«Беларускі, бісексуальны, задзірлівы поп»: CHORNABROVA запускае краўдфандынгавую кампанію на новы альбом COMA

Культура

«Гэта больш, чым альбом; гэта габелен гісторый пра свет, у якім мы рухаемся», — прэзентуе сваю новую музычную працу Паліна Дабравольская — лідарка міждысцыплінарнага музычнага квір-гурта CHORNABROVA. Калектыў, які аб’ядноўвае ў сваіх трэках электронную атмасферу з адценнем фольку, запусціў краўдфандынгавую кампанію на новы альбом COMA — у якім расповед вядзецца ад імя штучнага інтэлекту.

«Драматургія альбома складаецца з гісторый ад імя штучнага інтэлекту Coma, якая існуе за гранню традыцыйнай цялеснасці і досведу, — дзеляцца ідэяй новага выказвання музыкі гурта. — Кома апускаецца ў тэмы чалавека і чалавечнасці, палітыкі, капіталізму, міграцыі, Зямлі, экалогіі і сутнасці быцця. Таму кожны трэк — гэта гісторыя пра стаўленне Комы да нашага свету. Ствараючы гэты праект, мы хочам пераадолець межы, зірнуць на свет па-новаму вачыма Комы і пабудаваць дыялог з людзьмі на больш глыбокім узроўні», — распавядаюць артысты.

Нагадаем, што для гурта CHORNABROVA на чале з актрысай, рэжысёркай і музыкай Палінай Дабравольскай — гэта ўжо трэцяя праца з 2020 года. У 2021 годзе прагучала дэбютнае «Слова», у 2022-м Паліна прэзентавала альбом «Sarmatyja» паводле свайго аднайменнага музычнага монаспектакля (заснаванага на паэме Марыі Мартысевіч), зараз Паліна разам за сваімі аднадумцамі — музыкамі Кацпер Словік-Дабравольскай і Вольга Піпчанка — спрабуе новы фармат і жанр артыстычнага выказвання.

Яна расказвае пра COMA так:

«Па-першае, гэта наш першы паўнавартасны рэліз на англійскай мове. Для мяне як беларускай выканаўцы гэта вельмі важна, бо я хачу дзяліцца сваёй музыкай з яшчэ большай колькасцю людзей.

Па-другое, яго жанр. Першапачаткова мы пазіцыянавалі альбом як альтэрнатыўны хіп-хоп. Але маю музыку складана аднесці да аднаго жанру і зачыніць у выразныя рамкі, таму я вырашыла развіваць новы кірунак — B-pop (бі-поп). Беларускі, бісексуальны, задзірлівы (на англійскай blustery) поп. Гэта пра разнастайнасць, ідэнтычнасць і даніну павагі K-popy. Беларусам даўно час стварыць нешта аналагічнае.

Па-трэцяе, гэта не толькі музыка, а аўдыяперфоманс. Драматургія трэкаў складаецца ад першага да апошняга, калі слухаць па парадку, можна назіраць, як змяняецца Coma і свет вакол яе».

Паліна тлумачыць, чаму каманда вырашыла запусціць краўдфандынгавую кампанію на альбом, які гэтаксама пазіцыянуецца з прыстаўкай «квір»:

«Творчасць мы ствараем цалкам саматугам, таму каб стварыць фізічную версію альбома, мы шукаем фінансаванне ў памеры 2000 еўра. Гэтыя грошы пакрыюць выдаткі на вытворчасць, мастэрынг, аплату працы каманды і стварэнне візуальных эфектаў для кліпаў».

«Кожная асоба, якая зрабіла папярэдні заказ ад 10 еўра — наўзамен атрымлівае ўнікальныя падарункі раней афіцыйнага рэлізу, — звяртаюць увагу артысты. — Мы натхняліся K-pop зоркамі і стараліся падрыхтаваць унікальныя бонусы, якім пакуль няма аналагаў у беларускіх выканаўцаў».

Збор сродкаў запушчаны на платформе Indiegogo. Тэрміны кампаніі — да 13 сакавіка.

У падтрымку альбома гурт запланаваў дабрачынны канцэрт 25 лютага, які пройдзе ў Бары «Карма» ў Варшаве. На ім можна будзе пазнаёміцца з Палінай і яе творчасцю, а таксама заданаціць любую суму на плытку.

Дапамагчы музыкантам рэалізаваць рэліз можна тут.

Падрабязней пра альбом і краўдфандынг тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: