Прыморскі раённы суд Адэсы адмовіў знакамітаму беларускаму дырыжору Вячаславу Чарнуху-Волічу ў задавальненні яго позвы да Адэскага нацыянальнага тэатра оперы і балета з патрабаваннем зняпраўдзіць ілжывую інфармацыю, якая прыніжае яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, паведамляе «Радыё Свабода».
Як адзначаецца ў судовым рашэнні, суд прызнаў, што змест інфармацыі, пашыранай тэатрам аб звальненні беларускага дырыжора, «не ёсць непраўдзівай інфармацыяй, якая падлягае судовай абароне шляхам яе зняпраўджання».
Вячаслаў Чарнуха-Воліч можа да 2 жніўня абскардзіць рашэнне суда першай інстанцыі.
Нагадаем, што Вячаслаў Чарнуха-Воліч у 2020 годзе з’ехаў з Беларусі з небяспекі палітычнага пераследу.
З першага дня вайны Вячаслаў Чарнуха-Воліч, які з 2019 года з’яўляўся галоўным дырыжорам Адэскага нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, заставаўся ва Украіне. Ён неаднаразова выступаў з канцэртамі па ўсім свеце, каб прыцягнуць увагу да ўкраінскага супраціву.
Аднак у красавіку 2023 года яго звольнілі з Адэскага нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балету за фота з новапрызначаным дырэктарам бакінскай опэры Юсіфам Эйвазавым — мужам расійскай опернай спявачкі Ганны Нятрэбкі, даверанай асобай Уладзіміра Пуціна. І за не ўзгодненае з кіраўніцтвам тэатра рашэнне дырыжыраваць спектакль у Бакінскім оперным тэатры, дзе напярэдадні адбыліся кадравыя змены і на пасаду дырэктара быў прызначаны Юсіф Эйвазаў.
Сам Вячаслаў Чарнуха-Воліч заявіў, што не мог адмовіцца ад папярэдняй дамоўленасці з былым кіраўніцтвам тэатра і не меў такой інфармацыі, што новы кіраўнік Бакінскай оперы Юсіф Эйвазаў падтрымлівае вайну ва Украіне.
«Калі гаворка ідзе пра жонку Юсіфа Эйвазава, то ў нас сын за бацьку і муж за жонку не адказвае. Ёсць прэзумпцыя. Я не бачыў публічных заяў новага кіраўніка Бакінскай оперы аб яго падтрымцы вайны ва Украіне. Затое ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання ён напісаў у сацсетках, што асуджае любую вайну і мае ва Украіне многіх», — тлумачыў Вячаслаў Чарнуха-Воліч.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram