Кіраўнік пластычнага тэатра Вячаслаў Іназемцаў напісаў у фэйсбуку, што пластычны тэатр «ІнЖэст» цяпер не толькі не можа выступаць у Беларусі, але больш не мае месца для рэпетыцый. «Благодаря бдительному МЧС», — удакладніў кіраўнік тэатра.
Выступаць у Беларусі тэатр не можа з восені 2021 года, а вясной таго ж года калектыў адзначыў 40 гадоў творчай дзейнасці спектаклем «Х-Традыцыя» ў ДК Чыгуначнікаў. У тым жа годзе перастаў праводзіцца Фестываль пластычных і танцавальных тэатраў «Пластформа».
Пластычны тэатр «ІнЖэст» быў створаны студэнтамі мінскага Інстытута культуры. Першая пастаноўка тэатра — пантаміма «Шляхі і сцены» — была паказана 18 мая 1981 года. Паступова «ІнЖэст» ператварыўся ў адметную з’яву тэатральнага жыцця Беларусі. Спектаклі тэатра вылучалі яркія касцюмы, незвычайныя дэкарацыі, цікавая музыка і неверагодная пластыка актораў. Часта ўсё гэта адбывалася ў нечаканых інтэр’ерах, накшталт закінутага заводскага памяшкання.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram