Рашэннем КДБ ад 27 лютага 2026 года Беларускі ПЭН прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». Cёння сведчанні дададзены ў пералік, які вядзе МУС.
У рашэнні ўзгадваюцца імёны Таццяны Нядбай і Алены Талкачовай (маецца на ўвазе юрыстка і праваабаронца Алена Танкачова, якая насамрэч ужо даўно не працуе ў Беларускім ПЭНе. — Reform.news). У пералік унесены сацыяльныя сеткі арганізацыі ў Facebook, X, Instagram, Telegram, YouTube і сайт арганізацыі.
Беларускі ПЭН заснаваны ў 1989 годзе і з’яўляецца адной з найстарэйшых беларускіх праваабарончых арганізацый, якая адстойвае свабоду выказвання, змагаецца супраць праяў нянавісці і прыцягвае сусветную ўвагу да парушэння правоў чалавека ў Беларусі – у тым ліку культурных правоў.
Сярод заснавальнікаў аб’яднання: Васіль Быкаў, Святлана Алексіевіч, Рыгор Барадулін, Карлас Шэрман, Адам Мальдзіс, Васіль Сёмуха і іншыя знаныя постаці беларускай літаратуры. У падмурак дзейнасці ПЭНа гэтымі заснавальнікамі былі ўкладзены каштоўнасныя арыенціры — свабода слова, абарона права.
Беларускі ПЭН аб’ядноўвае Людзей Слова, займаецца адвакацыяй правоў Людзей Слова ў зняволенні, вядзе спіс літаратуры, прызнанай экстрэмісцкімі матэрыяламі. Людзі Слова – беларускія літаратары, перакладчыкі і даследчыкі літаратуры, публіцысты, інтэлектуалы і тыя, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў.
Абое беларускія нобелеўскія лаўрэаты – Святлана Алексіевіч і праваабаронца Алесь Бяляцкі – з’яўляюцца сябрамі Беларускага ПЭНа.


