Huki Bi-Sajda — такую назву мае новы сінгл беларускі акардэаніста і музыкі-эксперыментара Ягора Забелава. Учора кампазіцыя з’явілася ў сеціве — і яна перакульвае ўспрыняцце пра тое, якім чынам можа гучаць акардэoн.
Трэк быў складзены і запісаны ў Гданьску, у Польшчы.
«Я стварыў гэты гук, проста выкарыстоўваючы свой акардэон, — апісвае свой новы твор Ягор Забелаў. — Ідэя складалася ў тым, каб змяніць першапачатковае гучанне інструмента з дапамогай некаторых спецыфічных тэхнік, і я быў сапраўды натхнёны паглыбленнем у электронную музыку і сінтэз. Што мне падабаецца, дык гэта сакавітае гучанне акардэона, але з прысмакам сінтэзатара і электронікі».
Музыка таксама дадае, што натхненнем для яго кампазіцыі стаў трэк польскага гурта Brygada Kryzys — Centrala.
«Першапачаткова музыка [была] зроблена як мая рэфлексія на гэты трэк, які [з’яўляўся] антысыстэмным гімнам польскай моладзі 1980-х», — піша ён на сваёй старонцы ў Facebook.
Канцэртная прэм’ера кампазіцыі Huki Bi-Sajda адбылася на фестывалі Solidarity of Arts у Гданьску. Але Ягор Забелаў дапрацаваў трэк для запісу, «каб задаволіць слых».
Новы рэліз зараз даступны на Bandcamp, дзе можна і падтрымаць музыканта.
Ягор Забелаў, які грае на акардэоне і баяне, вядомы сваімі моцнымі экспрэсіўнымі выступленнямі і «музыкай стыхій». Традыцыйна «народныя» інструменты ў кампазітара і выканаўцы набываюць канцэптуальнае гучанне, выходзячы за межы звыклага сцэнічнага амплуа; гэта музыка стану і экспрэсіі, прастораў, гукавых эксперыментаў, музыка «на краі». Не выпадкова беларускага творцу запрашаюць на міжнародныя культурныя івэнты і фестывалі сучаснай музыкі па ўсёй Еўропе. Ён лічыцца адным з самых асаблівых акардэаністаў Усходняй Еўропы.
Сёння музыка жыве ў Гданьску, дзе працуе ў межах культурнай праграмы горада.
Слухаць трэк можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram