Беларускі пісьменнік Павел Анціпаў анансаваў адкрыццё новага выдавецтва. Яно мае назву «Мяне няма»

«Гэта выдавецтва, якое пачынаецца без якіх-небудзь стартавых укладанняў, у нас няма ні спонсараў, ні грантадаўцаў, а адпаведна, мы не павінны прыслухоўвацца да нечых пажаданняў, пакуль што мы робім, што хочам, проста таму, што гэтага хочам, мы выдаткоўваем на гэта свой асабісты час. Хто гэта — мы, раскажу ў афіцыйным пасце», — сёння на сваёй старонцы ў сацсетках пісьменнік, літаратурны крытык і рэдактар медыя «Літрадыё» Павел Анціпаў анасаваў адкрыццё новага выдавецтва. Пакуль гэта не афіцыйная аб’ява, ды ўсё ж важная навіна.

Для старту новая ініцыятыва выбрала перавыданне культавай кнігі беларускага філосафа Валянціна Акудовіча «Мяне няма: роздумы на руінах чалавека». Кніга і дала назву новаму выдавецтву.

«Мы будзем друкаваць тое, чаго, кажуць, няма — новую беларускую літаратуру. Вядомых ужо пісьменнікаў ды пісьменніц, ці невядомых — не важна. Проста паспрабуем дастаць з «няма» ўсё, на што хопіць сіл. Плануем таксама перавыдаваць кніжкі 2000-2020 гадоў, якія падаюцца нам важнымі і якіх таксама ўжо няма», — акрэсліў праграму сваёй ініцыятывы Павел Анціпаў.

Беларускі пісьменнік Павел Анціпаў анансаваў адкрыццё новага выдавецтва. Яно мае назву "Мяне няма"Беларускі пісьменнік Павел Анціпаў анансаваў адкрыццё новага выдавецтва. Яно мае назву "Мяне няма"
Фота: facebook.com/paulantipov9.

На сёння «дэбютны Акудовіч» ужо дасяжны для заказу. Нагадаем, што зборнік упершыню быў надрукаваны ў 1998 годзе, зараз выдавецтва перавыдае «Мяне няма: роздумы на руінах чалавека», дэманструючы актуальнасць думак беларускага філосафа.

«Замовім для вас асобнік у першым тыражы, заадно і падтрымаеце нас. Я нават падпішу для вас гэтыя першыя экземпляры ў Акудовіча, калі ўсё будзе добра», — абяцае спадар Павел.

Кніга па пошце даходзіць у Беларусь і іншыя краіны Еўропы.

Падрабязней пра новае выдавецтва тут.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!