Аўтар кнігі «Як завесці дыназаўра», «Стукі-грукі — што за гукі», «Хто жыве ў гаражы» ды іншых, паэт Андрэй Скурко разам з ілюстратаркай Воляй Кузьміч ладзяць сустрэчу і майстар-клас у Музеі гісторыі польскіх габрэяў POLIN.
Музей у Варшаве ўсё больш становіцца пляцоўкай, дзе стала праводзяцца мерапрыемствы для беларускага наведвальніка.
Так, 16 лістапада паэт Андрэй Скурко, чые дзіцячыя кніжкі палюбіліся чытачам, распавядзе на прыкладзе сваіх вершаў пра розныя цікавосткі. Напрыклад, пра тое: у якіх рэчах можна знайсці шчасце? Як пераадолець узроставы крызіс з падтрымкай дарослых? Ці клопат і любоў сям’і дапамагае перамагчы хваробу?
Другой часткай сустрэчы стане творчы майстар-клас з ілюстратаркай Воляй Кузьміч — на ім можна будзе стварыць уласную кнігу пра самага любімага і самага прыгожага дыназаўра.

Мерапрыемства адбудзецца на пляцоўцы сямейнай адукацыі «У караля Мацюся», дзе можна бавіць час усёй сям’ёй. Тут можна маляваць, займацца музыкай, вывучаць родную мову, а таксама пазнаваць свет яўрэйскай культуры, традыцыі і гісторыі.
Нагадаем, што на пляцоўцы сямейнай адукацыі працуе бібліятэка, дзе акрамя кнігі на польскай, украінскай, англійскай мовах, можна знайсці выданні і на беларускай мове.
У прапановах Музея POLIN таксама — і беларускамоўныя экскурсіі па галоўнай экспазіцыі, беларускамоўны аўдыёгід. Прагуляцца па залах аднога з найлепшых музейных комплексаў Еўропы цяпер можна ў кампаніі перакладчыка і мовазнаўцы Сяргея Шупы — яго голас гучыць у аўдыёгідзе.
Партнёрам жа сустрэчы з Андрэем Скурко і Воляй Кузьміч з’яўляецца выдавецтва Gutenberg Publisher. Падрабязней пра сустрэчу тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram