаваў над «Спадчынай» больш за пяць гадоў. Гэта і праца над сцэнаром, і пошук прадзюсараў і фінансавання, без якіх немагчыма рэалізацыя кіно ў варунках еўрапейскай кінаіндустрыі.
Яшчэ на пачатку стварэння кінапраекта бюджэт будучай палітычнай драмы ацэньваўся ў больш за мільён еўра. Фінансаванне збіралася крок за крокам, перамогай у конкурсах на развіццё праекта цягам гадоў, і гэту суму паступова ўдалося сабраць. Падкрэслім, што калі для беларускага кіно — гэта безумоўны прэцэндэнт, то для міжнароднай прадукцыі падобны сродкі — гэта сярэдні бюджэт для здымак фільма ў Еўропе. Грант ад Упаўнаважанага Федэральнага ўрада па пытаннях культуры і СМІ ў 500 тысяч еўра ў дадатак да іншых кінафондаў, якія праект атрымаў раней, дае неабходную фінансавую ўстойлівасць «Спадчыне» — цяпер праекту дакладна быць, і ён уваходзіць у фазу перадвытворчасці.
«Калі б я ведаў, што шлях да ажыццяўляння маёй стужкі будзе такім доўгім, я бы падумаў, ці прайшоў бы яго яшчэ раз, — каментуе свой поспех Аляксей Палуян. — Аднак, мяркую, што ўсё ж такі прайшоў бы».
«За гэты час праект, вядома, змяняўся, — дадае рэжысёр, — але цягам працы над ім я дакладна зразумеў, што мяне цікавіць мае пакаленне — людзі 20-40 гадоў. Галоўны герой у стужцы — малады чалавек, які вымушаны разбірацца са «спадчынай» аўтарытарнага рэжыму свайго бацькі. І гэты канфлікт мне падаецца істотным ў нашай беларускай сітуацыі».
На сёння вядома, што Аляксей Палуян будзе здымаць Мінск 2020-х у Польшчы — у Варшаве. Таксама адна з лакацый — беларуская вёска; для стварэнне яе атмасферы каманда карціны паедзе на Падляшша.
У фільме плануецца ўдзел беларускіх актораў, але таксама будуць задзейнічаны польскія, украінскія артысты. «Спадчына» — міжнародны праект, таму Аляксей Палуян кажа пра інтэрнацыянальны склад здымачнай каманды і акцёрскага ансамбля.
На дадзены момант вядома толькі імя аператара — гэта Войцэк Старэнь, а таксама мантажоркі — немкі Ганны Фабіні. Над сцэнарыем разам з Аляксеем Палуянам працавалі нямецкая сцэнарыстка Эстэр Бернстарф і нямецка-іранскі сцэнарыст ды рэжысёр Бехруз Карамізадэ.
Мова карціны — руская і беларуская.
Здымкі «Спадчыны» пачнуцца ўвосень 2026 года.
Нагадаем, што прадзюсарамі будучага фільма заяўлены дзве вядомыя еўрапейскія кінакампаніі: нямецкая Tamtam Film, якая, у прыватнасці, была супрадзюсерам карціны іспанскага рэжысёра Альберта Сера Pacification (фільм трапіў у конкурс Канаў), а таксама польская кінакампанія Lava Film, вядомая, у тым ліку, праз фільм «Дзяўчына з іголкай» Магнуса фон Хорна — летась гэта кіно трапіла ў шорт-ліст «Оскара-2025».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram