Беларускі рэжысёр Аляксей Палуян, аўтар «Куражу», працуе над двума мастацкімі праектамі пра Беларусь

Культура
Фота: Jerzy Wypych

Аўтар фільмаў «Кураж» («Смеласць»), «Возера радасці», «Край жанчын», беларускі рэжысёр Аляксей Палуян зараз працуе над двума мастацкімі праектамі. Пра гэта ён распавёў у межах прамога эфіру-размовы для анлайн-кінатэатра беларускага кіно Vodblisk.

Па словах Аляксея Палуяна, над адным з праектаў ён працуе больш за тры гады. Цяпер праект знаходзіцца на стадыі завяршэння сцэнарыя. Прычым праца над ім пачалася да беларускіх пратэстаў 2020 года, але разам з усімі зменамі ў свеце — мяняўся і фільм.

Поўнаметражная ігравая карціна мела рабоую назву «У чаканні Бернау» – гэта гісторыя пра тое, як дыктатарскія рэжымы змяняюць асобу чалавека. Сёння кінематаграфіст вырашыў змяніць назву будучай стужкі — праект называецца «Спадчына». Калі свет зможа ўбачыць новую працу рэжысёра — пакуль невядома.

Іншы праект зусім новы. Пакуль Аляксей Палуян усе дэталі не раскрывае. Аднак адзначае, што ў аснове новай мастацкай стужкі будзе ляжаць вельмі цікавая гісторыя, для распрацоўкі якой патрэбны час. На сёння вядома, што гэта будзе гісторыя пра беларускую жанчыну, заснаваная на рэальных падзеях. Аднак не з жыцця самога рэжысёра, як гэта было з фільмам «Возера радасці», які акрамя аднайменнага рамана Віктара Марціновіча заснаваны на персанальнай гісторыі сям’і Аляксея.

«Вельмі зараз натхнёны гэтым праектам! — падзяліўся Аляксей Палуян у размове з дырэктаркай анлайн-кінатэатра Vodblisk Воляй Чайкоўскай. — Нават даводзіцца выбіраць, якому праекту больш часу ўдзяляць. Таму хачу ўжо скончыць сцэнар першага, каб прыступіць да сур’ёзнай, руплівай працы над другім».

Аляксей Палуян цяпер жыве ў Германіі. Апроч рэжысёрскай працы ён з’яўляецца адным з заснавальнікаў Беларускай незалежнай кінаакадэміі і сябрам Еўрапейскай кінаакадэміі. Яго фільм «Возера радасці» даступны сёння на Vodblisk.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: